Нядаўна Беларусь накрыла хваля інтэрнэт-махлярства. Невядомыя, тэлефануючы людзям ці дасылаючы ім паведамленні пра тое, што «актывізаваліся махляры», выманьвалі ў людзей іх дадзеныя банкаўскіх картак, атрымлівалі доступ да іх рахункаў і рабавалі іх. Узрушыліся ўсе: міліцыя, ахова банкаў, і гэтак далей. Аднак на самай справе, калі б людзі былі трошкі больш пільныя, нічога б такога не здарылася.
Менавіта таму, як не стаць ахвярай ў сеціве, была прысвечаная чарговая сустрэча, якую ў межах праекта «Маё права» зладзіла кампанія «Будзьма беларусамі!» на базе Цэнтра вольнага часу для дарослых і дзяцей «Экажыццё» (Бараўляны).
На сустрэчу прыйшлі ў асноўным дзеці і падлеткі. І гэта даволі слушна, бо пачынаць кіберадукацыю цяпер трэба з самага маленькага ўзросту. Каб не быць у далейшым ахвярай у інтэрнэт-прасторы, трэба ад пачатку навучацца асновам кібербяспекі. Прычым вучыцца трэба ўсім — і дзецям, і дарослым.
Інтэрнэт-бяспека і дзеці: міфы vs рэальнасць
Што ж здарылася ў Беларусі з банкамі? Заснавальнік і каардынатар некамерцыйнага праекта па развіцці крытычнага мыслення і супрацьстаяння фэйкам Віталь Каратыш прадэманстраваў гэта проста на сваім кампʼютары. Проста пры прысутных ён стварыў «фэйкавую» старонку АСБ «Беларусбанк» — для гэтага нават не спатрэбілася нейкіх спецыяльных хакерскіх методык, проста з дапамогай некалькіх камандаў у браўзеры (а цяпер амаль любы браўзер дазваляе атрымаць доступ да коду старонкі) ён «скапіяваў» нармальную старонку банка, замяніў там некаторыя элементы, і… вонкава старонка нагадвае афіцыйны інтэрнэт-банкінг аднаго з найбуйнейшых сайтаў краіны.
Варта змяніць там яшчэ некалькі элементаў, запусціць старонку ў сеціва — і атрымаецца выдатны інструмент па перахопе лагінаў і пароляў карыстальнікаў. А ўжо маючы доступ да інтэрнэт-банкінгу спажыўца, можна зрабіць з яго рахункам што заўгодна.
Віталь Каратыш
Як гэтаму супрацьстаяць? Уважліва глядзець, ці на тую старонку вы зайшлі. Ці не адрозніваецца, напрыклад, адрас на нейкую (хаця б адну) літарку ад афіцыйнага. І заходзіць толькі на правераныя сайты.
Віталь Каратыш зазначыў, што махляры ў гэтым выпадку карысталіся «панічнымі атакамі». Народ, напужаны трывожнай інфармацыяй, вельмі лёгка давяраў смсцы пра просьбу (нібыта ад банка) перайсці па спасылцы (якая вяла на фэйкавы сайт) і ўвесці там пароль. Такім чынам стваральнікі падробленага банкаўскага сайта атрымалі набор рэальных лагінаў і пароляў укладнікаў банкаў.
Кажуць, што некаторым ахвярам паступалі тэлефанаванні, дзе іх называлі па імені і прозвішчы. Тут, на думку адмыслоўцаў, нічога дзіўнага. Уся гэтая інфармацыя часцяком знаходзіцца ў сацыяльных сетках, якія мы самі і вядзем. Мы не заўважаем, колькі «лішняй» прыватнай інфармацыі пакідаем там. А тую, якая «не лішняя», з нас спрабуюць стрэсці.
Чытайце таксама: «Не пакідай слядоў….»
Як распавёў Каратыш, для гэтага існуюць «фэйкавыя» сайты і старонкі, якія патрабуюць «уваходу з дапамогай профілю сацыяльнай сеткі». Гэта таксама даволі небяспечны інструмент. Часцяком такія сайты просяць увесці лагін і пароль ад сацсеткі, але потым гэтыя дадзеныя застаюцца ў руках махляроў. Вялікая частка ўзлому старонак у сацыяльных сетках адбываецца менавіта так — людзі самі даюць свае дадзеныя каму заўгодна.
Таму адмыслоўца просіць не даваць сваіх лагінаў і пароляў нідзе, дзе гэта не патрэбна.
