Мінская кнігарня поўная сепаратысцкай і неасталінісцкай літаратуры.
Адна з галоўных сталічных кнігарняў разам з беларускай гістарычнай і мастацкай літаратурай вырашыла прапанаваць чытачу выданні даволі сумнеўнага зместу.
Сярод іх – “Факел Наваросіі” аўтарства аднаго з найбольш вядомых лідараў сепаратыстаў Паўла Губарава. На старонках кнігі апавядаецца пра гераічныя штурмы адміністрацыйных будынкаў на ўсходзе Украіны і ўсталяванне ўлады тэрарыстаў у рэгіёне.
Побач – “Бітва за Украіну” Аляксандра Шыракарада. Тут аўтар ставіць пытанні кшталту “Украінец – гэта партыя альбо нацыянальнасць?” і ў фарбах апісвае “ўдушэнне Крыма” кіеўскімі ўладамі альбо “адпор”, які дае Наваросія “хунце”.
Тут жа кніга “Ахвяра грамадзянскай вайны” пра пакуты Украінскай Праваслаўнай Царквы (Маскоўскага патрыярхату) ад рук украінскіх вайскоўцаў і СБУ. Усярэдзіне кнігі вялікая ўстаўка з фота нібыта абстраляных і знішчаных украінскай арміяй цэркваў і капліцаў.
На суседнім стэндзе – кніга вядомага расійскага прапагандыства Мікалая Старыкова “Расія. Крым. Гісторыя”, дзе ўслаўляецца анексія паўвострава. “У 2014-м наша краіна зноў стала звышдзяржавай дзякуючы мужнасці і стойкасці крымчанаў і палітычнай волі расійскага прэзідэнта”, – цытата з выдання. Анексія Крыма, якая супярэчыць усім міжнародным нормам, інакш як “вяртаннем дадому” у кнізе не называецца.
Выданнямі пра “геніяльнасць” ды “мужнасць” савецкіх правадыроў у Мінску, на жаль, ужо нікога не здзівіш. У “Акадэмкнізе”, зноў жа, знаходзім кнігу Старыкова “Сталін. Успамінаем разам” і “Берыя. За што яго не любяць…” Аўтар апошняй – нейкі Дзяніс Коба. Згадзіцеся, адзін псеўданім шмат пра што кажа…
Самае цікавае, што ўсе прапагандысцкія выданні знаходзяцца не ў секцыі, куды аўтары могуць самі аддаваць свае творы, чым і вядомая “Акадэмкніга”. То бок кнігарня ўсю гэтую літаратуру мэтанакіравана замаўляе на кніжных складах Расіі.
Алесь Кіркевіч