Хроніка паўстаньня і брутальнага разгону камуністамі сходу, на якім вырашалася будучыня Беларусі. Усяго некалькі дзён, якія сваім існаваньнем далі імпэт у пабудове незалежнай дзяржавы. Усё самае істотнае пра Першы Ўсебеларускі З’езд — у нашым матэрыяле, піша Павел Хадзінскі ў «Новым Часе».
Гісторыя кароткага пэрыяду 1917-1919 гадоў надзвычай насычаная. У ёй намешаныя з’езды, кангрэсы, паседжаньні, граматы, адозвы. Нумарацыя таксама дазваляе заблытацца ва ўсіх падзеях: Трэцяя Ўстаўная грамата, другое абвяшчэньне БССР. Але падзея, якую разгледзім тут, — дала штуршок усім іншым. Па сутнасьці, і 1991 год з абвяшчэньнем Рэспублікі Беларусь быў бы малаверагодным, калі б не тыя некалькі дзён у засьнежаным Менску 1917 года.
Рэвалюцыі, якія рэхам адбіліся ў Беларусі, якія зруйнавалі Расейскую імпэрыю, прынеслі з сабою і кансалідацыю беларускіх арганізацый. Было цалкам зразумела, што надышоў самы спрыяльны момант да адраджэньня самастойнага жыцьця. Розныя арганізацыі злучыліся ў Вялікай Беларускай Радзе, якая склікала ў Менску з’езд.
Пётра Крычэўскі, адзін з удзельнікаў тых падзеяў, у 1926 годзе ўжо як старшыня Рады БНР пісаў у пражскім зборніку «Замежная Беларусь»: «Да гэтае пары не ўстаноўлена, каму альбо якой арганізацыі належала думка аб скліканьні Ўсебеларускага з’езда. Мне здаецца, яна належыць усім. Усе адразу прыпомнілі старое Полацкае Веча і захацелі вырашыць сваю долю ўсенародна, і з’езд быў прызначаны».
Верагодная картка ўдзельніка Зьезду
У першай палове лістапада была выдадзена адозва «Да ўсяго народа беларускага» выканкамаў Вялікай Беларускай Рады, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, а таксама Беларускага выканкаму Заходняга фронту. У ёй паведамлялася, што праз працяглую бязьдзейнасьць цэнтральнага расейскага ўрада розныя народы Расейскай імпэрыі зараз самі бяруць мясцовую ўладу ў свае рукі.
Паведамлялася, што ў кастрычніку 1917 года ў Менску з’езды беларускіх арганізацый і беларусаў вайскоўцаў Заходняга фронту з удзелам прадстаўнікоў Паўночнага фронту і Балтыйскага флоту, якія аб’ядналіся ў ВБР, пастанавілі прыняць рашучыя меры да арганізацыі ўсяго беларускага народа для абароны здабытых правоў і вольнасьцей. «Выканаць усе пастаўленыя гісторыяй задачы можа толькі ўлада, абраная самім народам беларускім. Толькі яна арганізуе народ беларускі ў вялікую сілу, здольную адстаяць яго нацыянальныя правы».
Адозва сканчвалася заклікам дасылаць дэлегатаў у Менск на Ўсебеларускі з’езд.
З’езд, альбо кангрэс, як яго таксама называлі, пачаў сваю працу 18 сьнежня. Дэлегатаў прымаў будынак Менскага гарадзкога тэатру, гэта той самы, што вядомы сёньня як тэатар Янкі Купалы. Мы адразу можам правесьці паралелі з сучаснасьцю, калі згадаем, як быў разагнаны калектыў «Купалаўцаў» у 2020 годзе на чале з Паўлам Латушкам пасьля вывешваньня на сьценах тэатру нацыянальных сьцягоў і падтрымкі ўсенароднага пратэсту.
У 1917 годзе дэлегатаў з’езду таксама разагналі, але вернемся да гэтага напрыканцы.
Колькасьць дэлегатаў была ашаламляльнай — 1872 чалавекі з усёй прасторы, якая была заселеная беларусамі — ад Беластоку і да Смаленску. Такога прадстаўнічага кангрэсу не здолеў назьбіраць ніводны з народаў памерлай імпэрыі.
Дэлегаты павінны былі разгледзіць шэраг пытаньняў, галоўным зь якіх было вызначыць кірунак далейшага разьвіцьця Беларусі. Адразу аформіліся дзьве асноўныя групоўкі. Адна зь іх выступала за стварэньне Беларускай рэспублікі ў складзе федэратыўнай Расеі, а іншая, якая набірала ўсё большую папулярнасьць — за абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі.
З’езд абвесьціў сябе найвышэйшай уладай у Беларусі.
Да адэптаў першага варыянту негатыўным кляймом клаліся перамовы аб міры ў Першай сусьветнай вайне, што адбываліся ў той час у Берасьці, паміж Нямеччынай і прадстаўнікамі расейскіх бальшавікоў на чале з Троцкім. Камуністы запатрабавалі, каб беларуская дэлегацыя не была дапушчаная да іх.
На Першым Усебеларускім з’езьдзе быў абраны старшыня — Іван Серада. Зазначым, саміх камуністаў запрашалі прыняць удзел у З’езьдзе, але яны адмовіліся, разам з тым вельмі пільна назіралі за тым, што адбываецца. Калі стала зразумелым, што дэлегаты схіліліся да незалежніцкіх пазыцый, было прынятае рашэньне аб гвалтоўным разгоне З’езду.
Паўночна-Заходні абкам РСДРП (б) на чале з Мясьнікянам (Мясьніковым) не прызнаваў за беларусамі не толькі права на самастойнасьць, але і значна глыбей: не прызнаваў самога факта існаваньня беларускае нацыі. Дэкрэт аб разгоне падпісаў іншы сумнавядомы камуніст — старшыня савету народных камісараў Заходняй вобласьці Ландэр.
Сёньня мы маем безьліч вуліцаў, названых у гонар ворагаў Беларусі — Мясьнікова і Ландэра.
Менавіта на гэтым зьездзе прагучаў вялікі заклік: «Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!».
18 сьнежня Першы Ўсебеларускі з’езд быў разагнаны. Арганізатары, на жаль, не паклапаціліся пра сваю абарону. У залі распачалася пабудова барыкадаў і кулачныя баі. Аднак, нягледзячы на гэта, прэзыдыюм быў арыштаваны і скіраваны ў Савет народных камісараў, дэлегаты з’езду вымушаны былі хавацца. Але праца не спынілася. Прытулак дэлегатам далі беларускія чыгуначнікі. Пад іх аховай праца была працягнутая ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі.
Сярод дэлегатаў з’езду былі зоркі беларускай справы: Іван Серада, Аркадзь Смоліч, Кастусь Езавітаў, Зоська Верас, Вінцэнт Гадлеўскі, Тамаш Грыб, Пётра Крачэўскі, Язэп Лёсік, Язэп Мамонька, малодшы брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, Васіль Рагуля, Алесь Гарун, Радаслаў Астроўскі, Аляксандар Уласаў, Васіль Захарка і іншыя.
З’езд пасьпеў перадаць краёвую ўладу Радзе, у якую ўвайшоў 71 прадстаўнік з розных палітычных партыяў. Рада абрала Выканаўчы Камітэт пад кіраўніцтвам Язэпа Варонкі.
Праз тры месяцы будзе абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка.