5 кастрычніка ў Беларусі, а 14 кастрычніка ў Польшчы адзначаюць Дзень настаўніка. Выкладчыца матэматыкі зь беларускіх Ляхавічаў Тацяна Крапіневіч ужо месяц працуе ў варшаўскай школе і параўноўвае беларускую і польскую сыстэмы адукацыі, піша «Радыё Свабода».
Тацяна Крапіневіч, архіўнае фота
Тацяне Крапіневіч 43 гады. Паводле адукацыі яна настаўніца матэматыкі. У Беларусі доўгі час займалася бізнэсам. У нейкі момант адчула, што выгарала, стамілася, і вырашыла цалкам зьмяніць сваё жыцьцё. З сталіцы пераехала зь сям’ёй у Ляхавічы. Уладкавалася ў гімназію, два гады адпрацавала настаўніцай матэматыкі, выйграла абласны конкурс «Настаўнік году — 2023» і стала намесьніцай дырэктара гімназіі.
У 2020 годзе напісала некалькі эмацыйных допісаў у сацыяльных сетках, выставіла фота чырвона-белай пасьцілы, выяву майкі з надпісам «Перамены пачынаюцца на нашых уроках», а ў допісе былі словы «Час перамен», — узгадвала Тацяна ў інтэрвію Радыё Свабода.
Аднак увосень 2024 году прарасейская актывістка Вольга Бондарава выставіла 9 допісаў, у якіх называла настаўніцу «ідэйнай змагаркай».
У сярэдзіне сьнежня 2024 году Тацяна празь перасьлед мусіла зьехаць зь Беларусі з малодшай дачкой і адным заплечнікам. Да Варшавы дабіраліся больш за месяц празь пяць краінаў.
З канца студзеня Тацяна жыве ў Варшаве, падала заяву на міжнародную абарону. Спачатку яна выкладала матэматыку онлайн: частка вучняў засталася ў Беларусі, частка раней пераехала з бацькамі ў Польшчу. А зь верасьня яна працуе адпаведна спэцыяльнасьці ў польскай школе — выкладае матэматыку.
Аказваецца, і ў польскіх школах бракуе настаўнікаў, асабліва праблемы з настаўнікамі матэматыкі. Пра гэта Тацяне паведаміла знаёмая беларуска, у якой дзіця ходзіць у школу. Знаёмая дала ёй электронны адрас школы і загадала напісаць ліст.
«Натуральна, я нічога не паслала ў школу, бо на той момант (гэта быў канец траўня) узровень маёй польскай мовы быў ніякі. Я нааагул ня ведала польскай і не вывучала яе. У сярэдзіне чэрвеня мне тэлефануе пані Ёлянта, віцэ-дырэктарка школы, і запрашае на сумоўе. Мы зь ёй нават неяк паразмаўлялі — я на ламанай польскай. Тэрмінова знайшла рэпэтытара-беларуса і пачала штодня дзяўбсьці польскую мову», — апавядае Тацяна.
Паралельна яна пачала займацца настрыфікацыяй дыплёму, зьвярнулася па дапамогу да юрыста. Але з гэтым аказалася цяжэй. Якраз мінула паўгода, як Тацяна падала дакумэнты на міжнародную абарону (дагэтуль не разгледжаныя). Але яна атрымала дазвол на працу. У канцы жніўня пайшла ў школу проста паразмаўляць, бо настрыфікацыі дыплёму ў яе так і не было.
«Я марыла працаваць тут, але ня думала, што так хутка траплю ў польскую школу. Сама ў гэта ня верыла, такая была авантура, і напэўна, перадусім з боку адміністрацыі школы. Думала: добра, калі пашанцуе, а не — пайду працаваць у «Жабку» альбо «Бядронку» (сеткі прадуктовых крамаў у Польшчы. — РС). Пазнаёмілася з дырэктаркай, яна была зьдзіўленая, што я так хутка загаварыла па-польску.
Выявілася, што ў школе ўсё было ўжо вырашана: атрыманы дазвол з аддзелу адукацыі, вызначана, у якіх клясах я буду выкладаць. Я зрабіла толькі натарыяльныя пераклады дыплёмаў, даведку аб нясуджанасьці і мэдычную даведку», — прызнаецца Тацяна.
У тую школу, дзе яна цяпер працуе, сёлета прыйшлі тры новыя настаўнікі матэматыкі. Яе школа ўкамплектаваная, а ёсьць школы, дзе матэматыкаў дагэтуль няма.
