У чэрвені грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA абвясцілі ў Магілёўскай вобласці чарговы Кірмаш праектаў. Ён адбываецца ў рамках праграмы “Разам да справы!” і задуманы паспрыяць паляпшэнню культурнай прасторы гарадоў і мястэчак.
Так атрымалася, што большая частка прапаноў на Кірмаш, і да таго ж найбольш цікавых, прыйшла з Бабруйска, таму другі этап конкурсу ідэй для Магілёўшчыны быў праведзены ў гэтым цудоўным горадзе. Імпрэза прайшла 28 чэрвеня ў звыклым ужо для такіх сустрэч месцы — бабруйскім тайм-клубе “13:87”.
Другі этап Кірмашу праектаў — гэта публічная іх прэзентацыя, падчас якой аўтары не толькі агучваюць свае ідэі, але і могуць атрымаць парады прафесіяналаў па дапрацоўцы і рэалізацыі праектаў. Акрамя гэтага, актыўны ўдзел у абмеркаванні прэзентацый бяруць неабыякавыя да сваёй малой радзімы мясцовыя жыхары, бо менавіта яны найлепш могуць ацаніць, наколькі кожны праект запатрабаваны і цікавы самім гараджанам. Ну а актывісты — аўтары ідэяў падчас такіх сустрэч могуць знайсці не толькі валанцёраў-добраахвотнікаў, але і, магчыма, мецэнатаў і спонсараў для дапамогі ў рэалізацыі задуманых ідэй.
Ужо амаль традыцыйна для такіх сустрэч у нашым рэгіёне вёў імпрэзу прафесар Аляксандр Агееў. У самым пачатку ён згадаў мінулы бабруйскі Кірмаш праектаў, які адбыўся паўтара года таму, а Наталля Халанская, гаспадыня клуба “13:87”, падрабязней распавяла, што з тых прапаноў за гэты час рэалізаванае — цалкам ці часткова. Так, напрыклад, вельмі паспяхова праходзілі вечарыны народных танцаў, вулічныя гульні і паб-квізы, была выдадзеная серыя паштовак пра Бабруйск “Адкрый горад!”.
Экспертным журы на сённяшняй прэзентацыі выступілі: Юрый Стукалаў — каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па магілёўскім рэгіёне і кіраўнік магілёўскага Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, прафесар Ігар Шаруха — старшыня магілёўскага аддзялення беларускага Геаграфічнага таварыства, а таксама гаспадыня тайм-кавярні “13:87” Наталля Халанская.
Кожны з удзельнікаў абмеркавання атрымаў анкеты для ацэнкі прадстаўленых праектаў. Адзнакі ў анкетах выстаўляюцца па 10-бальнай шкале як экспертамі, так і прысутнай аўдыторыяй, таму кожны голас будзе мець вагу і значэнне ў далейшым лёсе прэзентаваных ідэй, а вынікі галасавання будуць апублікаваныя на сайце кампаніі.
На сённяшні Кірмаш было адабрана ажно дзесяць праектаў, прычым дзевяць з іх — праекты з Бабруйска, і толькі адзін магілёўскі. Абласны цэнтр прадставіў ідэю гарадскога краязнаўча-інтэлектуальнага чэмпіянату ў Магілёве, а праекты з Бабруйска былі самымі разнастайнымі — ад гарадскога стрыт-арту і вулічных танцаў да cтварэння феміністычнага клуба. Распавядзем падрабязна пра ўсе праекты.
“Вулічныя музычныя вечарыны”
Міхаіл Новікаў і Мікіта Бялевіч прапанавалі ідэю арганізацыі ў Бабруйску пляцовак для выступаў вулічных музыкантаў. Як аказалася, такі папулярны і, здаецца, просты для рэалізацыі жанр вулічнай музычнай культуры пакуль не прыжыўся ў гэтым горадзе. Час ад часу ў Бабруйску можна сустрэць такіх выканаўцаў, але яны пакуль не сталі часткай гарадской культуры, як шмат дзе не толькі ў свеце, але і ў Беларусі. Так, напрыклад, у Мінску на вуліцах можна пабачыць не толькі невядомых выканаўцаў, але нават “зорак”.
Аўтары праекта бяруцца за рэалізацыю такіх выступаў — а гэта і ўзгадненне месца і часу з уладамі, і падтрымка музыкаў-пачаткоўцаў, і дапамога з апаратурай, інфармацыйная кампанія. Праектам прадугледжанае правядзенне шасці музычных вечарын у жніўні-верасні, якія б сталі своеасаблівай стартавай пляцоўкай для папулярызацыі музычнай вулічнай культуры ў Бабруйску.
