Беларусь і суседзі. Як спорт уплываў і ўплывае на станаўленне нацый

Добра заўважна, што ў беларускіх аматараў спорту выклікаюць вялікае здзіўленне факты прыналежнасці замежных спартклубаў да пэўных нацыянальных/рэлігійных груп, бо для нас спорт – гэта найперш савецкая спадчына, з класава-прафесійным падыходам.

Да сённяшняга дня сітуацыя з “палітызацыяй” спорту захавалася ў першую чаргу ў “праблемных” рэгіёнах, з нявырашанымі рэлігійнымі і нацыянальнымі супярэчнасцямі і канфліктамі ці зусім на нізкім узроўні спаборніцтваў.

І цяпер існуюць “каталіцкія” і “пратэстанцкія” футбольныя клубы ў Паўночнай Ірландыі, венгерскія каманды ў Румыніі, Сербіі і Славакіі, нямецкамоўныя і нідэрландскамоўныя ў франкамоўных рэгіёнах Бельгіі, албанскія ў Македоніі і г.д.

Часам спорт раздзяляе народы, а не яднае.

 

Спорт і палітыка заўжды побач

Асобна трэба адзначыць, што пэўную ролю ў грамадстве мае не толькі спорт як хобі з фізічнымі практыкаваннямі, але і спорт як відовішча. Культура падтрымкі каманд, у першую чаргу па спартыўных гульнях, прыйшла з Брытаніі, Лацінскай Амерыкі, дзе папулярныя футбольныя клубы кансалідуюць грамадства. У Аргентыне, напрыклад, кожны фанат каманды – сябра клуба, вялікай сям’і, мае права голасу і вызначае лёс каманды. На паседжаннях спартыўных таварыстваў фанаты накіроўваюць прадстаўнікоў ад пэўных рэгіёнаў краіны, як у мясцовыя органы ўлады.

У Брытаніі клубы, нягледзячы на іх статус і формы ўласнасці, прадстаўляюць гарады і рэгіёны. Іх жыхары атаясамліваюць сябе не толькі з пэўнай тэрыторыяй, але і спартыўным клубам. Такім чынам, спорт – элемент мясцовага патрыятызму, які цэментуе грамадства і стварае моцны падмурак для развіцця грамадскай супольнасці. Напрыклад, супернікі мінскага “Дынама ў футбольнай лізе Еўропы ў 2018 годзе – Дэры (Паўночная Ірландыя) і ДАК (Славакія), адны з самых унікальных каманд у Еўропе.

Клуб з Паўночнай Ірландыі – адзіны з гэтай часткі Вялікабрытаніі, які гуляе ў першынстве Ірландыі. Каманду выключылі з паўночнаірландскай лігі ў 70-я, у часы жорсткіх супрацьстаянняў “пратэстантаў” і “католікаў”.

У тыя гады кожны матч з камандамі “ўніяністаў” у Дэры рабіўся арэнай для высвятлення адносінаў паміж заўзятарамі з рознымі рэлігійнымі і палітычнымі поглядамі, правакаваў сутычкі з паліцыяй.

Ірландыя: нацыянальны спорт супраць англійскай экспансіі

І хаця тыя гарачыя часы мінулі, Дэры працягвае прадстаўляць паўночнаірландскі футбол у чэмпіянаце Ірландыі, а “каталіцкая” частка жыхароў горада працягвае атаясамліваць сябе з гэтай камандай, як сімвалам барацьбы супраць Брытаніі.

ДАК са Славакіі здзівіў падтрымкай на перапоўненых трыбунах хатняга стадыёна. Тым больш што месцаў на арэне болей, чым жыхароў у гэтым мястэчку (каля 20 тысяч).

Спартыўным журналістам з Беларусі здавалася неверагодным, што на стадыёне ў Славакіі гучыць выключна венгерская мова і прысутнічаюць сцягі гэтай краіны.

Фактычна, каманда ДАК – адна з некалькіх “венгерскіх” каманд у Славакіі. Як самую паспяховую з іх яе падтрымлівае ўсё венгерскае насельніцтва Славакіі, а таксама венгры з Трансільваніі, Ваяводзіны, Украіны і ўласна Венгрыі.

Дзякуючы футбольнай камандзе венгерскае насельніцтва Славакіі заяўляе пра сябе на ўвесь свет, падтрымка спартсменаў і фанацкая культура кансалідуюць супольнасць і спрыяюць дыялогу з венграмі з іншых рэгіёнаў Еўропы.

А што было і ёсць у нашым рэгіёне, як “нацыянальны фактар” спрыяў развіццю спорту?