Настаўніца Тацяна Крапіневіч, архіўнае фота
Калі прыйшла ў школу, настаўніца і дзеці дамовіліся адзін аднаму дапамагаць.
«Я адразу прызналася, што «ня так добра ведаю польскую мову, але выдатна ведаю матэматыку, маўляў, вы мяне вучыце польскай, а я вас — матэматыцы». Дзеці мяне папраўляюць, я ім за гэта ўдзячная, мне прыемна, што ў нас ёсьць зваротная сувязь. Яны дзякуюць, што я тлумачу зразумела. А я сама ня ведаю, адкуль у мяне бяруцца польскія словы, калі дзіця глядзіць на табліцу і не разумее!», — апавядае настаўніца.
Польская і беларуская сыстэмы адукацыі — дзьве розныя плянэты, прызнаецца суразмоўца. Агульнае толькі тое, што гэта школа, дзе ёсьць урокі і ёсьць настаўнікі і дзеці. І што ўрок доўжыцца 45 хвілін . Усё астатняе абсалютна па-іншаму. У Тацяны ёсьць ідэя завесьці блог і параўноваць польскую і беларускую адукацыйныя сыстэмы, але пакуль не стае часу.
Больш за ўсё беларускую настаўніцу ўразіла свабода дзяцей.
«Польскія дзеці адчуваюць сябе вольнымі, яны не баяцца гаварыць, не баяцца памыляцца, не баяцца спрачацца, крытычна мысьліць. Гэта тое, чаго ў нас яшчэ няма і, напэўна, доўга ня будзе. У Беларусі ўся адукацыя трымаецца на страху», — скрушна заўважае Тацяна.
Яна прыводзіць прыклад: зараз у беларускіх школьнікаў бунт з нагоды забароны мабільных тэлефонаў. Аднак у Польшчы таксама нельга карыстацца тэлефонамі падчас заняткаў.
«І дзеці не дастаюць мабільнікі з заплечнікаў! У іх ёсьць разуменьне: калі нельга — значыць, нельга. І ня толькі падчас урокаў. І настаўнікі не карыстаюцца: мы на перапынку кантактуем зь дзецьмі, ніхто не ўтаропліваецца ў тыя мабільнікі, няма такой патрэбы. Тут няма гвалтоўных забаронаў — усе дамаўляюцца. Няма пакараньня, няма прыніжэньня, няма страху. Камфорт настаўніка, камфорт дзіцяці перадусім», — кажа настаўніца.
На думку Тацяны, у польскай школе не дырэктар і ня віцэ-дырэктар — галоўныя людзі, а псыхоляг. Усё вырашае псыхоляга-пэдагагічная служба. З кожным пытаньнем трэба ісьці туды: псыхолягі кантактуюць з бацькамі, з настаўнікамі, зь дзецьмі, яны дбаюць, каб усім было камфортна.
Для настаўніка адкрытыя і дыягназы дзяцей: у адмысловай электроннай сыстэме пазначана, якія дзіця мае асаблівасьці.
«Гэта ў Беларусі бацькі хаваюць тыя ж РАС (разлады аўтычнага спэктру), СДУГ (сындром дэфіцыту ўвагі і гіпэрактыўнасьці). А тут настаўнік абавязаны надаваць такім дзецям больш часу. І калі такіх дзяцей у клясе некалькі, заўсёды ёсьць «дапаможны настаўнік».
Гэта так зручна: ён сочыць за дысцыплінай, дапамагае асноўнаму настаўніку. І калі нават такога няма, ты можаш сказаць кіраўніцтву, што табе з гэтай клясай складана, і папрасіць прызначыць «дапаможнага»», — гаворыць настаўніца.
Настаўніца Тацяна Крапіневіч, архіўнае фота
Тацяна кажа, што ня хоча ганьбіць беларускую сыстэму адукацыі — безумоўна, у яе ёсьць вялікія плюсы. Беларуская адукацыя вельмі грунтоўная, акадэмічная, навуковая, аднак яна дае часам залішне глыбокія веды, якія не спатрэбяцца ў жыцьці, лічыць Тацяна.
