У траўні будзе год, як у Віцебску адкрыліся курсы «Мова нанова». Як перад аўдыторыяй, так і ў прыватнай размове, іх крэатыўны вядучы Сяргей Маркаў прыемна ўражвае аптымізмам, шчырасцю і вытанчаным пачуццём гумару. А таксама – ініцыятыўнасцю і неўміручым спадзяваннем на лепшае.
– Сяргей, распавядзі, якім чынам ты прышоў да курсаў?
– Выпадкова. Калі ў інтэрнэце з’явілася абвестка, што можна зрабіць перадзамову на апошні зборнік Рыгора Барадуліна, то спісаўся з заснавальнікам «Мова нанова»Глебам Лабадзенкам, крыху спытаўся ў яго пра курсы. А калі ў Менску забіраў у яго кнігі, то мы дзве гадзіны размаўлялі, і я сам не зразумеў, як апынуўся на гэтых курсах. Ён адразу пачаў мне расказваць, як зарганізаваць усё, падбухторваў мяне. Напэўна, зразумеў, што я магу падключыцца. Казаў: спачатку трэба знайсці памяшканне. У Віцебску я сустрэўся з Уладзімірам Булаўскім, каардынатарам грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі», ён параіў «Задзвінне». Ну і пакацілася!
– Але ж прага да беларускага ў цябе была і раней?
– Жаданне беларускасці неяк адразу з дзяцінства ўзнікла. Захапляўся беларускімі кніжкамі. Змітро Бяcпалы мяне ўражваў, я любіў чытаць пра прыроду. Быў такі зборнік«Лясныя хітруны». Калі мне было 10, я папрасіў бацькоў падарыць мне беларускую кніжку. І атрымаў. «Людзей слухай, а свой розум май» – зараз я такіх выданняў нават не бачыў. А далей само пайшло… З матэматыкай і фізікай былі не самыя лепшыя адносіны, таму адразу вызныўся, куды ісці. Паступіў на факультэт беларускай філалогіі і гісторыі нашага ВДУ.
– Напэўна ж, і гэта наклала адбітак?
– Канешне. Я не магу сказаць, што падчас вучобы быў у захапленні ад беларускай літаратуры. А калі ў 2002 годзе скончыў, то пацягнула: з’явіўся інфармацыйны голад. Пачаў перачытваць праграму, адкрываць яе для сябе нанова. І ва ўніверсітэце, і зараз я захапляўся толькі Баршчэўскім. Купалу я адкрыў пасля. Мы тады так ставіліся да Купалы і Коласа: гэта такая заказная папса – «кіркоравы» камуністычныя. Маладыя былі, не так глыбока глядзелі, не так адчувалі той час, менавіта з гістарычнага боку. Зараз я зусім па-іншаму стаўлюся, і ў той жа час да некаторых пісьменнікаў, якіх тады паважаў, змянілася стаўленне. Я нарадзіўся ў Віцебску, у Беларусі, таму беларускасць сама прыйшла.
– А ці хутка знайшлося месца для курсаў?
– Ды не вельмі… Але «Задзвінне» не было супраць. Кіраўніцтва пабачыла, што ў правілах курсаў напісана, што яны па-за палітыкай, па-за рэлігіяй. А калі пачалі паўнавартасна працаваць, прыйшла да нас Наталля Аляксееўна Шыянок, начальнік гарадскога аддзела культуры, ёй вельмі спадабалася. Зараз нас падтрымлівае аддзел культуры, гарвыканкам і ніяк перашкод для працы няма. «Задзвінне» ідзе насустрач. Тое, што далі памяшканне, – вялікая справа. Нам не трэба хавацца, шукаць нейкія андэграўндныя пляцоўкі або антыкавярні, куды кантынгент больш дарослы, сталы не ходзіць. Напрыклад, жанчыны пенсійнага ўзросту. Я вельмі сумняюся, што яны пойдуць на «Паддашак». Канешне, хацелася б з часам большае памяшканне. Мара нашая – у ратушу забрацца! Усё ж такі цэнтр горада – прэстыж, шыкоўна, крута!
– І былі такія намаганні?
– З ратушай мы ладзілі сумесна заняткі. У верасні, калі быў месяц беларускай мовы, і мы зрабілі тэму «Казкі» на базе краязнаўчага музея. Але ёсць свае складнасці…
– А ў бібліятэкі не звярталіся?
