Пераважная большасьць беларускіх уцекачоў Другой сусьветнай вайны прыбыла ў ЗША цягам 1948–1952 гг. Ужо ў 1952 г. у часе прэзыдэнцкай перадвыбарчай кампаніі газэта «Беларус» зьмяшчала тлумачэньні наконт таго, хто мае права галасаваць, піша Натальля Гардзіенка для bielarus.info.
У 1956 г. на яе старонках быў зьмешчаны пераклад інструкцыі для выбаршчыкаў. Менавіта ў гэты час нашыя суродзічы актыўна атрымоўвалі амэрыканскае грамадзянства й пачыналі зьвяртаць на сябе ўвагу амэрыканскіх палітычных дзеячаў.
Найбольш маштабная палітычная дзейнасьць паваенных беларусаў у ЗША была зьвязаная з Рэспубліканскай партыяй. Ужо на пачатку 1960-х гг. у штаце Мічыган дзейнічаў першы беларускі рэспубліканскі клюб, стваральнікам якога стаў Васіль Пляскач. А ў 1964 г. з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў беларусы ў Нью-Ёрку стварылі перадвыбарчы камітэт, які вёў кампанію пад лёзунгам «Беларусы за Голдўотэра». Кіраваў камітэтам Кастусь Мерляк. Бары Голдўотэр як кандыдат ад Рэспубліканскай партыі быў сымпатычны беларусам. У сваім звароце да амэрыканцаў беларускага паходжаньня ён абяцаў: «Стаўшыся Прэзыдэнтам, я дагледжу, каб пытаньне незалежнасьці Беларусі й самавызначэньня было пастаўленае ў Задзіночаных Нацыях. Я дамагаўся-б, каб была зарганізаваная Беларуская сэкцыя ў Голасе Амэрыкі, як крок да больш праўдзівай рэпрэзэнтацыі Беларусі ў Задзіночаных Нацыях. Я зраблю ўсякія мірныя захады — эканамічныя, дыпляматычныя, маральныя — дзеля прысьпяшэньня свабоды беларускага народу» (Цыт. паводле: Беларус. № 138. Кастрычнік 1968).
Бары Голдўотэр кампанію прайграў дэмакрату Ліндану Джонсану. Тым ня менш, і ў наступных перадвыбарчых кампаніях беларусы больш актыўна былі заангажаваныя ў рэспубліканскім руху. Рэспубліканцы да таго ж вельмі настойліва прыцягвалі ў свае шэрагі прадстаўнікоў паняволеных народаў.
У часе выбараў 1968 г. беларускія прыхільнікі Рэспубліканскай партыі стварылі ў Нью-Ёрку камітэт «Беларусы за Ніксана-Агню» ў падтрымку Рычарда Ніксана й Сьпіра Агню на пасады прэзыдэнта й віцэ-прэзыдэнта адпаведна. На чале камітэту стаяў Пётра Манькоўскі, а сама структура каардынавала дзейнасьць беларусаў з розных асяродкаў у падтрымку рэспубліканскіх кандыдатаў. На старонках газэты «Беларус» друкаваліся матэрыялы пра Рычарда Ніксана й шчыра сьвяткавалася ягоная перамога. Зь яе нагоды агучваліся ўласныя беларускія спадзяваньні:
«І мы, Амэрыканцы беларускага паходжаньня, чакаем паляпшэньня нашай грамадзка-палітычнай сытуацыі пры новай адміністрацыі. ...мы спадзяемся, што яна стойка будзе трымацца свабодалюбных традыцыяў Амэрыкі, прыверне згоду й супакой унутры краіны ды дасьць цьвёрды адказ тым, хто займаецца міжнародным разбоем. У такім кантэксьце мы маем надзею, што й нацыянальныя асьпірацыі беларускай мяншыні ў ЗША знойдуць ня толькі вонкавае прызнаньне, але й належнае зразуменьне й практычнае падтрыманьне».
Асабліва актыўныя ў часе прэзыдэнцкай кампаніі 1968 г. былі беларусы ў Нью-Ёрку й Кліўлэндзе. Іх прадстаўнікі адпаведна Станіслаў Станкевіч і Янка Раковіч былі ўпершыню запрошаныя на інаўгурацыю прэзыдэнта й віцэ-прэзыдэнта. Больш за тое, да часу інаўгурацыі ўжо былі заснаваныя ўласныя беларускія рэспубліканскія клюбы ў штатах Нью-Ёрк і Агаё.