«А ў Польшчы яна больш зарыентаваная на практыку: няма перагрузу, акадэмічнасьці, сыстэма больш накіраваная на тое, каб вучань змог атрымаць навыкі і пасьля ўмеў іх стасаваць. Задачы ў матэматыцы зьвязаныя з рэальнымі сытуацыямі, купляньнем у краме, разьлікамі. Толькі ў ліцэі пачынаецца сапраўдная матэматыка, а школа — гэта мінімальныя навыкі, хоць кожны год крыху і складанейшыя», — кажа Тацяна.
А вось тое, што ў польскіх школьнікаў няма хатніх заданьняў, — ня плюс, а мінус, бо гэта азначае, што няма сыстэмнай працы, няма абавязковасьці, адказнасьці.
«І няма замацаваньня матэрыялу. Усё ж мая думка — хатнія заданьні павінны быць. Але адукацыя ня мусіць быць такой перагружанай, як у нас, дзеці па 8 гадзін сядзяць над хатнім заданьнем», — сьцьвярджае Тацяна.
Школьная форма — гэта асобны боль беларускіх вучняў і іхных бацькоў, заўважае яна. У Польшчы і настаўнікі, і дзеці могуць хадзіць у якім-хаця зручным адзеньні, якое ня скоўвае, — у джынсах, байках, майках.
«У 30-градусную сьпякоту ня трэба прыходзіць ў камізэльцы з воўны, бо такая форма прынятая ў гімназіі. Дарэчы, 1 верасьня на лінейку ўсе — і дзеці, і настаўнікі — прыйшлі прыгожыя, акуратна адзетыя. І дзецям ня трэба было нагадваць, крычаць: прыстойна адзенься.
І што яшчэ мяне ўразіла: усе з задавальненьнем, урачыста, стоячы сьпяваюць гімн. Іх ніхто не прымушае, не крычыць (сама чула, як у нас завуч раўла, чаму дзеці ціха сьпяваюць). Я ў чужой краіне, слухаю чужы гімн, і ў мяне проста пацяклі сьлёзы. Вось гэта ідэалёгія, вось гэта патрыятызм, а ня так, як у нас — калі іх прымушаюць і крычаць. Тут дзіця адчувае павагу», — заўважае розьніцу настаўніца.
Днямі ў школе быў сход: зьбіраюць вучняў, настаўнікаў і нагадваюць пра правілы, пералічваюць выпадкі, хто бегаў і кагосьці зачапіў, нагадваюць, як сябе паводзіць.
«Гэта ўсё адбываецца на такой пазытыўнай, добрай ноце. Ніхто нікога не прабірае, не «шыхтуе», а заклікаюць асэнсаваць, што, маўляў, ты робіш дрэнна і некамфортна для іншых людзей. Зьвяртаюцца да пачуцьцяў, а ня як у нас — запалохаць, накрычаць, трымаць у страху, каб дзеці баяліся», — параўноўвае Тацяна.
Тацяне падабаецца, што школа сама вызначае, якімі падручнікамі карыстацца. І ніхто не кантралюе, што сёньня павінна быць гэтая тэма, а заўтра іншая — настаўнік можа на адной тэме засяродзіцца даўжэй, калі вучні не засвоілі яе. Няма жорсткіх патрабаваньняў і да афармленьня сшыткаў: там можна маляваць, клеіць налепкі, ніхто ня лічыць клетачак — колькі трэба адступіць. Дарэчы, настаўнік сшыткаў не правярае, толькі глядзіць, каб дзіця працавала.
Што да загружанасьці на працы і заробку, у Польшчы поўная стаўка настаўніка — 18 гадзін, у Беларусі — 20. У Тацяны цяпер 12 гадзін — дзьве траціны стаўкі.
«Я вельмі рада, што пакуль так. У мяне па 3 урокі 4 разы на тыдзень. І хоць у Беларусі дзякуючы конкурсу ў мяне была найвышэйшая катэгорыя, у Польшы я пакуль на найніжэйшай пазыцыі. Але шчыра скажу: нягледзячы на няпоўную стаўку, на ніжэйшую катэгорыю, я атрымліваю тут нашмат болей, чым у Беларусі на паўтары стаўкі і з найвышэйшай катэгорыяй», — прызнаецца Тацяна Крапіневіч.
Згодна зь Белстатам, у Беларусі працуюць 102,3 тысячы настаўнікаў. 87,6% настаўнікаў у Беларусі — жанчыны. Сярэдні заробак у студзені—жніўні сёлета ў настаўнікаў 2495,6 рубля. Гэта на 267 рублёў менш, чым быў сярэдні заробак у Беларусі ў жніўні.