“Кірмаш праектаў” для Магілёў…
“Гарадскі стрыт-арт”
Не менш папулярны і шмат дзе ў Беларусі рэалізаваны кірунак вулічнай культуры — гарадскі стрыт-арт — прапанавалі пашырыць на Бабруйск Інга Вінглеўская і Лізавета Браімава. На думку аўтараў праекта, у Бабруйску вельмі шмат шэрых сцен і платоў, дзе стрыт-арт мог бы выглядаць арганічна, упрыгожыць і “акультурыць” гарадскую прастору. Да 630-годдзя горада на некаторыя трансфарматарныя будкі быў нанесены трафарэт з контурам горада і датай, але, на думку Інгі і Лізаветы, гэта нельга лічыць паўнавартасным стрыт-артам. Задумка стварыць першыя стрыт-арт аб’екты ў Бабруйску можа даць гараджанам яшчэ адзін інструмент для абмену ідэямі, натхніць на новыя культурніцкія праекты, змяняць да лепшага эмацыйнае аблічча горада. Праз стрыт-арт мастакі і іншыя творчыя асобы, перш за ўсё падлеткі і моладзь, змогуць данесці свае ідэі і погляды на жыццё, атрымаць новыя магчымасці для самарэалізацыі.
“Кірмаш праектаў” для Магілёў…
Праект прадугледжвае правядзенне публічнай лекцыі на тэму стрыт-арту, шэрагу воркшопаў і майстар-класаў ад мастакоў, а потым — непасрэдна конкурс ідэяў гарадскога стрыт-арту і рэалізацыя найлепшага праекта.
“Нежаночая” справа”
Ідэю стварэння Феміністычнага клуба прэзентавала Соф’я Пінчук. Мэта яе праекта — сабраць супольнасць, якая падтрымлівае і перадае ідэі фемінізму і гендарнай роўнасці. Адна з прычынаў, што падштурхнула да ідэі клуба, — у Бабруйску адсутнічае прытулак для жанчын, якія пацярпелі ад гвалту, а многія жанчыны нават не ведаюць, што такі цэнтр можа быць. Па-другое, у большасці гараджан практычна адсутнічае аб’ектыўнае разуменне ідэй фемінізму, лічыцца, што гвалт — гэта толькі калі б’юць, і тое не заўсёды. Праект “Нежаночая” справа” арыентаваны на мужчын і жанчын ад 16 гадоў да найстарэйшых і прадугледжвае правядзенне два разы на месяц інфармацыйных сустрэч (усяго адзінаццаць цягам шасці месяцаў плюс адна выніковая). Першая сустрэча запланаваная на 4 ліпеня 2018 г. Псіхолаг з ГА “Радзіслава” з аповедам пра віды гвалту ў сям’і і грамадстве, з інфармацыяй, як можна гвалт распазнаць, як яму супрацьстаяць і куды звярнуцца па дапамогу.
“Кірмаш праектаў” для Магілёў…
URBAN QUEST
Гарадскі краязнаўча-інтэлектуальны чэмпіянат — адзіны праект, які быў прадстаўлены на Кірмашы не з Бабруйска. Яго распрацавала каманда арганізатараў з РГМА “Грамадзянскі форум”, а прэзентаваў Ігар Нікіцін. Мэта такіх гульняў — папулярызацыя культуры Магілёва і развіццё гістарычнай памяці гараджан праз спаборніцкі фармат URBAN QUEST, што спалучае дзве часткі — краязнаўчае арыентаванне і Quіz-спаборніцтва на веданне гісторыі свайго горада. Адначасова мерапрыемства разглядаецца як добры ўзор цімбілдынгу (пабудова каманды), калі сысціся ў супрацьстаянні, нефармальна камунікаваць паміж сабой могуць каманды з розных сфераў — працоўныя калектывы і бізнес-структуры, дзяржаўныя органы і грамадскія арганізацыі, што будзе спрыяць развіццю сувязяў паміж імі.
Ідэя ўзятая са спаборніцтва “Як добра ты ведаеш Рыгу”, якое адбываецца штогод у сталіцы Латвіі, ладзіцца недзяржаўным Інстытутам TSІ і, нягледзячы на тое, прыцягвае ўвагу вялікай колькасці аматараў захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці горада, спалучае намаганні гарадской мэрыі і бізнесу.
Чэмпіянат URBAN QUEST будзе складацца з двух тураў — краязнаўчага арыентавання з заданнямі на пошук самых цікавых, а падчас і незнаёмых культурных каштоўнасцяў горада, і тэарытычнага квіза ў фармаце мазгабойні. Да удзелу будуць запрошаныя 10 камандаў па 5 чалавек кожная з розных сфераў — ад працоўных калектываў да дзяржаўных органаў і НДА.
