Якую ролю могуць сыграць спартыўныя санкцыі Захаду ў дачыненні да РФ і Беларусі? Як Захад спрабуе намацаць будучую стратэгію ўздзеяння на спартыўны свет за новай жалезнай заслонай? Разважае Аляксей Гайдукевіч.
Прадстаўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта на мінулым тыдні выказаў думку пра тое, што атлеты з РФ і Беларусі могуць не трапіць на гульні ў 2024 у Парыжы.
У першую чаргу з-за забаронаў удзелу спартоўцаў у кваліфікацыйных спаборніцтвах, рэкамендаваных сусветным федэрацыям спорту напрыканцы лютага 2022.
З алімпійскіх відаў толькі федэрацыі па веласпорце, дзюдо і тэнісе не выканалі пажаданні МАК.
Як і ў выпадку эканамічных санкцый, вялікая колькасць абмежаванняў у спорце ў дачыненні да РФ і Беларусі была ўведзеная не толькі дзякуючы ўзгодненым рашэнням, але ў выглядзе асобных ініцыятываў асацыяцый у розных відах спорту. Бо прапановы МАК і звароты палітыкаў з’яўляюцца не дырэктывамі, а парадамі і выказваннямі пажаданняў.
У многіх спартыўных сусветных і нацыянальных асацыяцыях не сціхаюць дыскусіі з нагоды стаўлення да спартоўцаў і камандаў з Беларусі і РФ.
Напрыклад, у тэніснай супольнасці адбыўся раскол. Справа ў тым, што яшчэ ў сакавіку сусветная асацыяцыя па гэтым відзе спорта пазбавіла каманды РФ і Беларусі права ўдзелу ў спаборніцтвах. Пры гэтым рашэнне не тычылася асобных гульцоў. Але арганізатары турніра па тэнісе ў англійскім Уімблдоне нягледзячы на гэта ўсё ж адмовілі беларускім і расійскім спартоўцам ва ўдзеле.
Але ёсць і іншыя, супрацьлеглыя прыклады дзеянняў функцыянераў у спартовым свеце. Сусветная федэрацыя дзюдо адказала на ліст украінскіх дзюдаістаў, абураных рашэннем арганізацыі не абмяжоўваць удзел у спаборніцтвах для прадстаўнікоў РФ і Беларусі, такім чынам: «Спорт ёсць і заўсёды будзе ўнікальным мостам паміж народамі. Мы, вядома, супраць вайны, але і супраць беспадстаўнай нянавісці і дэскрымінацыі».
Магчыма, што такая пазіцыя некаторых федэрацый можа быць абумоўлена наўпроставымі ўплывамі на кіраўніцтва з дапамогай крамлёўскіх грошай, альбо крытычнай масай лабістаў у структурах.
Наўрад ці ў прадстаўнікоў веласпорту і тэнісу з дзюдо неяк адрозніваецца ідэалагічнае стаўленне да вайны ва Украіне ад прадстаўнікоў іншых відаў. Хутчэй за ўсё, у пераважнай большасці чыноўнікаў у гэтых спартыўных арганізацый адстунічае дакладнае разуменне розніцы ўплыву спорту з аднаго боку на фарміраванне заходніх грамадстваў яшчэ з XIX стагоддзя, і з другога боку на супольнасці ў сатрапіях усходняга кшталту. Дзе спартыўныя аб’яднанні і клубы фарміраваліся зверху, альбо падпарадкоўваліся цэнтральным органам. У адрозненне ад заходняга падыходу, калі нізавыя ініцыятывы ядналіся ў асацыяцыі, якія з цягам часу пачыналі ўплываць на лакальны, потым нацыянальны бізнес і ўлады.
У гэтым і быў феномен спорту, моц якога зразумелі і на ўсходзе кантынента. Савецкія ўлады зрабілі ўсё, каб утаймаваць і падпарадкаваць сапраўдную спартыўную стыхію. Каб выкарыстоўваць папулярную з’яву выключна дзеля ўздзеяння на чалавечыя масы.