– Не… Да нас часта прыязджаюць музыкі, яны задаволеныя акустыкай залы. Да нас і Андрусь Такінданг прыязджаў, і той жа Зміцер Вайцюшкевіч, і гурт «Хэнд Мэйд»… Усе кажуць: «О, у вас акустыка! Класна!» Нават нейкай дадатковай апаратуры не трэба. Плюс нашыя слухачы, «курсанты» раз на месяц могуць пабачыць новую экспазіцыю (усміхаецца).
– Як было ўключацца ў праект, які ўжо набраў абароты, адпавядаць узроўню?
– Дзякуй Глебу Лабаденку і Алесі Літвіноўскай – двум паўнавартасным кіраўнікам, якія стварылі гэтыя курсы. У інтэрнэце на сайце «Мова нанова» падрыхтаваная база, нам не трэба было сядзець з сувядоўцай Таццянай Дубоўскай і распрацоўваць заняткі. Адкрываеш сайт: граматыка ёсць, тэма ёсць, слоўнік ёсць. Галоўнае – правесці. І тут важныя персанальныя якасці. Спачатку было непаразуменне, як гэта рабіць. Ездзілі ў Менск па досвед… Вядома, там прасцей, там больш беларускамоўных. У Віцебску гасцей знасці не проста. Напрыклад, калі была тэма «Зоркі», да нас прыязджаў Цімафей Авілін. У нас тут ёсць Голубеў, вельмі вядомы астраном і па-за межамі Беларусі, але ён рускамоўны. Людзі ў першую чаргу павінны чуць жывую мову, на гэтым уся база.
– Карацей, падтрымка адчуваецца…
– Глеб з Алесяй правялі першыя віцебскія заняткі, і на іх падставе мы пачылі нешта сваё рабіць. Напрыклад, мы з Таццянай Дубоўскай распрацавалі тэмы «Дзяды», «Рыбалка», і цяпер яны ёсць на сайце. Зараз запускаецца новы сайт, будуць выкладацца поўныя відэазапісы заняткаў. Не толькі віцебскія, але і па ўсіх гарадах, дзе курсы адбываюцца.
– Як ты, дарэчы, знайшоў Таццяну Дубоўскую?
– Беларускамоўных у горадзе не так шмат: усе адзін аднаго ведаюць. Таццяна – выпускніца факультэта беларускай філалогіі і культуры ВДУ.
– Атрымліваецца працаваць разам?
– Атрымліваецца, мне дык вельмі камфортна. Яна вельмі добра рыхтуецца да заняткаў. Заўжды гатовая трымаць адказ: ёсць жа розныя правакатары. А я ў граматыцы магу «паплыць». Калі ёсць спрэчныя пытанні, Таццяна заўсёды высветліць. Толькі яна хвалюецца крыху. Асабліва напачатку складана было. Мая ж задача – перашкаджаць ёй. Граматыка – рэч, канешне, патрэбная, галоўная на курсах, але ж нудота. Трэба гэта неяк разбаўляць, і тут я атрымліваю асалоду, для мяне гэта як свята. Але паступова Таццяна звыклася.
– Сяргей, а колькі часу ты аддаеш на курсы?
– Раней – прыкладна суткі ў тыдзень на падрыхтоўку, а зараз – будзе яшчэ больш.
– Больш? Гэта чаму?
– Мы працуем над тым, каб запусціць «Мова нанова дзеткам». Людзі пытаюцца, чаму ў Менску, у Берасці, у Гародні ёсць, а ў нас няма і няма… Зараз шмат існуе школ развіцця, у прынцыпе ў нас будуць тыя ж развіваючыя заняткі: дзеці будуць маляваць, ляпіць, але ўсё па-беларуску і з беларушчынай у аснове. Будуць прыязджаць знакамітыя госці. Сэнс у тым, што за развіваючыя школы трэба плаціць, а тут бацькам трэба набыць толькі фарбы, пластылін… І ніхто грошы з іх браць не будзе.
– Але ёсць і праблемы…
– У першую чаргу, знайсці вядоўцаў. Гэта ж павінны быць людзі, якія будуць працаваць на чыстым энтузіязме. Вядуцца размовы з Ганнай Архіпенкай і Марынай Булатоўскай – актывістамі, заснавальнікамі праекту «Забаўлянкі для Янкі». На сёння самае галоўнае – запусціць, паспрабаваць, як пойдзе, ці варта рабіць…
– А табе самому не шкада часу, можа, варта адддаць на што больш карыснае?