Калі паглыбіцца ў гісторыю пачатку “спартыўнага буму” ва Усходняй Еўропе (канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя), можна адзначыць пэўную тэндэнцыю.
Самымі актыўнымі ў той час у галіне спорту былі яўрэйскія абшчыны. Гэта тычыцца сённяшняй тэрыторыі Польшчы, Украіны, Беларусі і Літвы.
Як адзначаюць даследчыкі, хутчэй за ўсё такая акалічнасць развіцця спорту абумоўленая “модай на спорт” сярод яўрэйскіх супольнасцяў у Германіі і Аўстрыі, тым, што яўрэі ў большасці жылі ў густанаселеных гарадскіх гета, з вялікай самаарганізацыяй.

Адсюль на тэрыторыі сучаснай Беларусі амаль ва ўсіх гарадах з’явіліся яўрэйскія клубы “Макабі” і інш.

Увогуле, ідэолагі сіянізму выкарыстоўвалі спорт для сваіх мэтаў, таму ўжо ў 1932 годзе прайшлі першыя яўрэйскія спартыўныя гульні, а ідэяй іх правядзення была сусветная супольнасць “Макабі”.

makabi

Першымі спартыўнымі арганізацыямі ў сучасным разуменні на тэрыторыі нашага рэгіёна былі школьныя і студэнцкія , заснаваныя расійскімі ўладамі. Галоўнымі задачамі былі праца з моладдзю і патрыятычнае выхаванне.

 

Грамадскі спартыўны рух

Сапраўдным прарывам, які паўплываў на развіццё спартыўнага недзяржаўнага руху ў рэгіёне Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, стала стварэнне чэшскімі актывістамі арганізацыі “Сокал” (1862 год).

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя чэхі актыўна адраджалі сваю мову і культуру. “Сокал” – першая спартыўная арганізацыяй з яркай ідэалогіяй: панславянствам(супрацьпастаўленне аўстра-венгерскай манархіі), усебаковага развіцця чалавека (супрацьпастаўленне клерыкалам).

lwow

“Сокалы” праводзілі “злёты” мясцовых арганізацый з вялікім размахам і падавалі прыклад спартыўнага жыцця на недзяржаўным узроўні.

Першымі ініцыятыву падхапілі львоўскія палякі, што дало магутны штуршок развіццю спорту на Галіцыі, якую сучасныя польскія даследчыкі лічаць калыскай большасці гульнявых відаў спорту ў Польшчы.

Польскія “сокалы” трансфармавалі “чэшскі панславізм”, зрабіўшы большы ўхіл у кірунку менавіта адраджэння Рэчы Паспалітай. Таму філіялы “Сокала” пачалі з’яўляцца ва ўсіх кутках, дзе жылі палякі.

У тагачаснай Вільні Towarzystwo Gimnastyczne Sokol пачало сваю дзейнасць у 1905 годзе пры школе “фізічнага развіцця”. Арганізацыя дзейнічала неафіцыйна, бо адной з мэтаў было патрыятычнае выхаванне польскай моладзі.

Цікаўнасць да спорту і стварэнне недзяржаўных устаноў не толькі адлюстроўвае развітасць гарадской культуры ў пэўнай супольнасці (у тым ліку і этнічнай), але і наяўнасць разумення неабходнасці эвалюцыі ў гэтым напрамку.

У літоўцаў, украінцаў і беларусаў у перыяд “спартыўнага буму” незалежных грамадскіх арганізацый, як у польскай і яўрэйскай супольнасцяў, не было альбо яны не пакінулі такіх значных слядоў у гісторыі.

Магчыма, моладзь задавальняла наяўнасць спартклубаў пры навучальных установах, якія мелі велізарнае значэнне ў тыя гады. Напрыклад, першы афіцыйны футбольны матч на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбыўся ў Гомелі ў 1911 г. паміж камандамі, складзеных фактычна, з мясцовых гімназістаў.

orel

Літоўскія даследчыкі таксама адзначаюць, што да пачатку працы першай спартыўнай арганізацыі (1919 г.) на тэрыторыі сучаснай Літвы больш актыўна працавалі польскія і рускія (“Орёл” – усерасійская арганізацыя, падобная да чэшскага “Сокала”, з ухілам у праваслаўе).

І толькі пасля адраджэння літоўскай дзяржаўнасці найбольш актыўнымі і папулярнымі сталі каманды і клубы патрыятычна-вайсковага Саюза стралкоў (які дзейнічае і да сённяшняга дня).

Працяг будзе…

Аляксей Гайдукевіч, спартыўная ўстанова “Рэгбі Юніян”

Глядзіце таксама:

Поспехі Ісландыі ў футболе – заслуга моцнай грамадзянскай супольнасці

Аматарскі спорт як стымуляцыя грамадскай актыўнасці

Новая Зеландыя — супольнасць, аб’яднаная спортам