У першыя выходныя ліпеня Магілёў з размахам адзначыў сваё 750-годдзе. Святочныя мерапрыемствы праходзілі адразу на некалькіх пляцоўках — арганізатары назвалі каля 30 лакацый, прычым не толькі ў цэнтры, але і на ўскраінах горада. Сёлета чыноўнікі сапраўды прыклалі шмат намаганняў, каб свята было не толькі для галачкі, і акрамя забаў, што набілі аскому яшчэ ў савецкія часы, зрабілі шмат сапраўды годнага i цікавага.
Традыцыйны святочны парад, здавалася, падзяліў горад на дзве паловы: першая ўдзельнічала ў шэсці, другая прыйшла на яго паглядзець. Само шэсце было пакліканае прадэманстраваць усё прыгожае, што здарылася ў Магілёве за 750 гадоў яго існавання. Канечне, не бразільскі карнавал, але пачуццё дачынення да гісторыі горада i крыху гонару за яго адчуць атрымалася.
Пасля параду гараджане разбрыліся па кавярнях, кірмашах, выставах і канцэртах. Дарэчы, апошнія ў гэтым годзе праходзілі, здаецца, нон-стоп усюды, дзе толькі можна было паставіць сцэну, прычым знайсці для сябе што-небудзь цікавае мог нават самы патрабавальны слухач. Спачатку гордыя мамы і бабулі рыдалі ад замілавання падчас выступу сваіх дзяцей-выхаванцаў шматлікіх творчых студый горада, а потым адрываліся на танцпляцоўках пад Таню Aўciенка, Стаса Касцюшку, “Старога Ольсу” і J:МОРС.
Дарэчы, менавіта ў святочныя дні тут выбралі найлепшую песню пра горад на Дняпры — ёю стала кампазіцыя “З нараджэннем, Магiлёў!” на вершы Аляксандра Шлеянкова і музыку Мікалая Яцкова. Песню абяцаюць запісаць на дыск, які ў якасці сувеніра можна будзе дарыць замежным сябрам. Не выключана нават, што яна стане новым гімнам горада.
Больш практычным падарункам гораду стаў рамонт неўралагічнага аддзялення Магілёўскай бальніцы №1, які завяршылі акурат да святаў.
Пацвердзіў Магілёў і сваю рэпутацыю горада моцных, прыгожых і спартыўных людзей: 1 ліпеня больш чым тысяча магілёўцаў бегла марафон на 1267 метраў. Дыстанцыя невыпадковая: 1267-ы афіцыйна лічыцца годам заснавання Магілёва.
Яшчэ адным вартым увагі мерапрыемствам стала свята нацыянальнай культуры ў этнаграфічным комплексе “Зялёны гай”. Пад народныя спевы тут можна было набыць вышыванкі ці падкову на ўдачу, а таксама пакінуць пажаданне гораду. Усе пажаданні склалі ў велізарную капсулу, якую закапалі і абяцалі выкапаць толькі праз 50 гадоў. Што ж, паглядзім, ці збудзецца нешта з таго, што пажадалі Магілёву яго жыхары.
Карацей, падзей было столькі, што магілёўцы проста павінныя былі стаміцца святкаваць, але гэтага не адбылося. Увечары на плошчы Леніна падчас лазерна-светлавога шоў было не праціснуцца. Экранам для вясёлых малюнкаў стаў будынак аблвыканкама. Тут жа, на плошчы, больш за 2000 артыстаў правялі рэканструкцыю ўсёй гісторыі горада! Цяжка ўявіць, якую працу зрабілі арганізатары, каб усё прайшло без сучка і задзірынкі, але тым не менш яны даказалі, што нават у невялікім Магілёве можна зрабіць шыкоўнае свята, былі б грошы.
Вішанькай на святочным торце стаў сапраўдны падарунак ад сяброў з Кітая — паўгадзінны феерверк, падрыхтаваны і запушчаны спецыялістамі з горада Чанша правінцыі Хунань. Нягледзячы на тое, што да вечара надвор’е сапсавалася і пайшоў моцны дождж, на салют сабралася паўгорада. Кажуць, кітайцы да запуску рыхтаваліся два месяцы, трэніруючыся на сваіх выпрабавальных палігонах, відовішча сапраўды атрымалася пышнае, i тыя, хто застаўся дома, кусалі потым локці, бо Магілёў такога яшчэ не бачыў.
Іра Тонева, фота – Іна Мельнікава