Крынца: ichef.bbci.co.uk
Большае разуменне сітуацыі ў спорце на большасці тэрыторый былога СССР бачна ў звароце міністраў спорту заходніх краінаў да міжнародных спартыўных арганізацый. У ім як раз і робіцца націск на неабходнасць пазбавіць камандны апарат РФ і Беларусі праз падначаленых і залежных спартоўцаў уплываць на медыяпрастору і розумы аматараў спорту:
«У выпадках, калі нацыянальныя і міжнародныя спартыўныя арганізацыі, а таксама іншыя арганізатары мерапрыемстваў вырашаюць дазволіць спартсменам (у тым ліку афіцыйным асобам і адміністратарам) з РФ і Беларусі ўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах:
— Трэба запэўніцца, што яны не прадстаўляюць дзяржаўныя структуры.
Выкарыстанне афіцыйных расійскіх і беларускіх сцягоў, гербаў і гімнаў павінна быць забаронена.
— Неабходна прыняць адпаведныя меры, каб пераканацца, што любыя публічныя заявы або сімвалы, якія дэманструюцца на спартыўных мерапрыемствах: любымі спартсменамі, афіцыйнымі асобамі і адміністратарамі — адпавядаюць гэтаму падыходу».
У заяве відавочна адлюстравана не толькі разуменне заходнімі чыноўнікамі спартыўнай структуры ў РФ і Беларусі, дзе на вяршыні іерархіі знаходзяцца камандна-адміністратыўныя органы.
Яшчэ ў тэксце адчуваецца імкненне заходніх спартовых функцыянераў намаць будучую стратэгію ўздзеяння на спартыўны свет за новай жалезнай заслонай.
Такі адрозны спорт
Каб зразумець сутнасць антаганізму паміж спартыўнымі сістэмамі на Захадзе і Усходзе, варта зазірнуць на гісторыю станаўлення і папулярызацыі спорту і спартыўных спаборніцтваў, як віду забавы і атрымання прыбыткаў на інтарэсе гледачоў.
Можна сказаць, што ўмоўныя Захад і Усход нават у спорце дэманструюць кардынальна адрозныя, цывілізацыйна супярэчныя падыходы.
Так званы вялікі, прафесійны спорт, як бізнес і вяршыня мрояў мільёнаў маладых людзей сфармаваўся менавіта дзякуючы папулярызацыі фізічных практыкаванняў і гульняў у краінах «брытанскага свету». Галоўнай ідэяй нараджэння спартыўных рухаў было імкненне да новага, кардынальна адрознага ад досведу мінулых пакаленняў падыходу да ладу жыцця.
Захапленне спортам распаўсюджвалася па свеце, у тым ліку хрысціянскімі, дабрачыннымі арганізацыямі, як альтэрнатыва нездаровых захапленняў моладзі ў XIX ст., а таксама ў якасці элемента фарміравання лакальных, а потым і нацыянальных грамадаў. Супольнасцей, якія ядналі не толькі ўласна спартоўцаў, але і аматараў-прыхільнікаў спачатку на ўзроўнях школьных камандаў, іншых вучэльняў, потым на лакальных тэрытарыяльных.
Чытайце аб феномене развіцця футболу ў Англіі як аднаго з вытокаў грамадскай актыўнасці
Такім чынам, у заходнім свеце спорт ад часоў станаўлення ўспрымаецца як неабходны і адзін з самых істотных элементаў сацыяльнага жыцця на розных узроўнях існавання супольнасцей. Напэўна, таму школьныя спаборніцтвы ў ЗША збіраюць больш гледачоў, чым матчы па футболе ці хакеі сярод прафесіяналаў у Беларусі.
Фінал школьнай лігі па амерыканскім футболе штата Тэхас
А ў Ірландыі і Аўстраліі найбольш папулярнымі з’яўляюцца нацыянальныя віды спартыўных гульняў, пра якія большасць жыхароў РФ і Беларусі нават ніколі не чулі.