Такім чынам, удалая кампанія 1968 г. выдатна паспрыяла беларусам у наладжваньні трывалых кантактаў з Рэспубліканскай партыяй. Сама ж партыя стала надалей разьвіваць супрацоўніцтва з нацыянальнымі групамі. Ужо пры канцы кастрычніка 1969 г. у Вашынгтоне адбылася арганізаваная рэспубліканцамі Першая канфэрэнцыя нацыянальнасьцяў ЗША, якая сабрала прадстаўнікоў 31 нацыянальнасьці з 20 штатаў. Ад беларусаў прысутнічаў Станіслаў Станкевіч, які як галоўны рэдактар газэты «Беларус» стаў няспынным правадніком ідэяў рэспубліканцаў у беларускай грамадзе. Ён жа заняў афіцыйную пасаду Беларускага дарадцы ў Аддзеле нацыянальнасьцяў Рэспубліканскай партыі.
Рэспубліканцы здолелі прыцягнуць да сябе прадстаўнікоў розных нацыянальных групаў у тым ліку й дзякуючы зьмене парадыгмы бачаньня імігрантаў у амэрыканскім грамадзтве. Дагэтуль панавала ўяўленьне пра амэрыканскае грамадзтва як «плавільны кацёл» (melting pot), у якім новапрыбылыя асымілююцца, каб стаць часткай адзінай нацыі амэрыканцаў. Ніксан і ягонае атачэньне сталі прасоўваць іншае бачаньне, якое можна назваць тэорыяй «дзьвюх бацькаўшчынаў», што падкрэсьліла важнасьць захаваньня й разьвіцьця імігрантамі сваёй культуры, нацыянальнай спадчыны, ідэнтычнасьці дзеля пашырэньня разнастайнасьці амэрыканскага грамадзтва. У гэтым была ўбачаная сіла Амэрыкі. І такая тэорыя, безумоўна, была прывабная для прадстаўнікоў нацыянальных групаў.
Папулярнасьць палітыкі рэспубліканцаў у тым ліку й сярод беларусаў адлюстравалася ў хуткім пашырэньні ўдзелу суродзічаў у структурах і мерапрыемствах гэтай партыі. Так, на Другую канфэрэнцыю нацыянальнасьцяў у Вашынгтоне былі запрошаныя ўжо 12 беларусаў зь сямі штатаў, праўда, змаглі паўдзельнічаць толькі двое. У 1971 г. у гэткай канфэрэнцыі бралі ўдзел трое прадстаўнікоў беларускіх клюбаў і дзьве прадстаўніцы моладзевай беларускай арганізацыі з Кліўлэнду.
У 1971 г. афіцыйна дзейнічалі Беларуска-Амэрыканскія рэспубліканскія клюбы ў штатах Нью-Ёрк (найстарэйшы, ад 1969 г.), Агаё (ад 1969 г.), Мічыган (ад 1970 г.), Нью-Джэрзі (ад 1971 г.), знаходзіліся ў стадыі афармленьня клюбы ў штатах Ілінойс і Каліфорнія.
Усё гэта спрычыніліся да надзвычай актыўнага ўдзелу беларусаў у прэзыдэнцкай кампаніі 1972 г. У жніўні таго году беларуская дэлегацыя ўдзельнічала ў Канвэнцыі Рэспубліканскай партыі, якая зацьвердзіла Рычарда Ніксана кандыдатам у прэзыдэнты. У верасьні быў зноў заснаваны адмысловы выбарчы рух «Беларусы за Ніксана-Агню» на чале зь Вітаўтам Кіпелем. Філіі руху былі зарганізаваныя ў штатах Каліфорнія, Канэктыкут, Дэлаўэр, Флёрыда, Ілінойс, Нью-Джэрзі, Нью-Ёрк, Агаё, Пэнсыльванія, Вісконсін. У межах руху вэрбаваліся добраахвотнікі для працы ў выбарчай кампаніі, арганізоўваліся мітынгі ў падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты ў дзясятках гарадоў у розных штатах (агулам быў праведзены 91 мітынг), ладзіліся сустрэчы з кандыдатам у прэзыдэнты, друкаваліся матэрыялы перадвыбарнай агітацыі. Менавіта ў часе гэтай кампаніі былі ўпершыню выдадзеныя адмысловыя значкі «Byelorussians for President Nixon». Далей гэтая практыка стала звычайнай на дзесяцігодзьдзі. Па выніках працы ў часе падрыхтоўкі да выбараў 1972 г. была створаная таксама агульная Фэдэрацыя беларускіх рэспубліканскіх клюбаў, якую ўзначаліў Вітаўт Кіпель (ад 1982 г. — Васіль Мельяновіч).
Кампанія 1972 г. была сапраўды ўдалай і ўмацавала пазыцыі беларусаў у рэспубліканскім руху й калідорах амэрыканскай улады. Нашыя суродзічы цяпер былі сталымі ўдзельнікамі інаўгурацыяў і розных прынагодных прыняцьцяў у Белым Доме, а таксама ў губэрнатараў розных штатаў. Ад імя прэзыдэнта дасылаліся звароты да беларускай грамады з нагоды розных значных падзеяў. А ў 1974 г. амэрыканскія беларусы змаглі паўплываць на фармаваньне маршруту паездкі прэзыдэнта Ніксана ў СССР, а дакладней, на ягонае наведваньне Менску.