“Кірмаш праектаў” для Магілёў…
Для камерцыйнай падтрымкі бізнес-структурам Магілёва будуць адпраўленыя запрашэнні ўзяць удзел у спонсарскай дапамозе. У адказ сімвалы партнёраў будуць размешчаныя на майках удзельнікаў, рэкламных абвестках, і ў квіз будуць уключаныя “спонсарскія” заданні і пытанні.
“Прыпынак Адамовіча”
Стварэнне адпаведнага арт-аб’екта ў г.п. Глуша Бабруйскага раёна прапанаваў Андрусь Архіпенка. Гэта ўжо другая спроба аўтара прапанаваць сваю ідэю на Кірмаш праектаў. Мінулым разам, таксама ў Баруйску, ён прэзентаваў ідэю ўсталяваць помнік Алесю Адамовічу на малой радзіме пісьменніка. Але той праект быў досыць маштабны і дарагі, неабходныя сродкі было вельмі цяжка знайсці нават нягледзячы на тое, што паралельна быў створаны грамадскі савет па арганізацыі будучага музея Адамовіча ў Глушы.
Гэтым разам Андрусь перафарматаваў ідэю — ён прапануе ператварыць звычайны аўтобусны прыпынак каля Глушы ў прывабны арт-аб’ект. Прыпынак месціцца на ажыўленай трасе Бабруйск — Глуск — Слуцк і будзе прыцягваць увагу як жыхароў пасёлка, так і гасцей і проста мінакоў, што праязджаюць па шашы праз Глушу, да творчасці і асобы Алеся Адамовіча. 2018 год у нас абвешчаны Годам малой Радзімы, таму стварэнне арт-аб’екта паспрыяе і развіццю малой радзімы пісьменніка.
“Кірмаш праектаў” для Магілёў…
У рамках рэалізацыі праекта ўжо праведзеная экскурсія для бабруйчан па мясцінах малой радзімы Алеся Адамовіча, зроблены сайт адамовіч.бел, а ў траўні 2018-га прайшоў конкурс эскізаў арт-аб’екта. Ідэю падтрымалі мясцовыя ўлады — Глушанскі сельсавет і Бабруйскі райвыканкам, напісаная вялікая колькасць артыкулаў, зробленыя відэасюжэты для прыцягнення ўвагі да ідэі, сабрана больш за 600 подпісаў за стварэнне ў Глушы сквера Алеся Адамовіча. Зроблены папярэдні макет бюста Алеся Адамовіча і атрыманы адказ з Міністэрства культуры з узгадненнем прапановы па ўсталяванні бюста. Папярэдне для рэалізацыі праекта на краўдфандынгавай платформе “Талака” нават сабраная частка сродкаў. Але яшчэ патрэбная дапамога дызайнера, мастака і архітэктара, каб дарабіць канчатковы варыянт эскіза, а для яго рэалізацыі неабходныя інструменты і матэрыялы.
Публічныя гарадскія лекцыі
Для падвышэння культурнага ўзроўню, развіцця эстэтычнага густу і павагі да свайго горада прапанавала праводзіць Дар’я Карніцкая. На яе думку, такія лекцыі зацікавяць людзей, што маюць жаданне і патрэбу атрымаць веды па этыкету і эстэтыцы. Яны будуць карысныя для падлеткаў і моладзі як прыклад нефармальнай адукацыі, для бацькоў з дзецьмі — для выхавання з улікам этыкету з малога ўзросту, а людзям сталага веку дадуць магчымасць узяць удзел у гарадскім жыцці. Каб заахвоціць жыхароў, не гатовых самастойна наведваць лекцыі такой тэматыкі, Дар’я Карніцкая вырашыла прыйсці да іх сама і ў самых нечаканых прасторах.
“Кірмаш праектаў” для Магілёў…
Яна плануе зладзіць пяць лекцый у пяці самых людных месцах Бабруйска: у скверы каля Дома сувязі, на плошчы Леніна, у гандлёвым доме “Карусель”, у гарадскім парку культуры і адпачынку і ў самой тайм-кавярні “13:87”.
“ПікнічОК”
Адпачынак ў “экастылі” прэзентавала Юлія Саковіч. Яна запрашае ўсіх ахвочых выдатна прабавіць час усёй сям’ёй на прыродзе, прычым нават няважна, калі ў сям’і толькі адзін чалавек — вы самі. Сумесны “пікнічок” задуманы для адраджэння найлепшых традыцый агульнага адпачынку для ўсёй сям’і, але без алкаголю і аднаразовага пластыкавага посуду. Плануецца, што кожны ўдзельнік унясе сваю лепту ў агульную справу: хтосьці правядзе майстар-клас, хтосьці прыгатуе гарбату і каву, а нехта зладзіць шпацыр ці спартовыя спаборніцтвы. Арганізатары ўжо падрыхтавалі серыю майстар-класаў: па прыгатаванні карысных прысмакаў, жывапісе, недарагім падарожжы, а таксама спартландыю з перацягваннем канату. Ахвочыя змогуць схадзіць у лазню, парыбачыць, пагуляць у валейбол, бадмінтон, проста пагутарыць і пазнаёміцца. Вызначаныя ўжо дакладныя дата і час правядзення пікніка — 19 жніўня з дзесяці раніцы да сямі вечара, а зладзіць усё плануецца на базе адпачынку “Бярозка” недалёка ад горада.