Спартыўныя санкцыі як элемент уздзеяння на грамадствы
Напрыканцы лютага 2022 у заходніх СМІ, заявах функцыянераў можна было ўбачыць хаатычныя спробы хаця б нейкім чынам абмежаваць удзел спартоўцаў з РФ і Беларусі ў міжнародных спаборніцтвах. Што вельмі нагадвала эмацыйныя захады, бессістэмныя рашэнні, жаданне зрабіць «хаця б нешта».
Але ў ліпеньскім звароце заходніх спартовых міністраў можна ўбачыць стратэгічныя намеры, якія з часам могуць пераўтварыцца ў рэальную спробу нашчадкаў тых, хто спрычыніўся да першых крокаў па папулярызацыі спорту, вярнуць яму галоўную ягоную функцыю ў краінах былога СССР. А магчыма, і ў рэшце свету.
Безумоўна, дэкамерцыялізаваць спорт ніхто намераў не мае. Але над вяртаннем яму сацыяльных, грамадскатворчых функцыяў, магчыма, на Захадзе гатовыя папрацаваць.
Чытайце яшчэ: Аб ролі рэгбі ў фарміраванні моцнай грамадскай супольнасці ў Новай Зеландыі
Цалкам верагодна, што новая санкцыйная стратэгія прадугледжвае шокавую маргіналізацыю ролі цэнтральных спартыўных органаў у РФ і Беларусі.
У заяве прапануюць арганізатарам спаборніцтваў не дапускаць да ўдзелу спартоўцаў, якія «прадстаўляюць дзяржаўныя структуры». Якімі ў РФ і Беларусі дэ-факта з’яўляюцца федэрацыі і асацыяцыі па ўсіх відах спорту. Нават калі яны і сфарміраваныя прафесійнымі камандамі і аб’яднаннямі з незалежным фінансаваннем, у большасці выпадкаў цэнтральныя структуры падпарадкаваныя дзяржаве.
І такім чынам, камандна-адміністратыўныя сістэмы не толькі могуць кантраляваць фінансавыя плыні з падаткаў, дапамогу ад міжнародных спартыўных аб’яднанняў, але і выкарыстоўваць спартовыя поспехі ў прапагандысцкіх мэтах. Такім чынам прыніжаючы ролю нізавых супольнасцей, аматарскіх клубаў, дзіцячых трэнераў, скажаючы сутнасць спорту як сацыяльнай з’явы.
Алімпійская зборная ЗША па бабслеі, гандлюючы календарамі з аголенымі спартоўцамі, збірае грошы для ўдзелу ў спаборніцтвах, крыніца: www.nbcsports.com
Верагодна, услед за адсутнасцю сімвалаў РФ і Беларусі на міжнародных спаборніцтвах мы ўбачым змяншэнне колькасці спартоўцаў з гэтых краінаў. А потым і з’яўленне «незалежных атлетаў», якія не толькі не будуць прадстаўляць гэтыя дзяржавы, але і не будуць мець дачынення да падкантрольных федэрацый.
Узнікненне падобных прэцэдэнтаў можа адсунуць ад грашовых плыняў дзяржорганы, але яшчэ і перакуліць дагары нагамі ўсю спартыўную іерархію ў былым СССР. Спартоўцы будуць імкнуцца не толькі пазбягаць дзяржаўных структураў, але каб мець шанц патрапіць на сусветную арэну, і ствараць «вольныя асацыяцыі» для пошуку фінансавання і арганізацыі спаборніцтваў.
Такім чынам, сацыяльныя функцыі спорту па фарміраванні нізавых грамадскіх супольнасцей і лакальных структураў будуць узрастаць, выходзіць на верх, захопліваць розумы маладых спартоўцаў. А роля каманднай сістэмы дэградаваць з-за непатрэбнасці.
Што для былога СССР можа стаць сапраўднай рэвалюцыяй у грамадскай свядомасці.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org