Час расчараванняў, непазбыўнай тугі і дрэнных навінаў. Калі зірнуць, што пішуць калегі па цэху ў асабістых выніках года, натуральна валасы пачынаюць варушыцца на галаве. Сапраўды, мінулы сезон быў не самы просты як для айчыннай культуры ў цэлым, так і ў прыватнасці для беларускага кінематографа. Мы адчулі чыноўніцкі ціск на Нацыянальны конкурс фестывалю “Лістапад”, у якім напоўніцу праявілася цэнзура; правялі першую дзяржаўную кінапрэмію, да вынікаў якой засталося шмат пытанняў; праз больш чым дваццаць гадоў неіснавання, адрадзілі Нацыянальны оскараўскі камітэт, праца якога таксама адзначылася скандалам на этычнай глебе.
Але, дзеля справядлівасці, хапала і станоўчых момантаў. Мы паглядзелі шмат добрага кіно, якое дабралася да вялікіх экранаў, наведалі вялікія і малыя фестывалі, на якіх нашыя таленавітыя кінематаграфісты атрымлівалі вялікія ўзнагароды на самым высокім узроўні, у тым ліку за мяжой. Вір падзей увесь час бурліў – і назіраць за гэтым працэсам ці нават удзельнічаць у ім было вельмі прыемнай і карыснай справай.
Таму ўспомнім самае-самае.
Калі перабіраць у галаве самыя выбітныя здарэнні за год, амаль усе яны непазбежна будуць звязаныя з фільмам “Крышталь” былой мінчанкі, а цяпер амерыканкі Дар’і Жук. Гэта трыумфальная фестывальная гісторыя, што пачалася з прэм’еры ў Карлавых Варах, заўчасная намінацыя на “Оскар” яшчэ да моманту афіцыйнага адраджэння Нацыянальнага оскараўскага камітэта. Вялікі (для беларускага аўтарскага кіно) кінапракат у Беларусі цэнзураванай версіі (без эпілогу з Чарнобыльскім шляхам у Мінску стваральнікі вырашылі абысціся). Больш чым цёплы прыём у Расіі і Украіне (тут таксама фільм цэнзуравалі, выразаўшы эпізод з рэперам Хаскі, аматарам “ДНР” і “ЛНР”). Адсутнасць у спісе намінантаў першай Нацкінапрэміі, што растлумачыць уцямна яе арганізатары так і не здолелі, і г.д. Так, можна спрачацца пра мастацкія якасці стужкі, але трэба прызнацца: з’яўлянне “Крышталя” ўзварушыла беларускую кінасупольнасць, не пакінуўшы нікога абыякавым.
У гэтай катэгорыі заўжды ёсць моцныя кандыдаты на першае месца. Гэта кінапаказы с аўтарскімі абмеркаваннямі праекта “Сваё кіно”, які ладзяць прадзюсар Леанід Каліценя і Наталля Бружнік. У кінатэатры “Ракета” працуе каманда Cinemascope – Вольга Надольская, Гера Глік, Таццяна Курачынская і інш., – якая ладзіць фестываль нямога кіно Kinemo, рэтраспектывы галівудскай класікі Restart у кінатэтары “Масква”, фэст музыкальнага кіно Beat Weekend.
Але гэтым разам мы перавагу аддамо оўпэн-эйр праекту “Белкіналета”, які ўласнымі сіламі і амаль без знешняй дапамогі ладзіць арт-менеджарка Ліна Мядзведзева і яе сябры па фестывалі Сinema Perpetuum Mobile. Сёлета пляцоўка змяніла месца дыслакацыі з падворку Гістарычнага музея, новая адміністрацыя якога патрабавала прадаваць квіткі на бескаштоўнае мерапрыемства, на пляцоўку фудкорта “Пясочніца”. Тут можна было паглядзець усё: ад аматарскіх гульнявых стужак і да эксперыментальных аўтарскіх артбастараў, знятых на мяжы дрэннага густу і геніяльнасці. Запэўніваем: атрымаць такі моцны візуальны вопыт у Беларусі больш нідзе нельга.
