Беларускія стравы з бульбы могуць трапіць у Спіс спадчыны ЮНЕСКА

Беларускія спецыялісты распрацоўваюць нацыянальнае дасье «Стравы з дранай бульбы: традыцыі гатавання і спажывання ў Беларусі» для намінацыі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ірына Дашчынская ў час прэс-канферэнцыі «Культурная спадчына Беларусі: захаванне і папулярызацыя гістарычных аб’ектаў, нацыянальных традыцый і звычаяў», піша БЕЛТА.

Draniki
Фота з архіва БелТА

«Беларускія спецыялісты распрацоўваюць нацыянальнае дасье «Стравы з дранай бульбы: традыцыі прыгатавання і спажывання ў Беларусі», — сказала Ірына Дашчынская.

Паводле яе слоў, сёння Беларусь прадстаўлена ў спісах ЮНЕСКА чатырма матэрыяльнымі аб’ектамі і сямю нематэрыяльнымі. У Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключана Белавежская пушча, замкавы комплекс «Мір», архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і геадэзічная Дуга Струвэ. У спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны святочны калядны абрад «Калядныя цары» (вёска Семежава Капыльскага раёна), «Урачыстасць у гонар ушаноўвання абраза Маці Божай Будслаўскай» (Будслаўскі фэст, аг.Будслаў Мядзельскага раёна), веснавы абрад «Юраўскі карагод» (вёска Пагост Жыткавіцкага раёна), «Культура ляснога бортніцтва», «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні», «Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі», «Неглюбская тэкстыльная традыцыя».

«Наяўнасць аб’ектаў у Спісе сусветнай спадчыны павышае прэстыж, робіць гэтыя аб’екты і саму дзяржаву больш вядомымі, прывабнымі для турыстаў», — падкрэсліла Ірына Дашчынская.

Акрамя таго, для папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры ў 2020 годзе стварыла пошукавы сайт «Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь». Там любы карыстальнік можа хутка знаходзіць інфармацыю аб гісторыка-культурных каштоўнасцях, у тым ліку праз мабільны дадатак. Паводле слоў Дашчынскай, актуальнай тэкставай і графічнай інфармацыяй напаўняецца і дзяржаўны інфармацыйны рэсурс «Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне».

«На гэты дзень у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўключана 5690 аб’ектаў і элементаў. Мінулае народа ўвасоблена ў шматлікіх матэрыяльных і нематэрыяльных сведчаннях яго гістарычнага шляху: помніках археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, гісторыі мастацтва, элементах традыцыйнай культуры. Старажытныя гарадзішчы, гістарычныя цэнтры гарадоў, замкі і храмы, шматлікія абеліскі з’яўляюцца доказамі нашай шматтысячагадовай гісторыі, якая адлюстроўвае ўстанаўленне беларускай дзяржавы. А без традыцый, звычаяў, абрадаў і народных рамёстваў, якія ідуць каранямі з часу з’яўлення першых славян на тэрыторыі Беларусі, даволі цяжка ўявіць сабе вобраз беларускай культуры і аснову нацыянальнай ідэнтычнасці», — адзначыла Ірына Дашчынская.