Пад канец года камуністы высунулі Мінгарвыканкаму «ультыматум»: перайменаваць вуліцу Каліноўскага, правесці музычны вечар «Назад у СССР: мой адрас — Савецкі Саюз», зачыніць гей-клуб «Гуллівы хабаток» ды... спыніць спагнанне арэнды за памяшканне са свайго сябра-камуніста скульптара Занковіча.
Фота: blr.belta.by
Выглядае як вестачка з дурдома. Насамрэч звыклыя навіны з Беларусі. Гадкоў пяць таму пасмяяліся б і забылі. Зараз жа прапановы выглядаюць цалкам «дарэчнымі», мэйнстрымавымі. Іх маглі агучыць і пенсіянеры-камуністы, і які-небудзь дэпутат ці міністр.
Узгадаем? Узгадаем...
І ўсё гэта пад завяршэнне «года гістарычнай памяці». Такім афіцыёз абвесціў 2022-гі, калі Вы раптам забыліся. Мы яго не заўважылі, а ён — быў. Узгадаем, што ж такога памятнага адбылося ў сферы гісторыі?
Па ўсёй Заходняй Беларусі нішчыліся пахаванні польскіх жаўнераў 1930-х — 1940-х гадоў. Ціха, па начох, сіламі сельсаветаў і нейкіх бамжоў, як пісалі СМІ.
Выйшла кніга «Генацыд беларускага народа» за аўтарствам генпракурора Шведа, дзе «даказваецца» сувязь нацызму з пратэстамі-2020.
А вось кніга «Айчына. Маляўнічая гісторыя» Арлова зараз такая ж экстрэмісцкая, як і «Майн Кампф» Гітлера.
Лозунг «Ж*** Беларусь!» зараз трэба пісаць так, бо ён экстрэмісцкі. Нагадаем, што яго аўтар — Янка Купала, а сам вокліч суправаджаў беларускі рух усё ХХ стагоддзе.
Герб «Пагоня», аказваецца, бывае розны. Пра тое, калі Пагоня — гісторыка-культурная-каштоўнасць, а калі — экстрэмізм, будуць разважаць не гісторыкі, а дэпутаты і сілавікі.
Да Лукашэнкі прыехаў Дугін, яны пагаварылі пра гісторыю філасофіі і філасофію гісторыі.
Па школах краіны прайшлі выставы, прысвечаныя ВАВ, генацыду, урокі «мужнасці» ды інш.
Барочны касцёл XVII ст. у Зембіне пачалі зносіць. Чаму б і не?..
Фота planetabelarus.by
Арыштаванае кіраўніцтва комплексу «Маёнтак Падароск», якое займалася адраджэннем старой шляхецкай сядзібы пад Ваўкавыскам.
У Гомелі на ўгодкі верасня 1939-га правялі «рэканструкцыю» падзеяў: людзі ў будзёнаўках ганялі старога чалавека са звязанымі рукамі, які ўвасабляў «польскага пана». Глуміліся з сцяга Польшчы і партрэта Пілсудскага.
Незалежныя кніжныя выдавецтвы, якія выдавалі ў тым ліку гістарычную літаратуру, зачышчаныя.
Чытайце яшчэ: Пагром выдавецтваў. Канец беларускай кнігі ці — рэлакацыя?
На ўвесь год расцягнуліся і яшчэ не скончыліся звальненні ды хваля эміграцыі гісторыкаў, супрацоўнікаў музеяў, навукоўцаў. Нехта з іх за мяжой будзе працаваць таксістамі, нехта — працягне навуковую дзейнасць, але ўжо НЕ ў Беларусі. Мы на нешта забыліся?.. Напэўна, так. Можаце пагартаць архіў навінаў і дапоўніць спіс, каб пераканацца, што «год гістарычнай памяці» прайшоў не дарма.
Год выцірання «непатрэбнай» памяці
З аднаго боку, у «год гістарычнай памяці» дзяржава не зрабіла чаго-кольвек заўважнага на ніве — нават сваёй — гісторыі. Не з’явілася помнікаў Машэраву ці Прытыцкаму, турыстычных маршрутаў па месцах КПЗБ. Не было суперпрэм’ераў кіно пра той самы 1939 год, генацыд беларускага народа ці подзвігі савецкіх партызан. Ніякіх цікавых кніжных навінак ці перавыданняў нават савецкай гістарычнай класікі. Нічога.
Мерапрыемства ў межах «Года гістарычнай намяці» ў Камарыне: сустрэча вучняў Камарынскай школы з прадстаўнікамі памежных службаў. Фота: bragin.by
З іншага боку, год адзначыўся шматлікімі забаронамі акурат у сферы нацыянальнай гісторыі. Дасталася і польскай гістарычнай памяці. Так, «год гістарычнай памяці» пераўтварыўся ў год выцірання «непатрэбнай» памяці. З невялікім дадаткам афіцыйных мерапрыемстваў для галачкі.
Можна сказаць, што дзяржаве было «не да таго». Але гэтая гісторыя хутчэй пра поўную ідэалагічную галечу і крызіс ідэяў, бо ў сучаснай РБ гісторыя разглядаецца акурат як ідэалогія, а не навука. Опцыя «ствараць» адсутнічае, толькі «забараняць».
Сістэмы інвестуюць у мінулае, калі бачаць сябе ў будучыні
Зазвычай моцна ідэалагізаваныя і таталітарныя сістэмы, якія маюць вектар у будучыню, акурат заклапочаныя гісторыяй. Каб дрэва мела моцную крону, патрэбныя карані.
Нацысты інвеставалі шалёныя грошы ў даследаванні германскай спадчыныі і капалі курганы ва Украіне ажно да прыходу Чырвонай Арміі. Саветы, нягледзячы на рэпрэсіі супраць гісторыкаў, таксама інвеставалі: канцэпцыя Старадаўняй Русі, археалогія Крыма і Каўказа, Эрмітаж. Па працах акадэмікаў Аўдзеева ці Тарле вучацца дагэтуль. Нават Чаўшэску цікавіўся старадаўнімі дакамі, укладаўся ў ідэю велічнай Румыніі.
Гэтыя ды іншыя сістэмы інвеставалі ў гісторыю, бо бачылі сябе ў будучыні. Няхай і мінулае, і будучыня бачыліся ім у сваім, выкрыўленым святле. На гэтым фоне сістэма РБ выглядае як праект-аднадзёнка, бо ані пра мінулае, ані пра будучыню нічога ўцямнага няма. Не напісана, не створана.
Сабраць бы ўраджай, дамовіцца б з коштамі на газ ды — каб усё было ціха. Ну і памяць у электарата, пажадана, каб адпавядала памяці залатой рыбкі. Гісторыя набывае чыста інструментальную функцыю: дадатак да пракурорскага абвінавачання.
Зрэшты, калі прыняць самы змрочны сцэнар пра інкарпарацыю... свае гістарычныя сэнсы і праўда без патрэбы. Тады — усё правільна, паводле плана.
Дарэчы, наступны 2023 год у нас, магчыма, стане «годам нацыянальнага гонару»... Што ж, трымайцеся!
Алесь Кіркевіч, budzma.org