Кінафестывальная мапа Беларусі кожны год ходзіць хадуном. Зусім маладыя і больш сталыя ініцыятывы знікаюць з яе, не вытрымаўшы выпрабавання часам і запатрабаванасці ў аўдыторыі. Іншыя, як наказаў Ніцшэ, робяцца ўсё мацнейшымі. З невялічкіх найбольш рупліва расце кінафестываль паўночных і балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне”, які арганізуе прадзюсарка Вольга Чайкоўская са сваёй камандай. Пачаўшы з трывіяльных паказаў кінафондаў пасольстваў, ён паступова аброс карыснымі сустрэчамі з замежнымі кінематаграфістамі, абмеркаваннямі сацыяльных і гендарных трэндаў. Ну і праходзіць, а таксама піярыцца ён не менш якасна, чым большы і значна сталейшы “Лістапад”. Таму ёсць на каго раўняцца.
“Арт-кінатэатр”, Falcon Club Бутик Кино, Silver Screen у ГЦ “Дана Мол” і г.д. Кінапляцовак, дзе ладзяць шумныя імпрэзы, можна згадваць колькі заўгодна, але ўспомнім пра нашы страты – зруйнаваны “Авангард” у Грушаўцы і выстаўленая на аўкцыён “Перамога”. Першы гараджане так і не змаглі адстаяць у гарадской улады, якая аддала зямлю прыватнаму бізнесу пад будоўлю дзіцячага садка. З другога, найстарэйшага кінатэатра ў Мінску, чыноўнікі плануюць зрабіць натуральны цырк-шапіто – “аб’ект грамадскага харчавання і гандлю з кіназалам”. Так, гарадскі асяродак трэба паступова мадэрнізаваць, але ж не такімі гвалтоўнымі метадамі ў дачыненні да нашай культурнай спадчыны.
Цікава, што амаль за ўсімі самымі рэзананснымі падзеямі мінулага года стаяў Мінкульт. Гэта тычыцца і ўмяшання ў працу дырэкцыі “Лістапада”, якую не дапусцілі да фармавання канчатковага спісу ўдзельнікаў Нацконкурсу, і, безумоўна, правядзення першай Нацыянальнай кінапрэміі, у якой сярод арганізатараў, сяброў журы і пераможцаў аказаліся супрацоўнікі “Беларусьфільма”. Такога адкрытага нахабства беларуская кінапрастора, мабыць, яшчэ не бачыла. На гэтым фоне гісторыя з “оскараўскім” камітэтам, у склад якога ўвайшоў прадзюсар “Крышталя” з беларускага боку, бачыцца дробяззю.
Нікому ў галаву не прыйдзе лічыць айчынную кінасупольнасць кансалідаванай, але ўчынак рэжысёраў Евы-Кацярыны Махавай і Дзяніса Пуцікава, Кірыла Галіцкага і Святланы Казлоўскай ставіць гэтую тэзу пад сумнеў. Даведаўшыся, што Нацыянальны конкурс “Лістапада” аказаўся пад цэнзурай, гэтыя аўтары на знак салідарнасці вырашылі адмовіцца ад удзелу ў фестывалі. Гэта парадзіла асуджальны спіч міжнароднага журы FIPRESCI ў бок Мінкульта на цырымоніі закрыцця і, магчыма, паніжэнне ў пасадзе намесніцы міністра культуры Ірыны Дрыгі. То бок грамадзянскі перформанс атрымаўся на 10 балаў.
Як і ў выпадку з намінацыяй “Падзея года”, тут іншых варыянтаў быць не можа. Канкураваць у гэтай нішы не атрымліваецца ні “Унутры сябе” Сяргея Талыбава, ні тым больш “Не гульні” Дзяніса Скварцова. Тэхнічна паспрачацца за “першынства” магла стужка-эсэ Юліі Шатун “Заўтра”, якая восенню была ў пракаце, але мы яе адзначалі і мінулым годзе. Таму безапеляцыйная перамога Дар’і Жук.