Гэта было першае ў гісторыі афіцыйнае наведваньне амэрыканскім прэзыдэнтам Беларусі. І пераканалі ў неабходнасьці гэтага менавіта актыўныя беларускія рэспубліканцы. Яшчэ на прыняцьці ў Белым Доме 19 лютага 1974 г. беларускія прадстаўнікі Станіслаў Станкевіч і Вітаўт Кіпель пераконвалі прэзыдэнта й ягоных дарадцаў у неабходнасьці адведваньня Менску. Пазьней на розных пасяджэньнях рэспубліканскіх структураў беларусы агучвалі гэтую прапанову, беларускія рэспубліканскія клюбы дасылалі ў адміністрацыю прэзыдэнта адмысловыя мэмарандумы й звароты, перадавалі ўсю магчымую англамоўную літаратуру пра Беларусь і пра беларусаў у ЗША. Паездка гэтая мусіла мець некалькі мэтаў: з аднаго боку, прыцягнуць увагу сьвету да Беларусі, а зь іншага, быць знакам павагі да амэрыканскіх беларусаў, якія актыўна супрацоўнічаюць з рэспубліканскімі структурамі. Беларусы зрабілі ўсё магчымае, каб заахвоціць наведваньне Ніксанам Менску, і ў іх сапраўды атрымалася — 1 ліпеня 1974 г. паездка адбылася і ўсе бакі засталіся ёй задаволеныя.
Нягледзячы на наступныя праблемы й сыход з пасады прэзыдэнта Ніксана, беларусы працягвалі дзейнічаць у шэрагах Рэспубліканскай партыі. Асабліва актыўным быў той самы Вітаўт Кіпель, які ўвайшоў у Выканаўчы камітэт Рэспубліканскіх нацыянальных клюбаў Амэрыкі, а таксама стаў старшынём Фэдэрацыі нацыянальных рэспубліканскіх клюбаў штату Нью-Джэрзі. Ён рэгулярна сустракаўся з наступнікам Ніксана на пасадзе Джэральдам Фордам, зь якім нават займеў своеасаблівыя сяброўскія стасункі.
У кампаніі 1980 г. беларусы зноў выказалі шырокую падтрымку Рэспубліканскай партыі й яе кандыдату Рональду Рэйгану. На той час беларускія рэспубліканскія клюбы дзейнічалі ўжо ў штатах Нью-Ёрк, Нью-Джэрзі, Агаё, Мэрылэнд, Мічыган, Каліфорнія, Ілінойс, Пэнсыльванія, Масачусэтс. У часе перадвыбарчай кампаніі было выдадзена багата прынагодных матэрыялаў, а таксама адмысловыя значкі «Беларусы-Амэрыканцы за Рэйгана-Буша». Перамога Рональда Рэйгана была таксама шмат у чым абумоўленая ягонай антыкамуністычнай рыторыкай і падтрымкай з боку этнічных групаў, у тым ліку й беларусаў.
І ў наступнай прэзыдэнцкай гонцы ў 1984 г. беларусы актыўна агітавалі за дуэт Рональда Рэйгана й Джорджа Буша — старэйшага. Сярод іншага ў часе гэтай кампаніі заклікалі запаўняць адмысловыя анкеты з пазнакай, што чалавек зьбіраецца галасаваць за Рэйгана-Буша, і за гэта беларусам дасылалі спэцыяльныя налепкі на аўтамабілі й значкі «Byelorussians for Reagan-Bush` 84».
На выбарах 1988 г. беларускія рэспубліканцы таксама дзейнічалі на карысьць свайго кандыдата Джорджа Буша-старэйшага, ужо знаёмага па ранейшых пасадах старшыні Нацыянальнага камітэту Рэспубліканскай партыі, а таксама віцэ-прэзыдэнта. Тым болей, што новы кандыдат у прэзыдэнты абяцаў працягваць палітыку Рональда Рэйгана ў дачыненьні да СССР.
З заканчэньнем «халоднай вайны», зьяўленьнем у ЗША новай хвалі эміграцыі зь Беларусі й зьменамі ў сьвеце ва ўдзеле беларусаў у амэрыканскіх выбарах і ў дзейнасьці Рэспубліканскай партыі пачаўся новы этап.
Вынікам жа наладжаных да таго часу доўгатэрміновых кантактаў у амэрыканскіх палітычных колах стала й хуткае прызнаньне прэзыдэнтам Джорджам Бушам-старэйшым незалежнай Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе, і магчымасьць на пачатку 1990-х ладзіць сустрэчы для беларускіх апазыцыйных палітыкаў з палітыкамі амэрыканскімі, і атрыманьне падтрымкі незалежнай Рэспубліцы Беларусь, а пазьней супрацьдзеяньня рэжыму Лукашэнкі.
Чытайце яшчэ: Беларусы ў амэрыканскіх выбарах: першы досьвед