Большасць законапаслухмяных людзей яшчэ не ўсвядомілі, які гэта моцны інструмент — сацыяльныя сеткі. Затое гэта вельмі добра ўсвядомілі махляры. Напрыклад, калі дадаваць на сваю старонку ў сябры каго заўгодна, можна у далейшым нарвацца на непрыемнасці. Скажам, даволі актыўны ў інтэрнэце «сябра» папросіць нешта для яго набыць (абавязкова тэрмінова, «грошы потым вярну, ты ж мяне ведаеш!») і пераадрасуе вас на старонку інтэрнэт-крамы, якая скрадзе дадзеныя банкаўскай карты. Альбо папросіць «дапамагчы матэрыяльна» — і, можа, нават не яму, а нейкаму нібыта хвораму дзіцяці. А потым назаўсёды знікне з сяброў. А грошы прапалі.
Таму трэба вельмі пільна ставіцца да «сяброў». Зазвычай махлярскія акаўнты выкарыстоўваюць даволі папулярныя фатаздымкі, што бяруцца з інтэрнэту. І праз пошук па фатаздымку новага знаёмага можна даведацца, ці сапраўды ён на фатаграфіі.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Дакладна як банкаўская старонка, капіруецца і старонка ў сацсетцы! Праз вывучэнне стасункаў і паводзінаў вылічваецца найбольш блізкі чалавек, і махлярства адбываецца нібыта «ад яго імя». Аднойчы, напрыклад, сябру напісаў у мэсэнджар добры знаёмы, нібыта яго абрабавалі ў аэрапорце, і папрасіў пераслаць грошы на квіток дадому. Той пераслаў. А калі сустрэў знаёмага, той вельмі здзівіўся: ён нікуды не лётаў, ні ў якім аэрапорце яго не рабавалі, а ад яго імя ці то пісаў «фэйк», ці то яго старонка ў сацсетцы была ўзламаная.
А на пытанне, чаму ж той, хто пераводзіў грошы, не патэлефанаваў і не спраўдзіў гэтую інфармацыю, адказу няма.
Вельмі часта такія схемы працуюць у дачыненні менавіта да дзяцей. Ім прапануюць «выйграць айфон» альбо «падарыць ноўтбук» за, здавалася б, бяскрыўдныя дзеянні: паставіць лайк на старонцы, падпісацца на нейкую рассылку, прычым пацвердзіць тую рассылку смскай на кароткі нумар. А потым аказваецца, што гэтая смска каштуе шалёных грошай, якія спісваюцца з тэлефоннага рахунка дзіцяці.
Але найчасцей махляры спрабуюць уцягнуць дзяцей у неналежныя паводзіны. Альбо просяць дапамагчы «перанесці адзін пакунак у іншае месца», што патыхае распаўсюдам наркотыкаў, альбо «падзарабіць» такім жа чынам, альбо спрабуюць атрымаць нейкія кампраметавальныя для дзіцяці матэрыялы альбо фатаздымкі…
Чытайце таксама: Як правільна пакінуць лічбавы след – і стаць паспяховым
Таму трэба тлумачыць дзіцяці правілы бяспечных паводзінаў у інтэрнэце. Напрыклад, калі яго старонку ў сацсетцы ўзламалі — трэба пісаць у тэхпадтрымку рэсурса з просьбай тэрмінова заблакаваць акаўнт: невядома, што махляр разашле па сябрах і знаёмых.
Мы вучым дзіця не размаўляць з незнаёмцамі на вуліцы, не весціся на прапановы «цукерак», не сядаць у машыны і не заходзіць з незнаёмцамі ў ліфт — але чамусьці не лічым патрэбным патлумачыць, што тое ж самае трэба рабіць у інтэрнэце: не размаўляць з незнаёмымі і не весціся на іх прапановы і «заманухі».
Марыя Сосніна
І, вядома, кібербулінг — гэта мэтанакіраванае цкаванне падлетка ў інтэрнэце. Тут ужо падлеткам не абысціся без дапамогі дарослых. Часцяком дарослыя лічаць, што гэта дзіцячыя праблемы, яны разбяруцца самі. Але праблема можа зайсці настолькі далёка, што потым патрабуецца прафесійная дапамога — іншым разам аж да дыспансерызацыі.
Чытайце таксама: Як перамагчы кібербулінг. Лічбавая дэтаксікацыя
Псіхолаг Марыя Сосніна заўважае: дарослыя не павінныя пускаць дзіцячыя праблемы на самацёк і ўмешвацца ў іх у любым выпадку: нават тады, калі дзеці просяць гэтага не рабіць. Нават калі дапамагчы бацькі не могуць — дзіця павіннае адчуць падтрымку. Дзеці, якія адчуваюць падтрымку, і дзеці, якія такой падтрымкі не адчуваюць, — зусім розныя дзеці.
І з іх атрымаюцца зусім розныя дарослыя.
Аліна Бялова, budzma.by
Фота — Зарына Кандрацьева
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!