У кароткаметражным фармаце спаборніцтва было больш жорсткае, пакуль перад самым “Лістападам” не з’явілася драма Мары Тамковіч “Дачка”. Стужка, знятая за польскія сродкі і пра праблемы Польшчы, трапіла ў самае сэрца журы Нацконкурсу “Лістапада”. Што сказаць, мы цалкам падтрымліваем гэта выбар.
Дакументалістыка апошнім часам аказваецца самым моцным бокам беларускага кіно. Стужкі Віктара Аслюка, Віктара Дашука, Ганны Адамовіч, Андрэя Кудзіненкі, Андрэя Куцілы… Карацей, імёнаў багата. Таму тут маглі быць “Дэбют” Анастасіі Мірашнічэнка (хаця гэту стужку мы адзначалі год таму), “Спевы для кіта” Руслана Фядотава, “Вайна і стрыптыз” Андрэя Куцілы. Але мы абяром экзістэнцыяльную драму-назіранне “Перазімаваць” Ева-Кацярыны Махавай. І не за яе грамадскі учынак на “Лістападзе”. Проста яе стужка дазваляе адчуць на ўласнай скуры, што такое плынь часу ў прадчуванні непазбежнай смерці. “Перазімаваць” – гэта кіно пра тое, што сталенне ў Беларусі – тое яшчэ выпрабаванне. За гэта і справядлівая ўзнагарода.
Стужак на роднай мове апошнім часам было злачынна мала, але тут відавочным пераможцам з’яўляецца “Ягор” – рэжысёрскі дэбют актораў Купалаўскага тэатра Рамана Падалякі і Міхаіла Зуя. Хлопцы творча падышлі да ўвасаблення прозы пісьменніка Андруся Горвата “Радзіва Прудок”, зрабіўшы звыштэатралізаваную, але кранальную драму аб смерці ў адной беларускай вёсачцы. Апладысменты стоячы!
Расхлябанаму беларускаму кіно не хапае ўпэўненай прадзюсарскай рукі, якая павядзе яго ў светлую будучыню, дзе кіно – гэта бізнес ці мастацтва, вартае ўдзелу ў фестывалях А-класу. Такія людзі паступова з’яўляюцца ў Беларусі: гэта Леанід Каліценя, Вольга Чайкоўская, Андрэй Курэйчык і г.д. Але сёлета найбольшых поспехаў дамогся Віктар Лабковіч. Менавіта ён прафінансаваў здымкі трылера “Унутры сябе”, які ішоў у пракаце і атрымаў узнагароду як “Найлепшы фільм” на Нацыянальнай кінапрэміі, і фактычна даў магчымасць Анастасіі Мірашнічэнка зняць дакстужку “Дэбют”, якая таксама трапіла ў пракат і ўдзельнічала ў мінулым годзе ў нідэрландскім фестывалі IDFA. Лепшыя вынікі і ўявіць цяжка.
У паспяховага дакументаліста Андрэя Куцілы, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, сёлета атрымаўся мастацкі дуплет – выйшлі дзве яго стужкі: “Стрыптыз і вайна” і “Сума”. Першую не выбралі ў Нацконкурс “Лістапада” з незразумелых прычын, але другая атрымала ўзнагароду згаданага вышэй фэсту IDFA – так бы мовіць, дакументальных Канаў. Такім чынам “Сума” стала першай беларускай дакстужкай, ушанаванай на такім высокім узроўні. Лепшайю нагоды для гонару і ўявіць нельга.
За год у Мінску паказалі многа якаснага замежнага кіно. Была палітычная сатыра “Cмерць Сталіна”, якую не паказалі ў Расіі, але пасля доўгіх роздумаў узялі ў сталічны пракат. Але самай паспяховай аказалася музычная біяграфія рок-гурта Queen “Багемская рапсодыя”. Стужка так спадабалася беларусам, што яе паказ некалькі разоў працягвалі, а ў залах былі аншлагі. Не абышлося і без кур’ёзаў: у магілёўскім пракаце прэм’еру адцягвалі, па чутках, праз паказаную гомасэксуальнасць фронтмена Фрэдзі Мэркьюры. Вось такія жарсці на роўным месцы па не найлепшым галівудскім фільме.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org