“Кірмаш праектаў” для Магілёў…
Кіно і танцы ў Бабруйску
Далучыць гараджан да культуры танцу праз вобразы кіно бяруцца ў сваім праекце Юлія Літвінава і Людміла Крылова. Яны вырашылі пашырыць фармат і кругагляд ужо наяўнай бабруйскай “Вечарынкі” і дапоўнілі ідэю сваіх адкрытых танцавальных вечарын пад жывую музыку праглядам кіно на абраную тэму. Такі новы і незвычайны фармат, на іх думку, праз кіно і танцы будзе спрыяць дыялогу розных культур. Запланавана зладзіць шэсць адкрытых кіна-танцавальных сустрэч не толькі на тэмы мясцовых нацыянальных супольнасцяў альбо ў стылі “рэтра”, але і правесці брэтонскую, эстонска-фінскую вечарынку ці нешта падобнае.
“Кірмаш праектаў” для Магілёў…
“Вырашаем пытанні па-суседску”
Апошні з прадстаўленых праектаў ставіць мэтай аб’яднаць не менш за 300 жыхароў мікрараёна Заходні горада Бабруйска праз сумеснае рашэнне мясцовых праблем. Распрацавала праект прыватная сацыяльная ўстанова “Цэнтр дапамогі сем’ям і дзецям”, а прэзентавала — Вольга Казначэева, заснавальніца і кіраўніца гэтай установы.
Паміж дварамі згаданага мікрараёна знаходзілася закінутая тэрыторыя. У 2016 годзе сумесна з жыхарамі, якія жывуць побач, пры падтрымцы адміністрацыі Першамайскага раёна Бабруйска і ініцыятывы “Цэнтр дапамогі сем’ям і дзецям” быў праведзены суботнік, зробленае добраўпарадкаванне лавачак і пясочніцы для мам і дзяцей, закладзеныя клумбы. Не засталася гэтая пляцоўка і без культурна-масавых мерапрыемстваў — за гэтыя гады на “Сонечнай паляне”, як назвалі тэрыторыю самі жыхары, праводзіліся святы сям’і, майстар-класы, розныя спартыўныя спаборніцтвы. Жыхары палюбілі гэтую пляцоўку і з задавальненнем адпачываюць там. Цяпер удзельнікі ініцыятывы і мясцовыя жыхары дамаўляюцца з уладамі пра ператварэнне камунікатыўнай пляцоўкі “Сонечная паляна” ў парк адпачынку мікрараёна Заходні.
“Кірмаш праектаў” для Магілёў…
У жніўні 2018 года “Цэнтр дапамогі сем’ям і дзецям” сумесна з жыхарамі і актывістамі мікрараёна плануе правесці экалагічную сустрэчу на пляцоўцы “Сонечная паляна”. Каб дафарбаваць лавачкі, агарадзіць дзіцячую пляцоўку ад аўтастаянкі, усталяваць кантэйнеры для смецця, і ладзіцца пошук фінансавання
Адзначым, што гэтым разам кожны праект (акрамя апошняга) меў даволі канкрэтны каштарыс, у некаторых выпадках разлічаны нават да рубля, усе неабходныя выдаткі былі акрэсленыя і распісаныя. Цешыць і тое, што многія праекты будуць у любым выпадку рэалізаваныя, нават калі не пройдуць далейшы адбор на Кірмашы, хіба што без неабходных дадатковых рэсурсаў — у больш сціплых маштабах.
Як звычайна, пасля ўсіх прэзентацый удзельнікі зладзілі абмеркаванне ў нязмушанай сяброўскай абстаноўцы за кубачкам кавы ці гарбаты. Невялічкі каментар па выніках прэзентацыі даў адзін з экспертаў — Ігар Шаруха: “Уражанні самыя добрыя ад прадстаўленых праектаў, калі б было дастаткова сродкаў, іх усе можна было б ацаніць у 10 балаў, але даводзіцца зыходзіць з той рэчаіснасці, што маем. Канечне, былі праекты больш моцныя, больш глыбока прапрацаваныя, але ўсе яны вартыя разгляду, мы не страцілі сёння час, нават нейкімі ідэямі я і сам “падпітаўся”, было ўсё цікава, вельмі добра арганізавана — столькі прэзентацый і абмеркаванні змясцілі ў дзве гадзіны, так што ўражанні самыя добрыя”.
Тэкст і фота – Алесь Сабалеўскі