– Мне сапраўды задавалі пытанне: што змянілася з прыходам «Мова нанова» ў тваё жыццё? Першае:у мяне няма ніводнага выходнага (усміхаецца). Асабліва адчулася ў верасні, кастрычніку, калі на курсы прыйшло 20 чалавек, астатнія папярэдзілі, што паехалі за грыбамі. А я замест таго, каб дыхаць паветрам і гуляць па лесе…. Але часу не шкада. Хочацца верыць у тое, што гэта не дарма робіцца, што гэта прыносіць нейкі плён. І плён сапраўды ёсць: усё больш людзей звяртаецца, ёсць цікаўнасць. І на тэлебачанне я патрапіў менавіта дзякуючы курсам. (Заўвага аўтара.Сяргей Маркаў з’яўляецца адным з вядучых праграмы «Вячэрні Віцебск» на тэлеканале «Віцебск»).
– І кідаць «Мова нанова» ты не плануеш?..
– Ды куды ўжо кідаць!.. Складанасць у тым, што хочацца ўсё больш і больш цікавага. Курсы зацягваюць і становяцца працай, а не проста тым, чым бавішся ў вольны час. Гэта сапраўды патрабуе вялікіх намаганняў і адбірае вельмі шмат. Трэба адшукаць госця, новую тэму…
– У траўні «Мова нанова» ў Віцебску спаўняецца 1 год. Якія ў цябе самога пажаданні да курсаў, дасягненні?
–Хацелася б, каб больш людзей прыходзіла – 200-300 чалавек. У нас зараз сярэдняя лічба – 40. Калі прыязджае нейкі гурт, то колькасць адпаведна павялічваецца – 60-70. Але калі судносіць з колькасцю насельніцтва,то ў нас даволі прыстойна, бо ў Менску на 2 мільёны – 250-300 чалавек. Зараз курсы афіцыйна зарэгістраваныя, таму з красавіка ідзе рэклама ў транспарце. Хаця б друкаваная. Да нас ходзіць даволі шмат людзей сталага ўзросту, яны ставяцца да сур’ёзна, з вялікай цікавасцю, адказнасцю, цягнуць са сабой дзяцей, нехта ўжо і ўнукаў прыцягнуў. Але ж інтэрнэту баяцца, таму і не ведаюць пра існаванне гэтых курсаў. Калі мы развесім інфармацыю ў аўтобусе, то, напрыклад, тыя, хто будуць ехаць на лецішча ва Уланавічы, пабачаць, і павінны быць нейкі прырост. На дадзены момант ёсць касцяк – чалавек 20, якія ходзяць заўжды. Сыходзяць зазвычай тыя, хто ўжо валодае беларускай мовай, яны проста прыходзілі ў беларускамоўнае асяроддзе. Ці на нейкага госця паглядзець, паслухаць…Напрыклад, на Вайцюшкевіча прыйшло больш за 100 чалавек. Тады шмат людзей абнавілася. Калі «Рэлікт» прыязджаў – прыйшлі новыя людзі, парачка школьнікаў…
– Такім чынам, «Мова нанова» ў Віцебску даволі паспяхова развіваецца…
– Толькі не стае глабальнай рэкламы. Вось каб бігборд – бах! – у горадзе, што ёсць у нас «Мовананова»! Каб некалькі сотняў прышло!(усміхаецца)
– І куды ж ты змесціш столькі людзей?
– Пляцоўкі ёсць.На стадыёне – чаму не? Гэта вельмі цікава – глабальныя курсы. А яны сапраўды самыя масавыя курсы ў свеце, бо больш масавых курсаў няма.
– А можа, свой які праект закруціць, адрозны ад «Мова нанова»?
– Ёсць такія задумы. Хацелася б зрабіць беларускі цэнтр, займаццаарганізацыяй нейкіх імпрэзаў. Не толькі ў Віцебску, але і на ўвесь рэгіён. Напрыклад, арганізацыя святаўпа-беларуску – дні народжання, вяселлі з аўтэнтычнымі абрадамі. Гэта была б фішка. Стварыць і вакальныя студыі, і дзіцячую школу развіцця як альтэрнатыву дзіцячым садкам, дзе няма беларускамоўных груп. Гэта цікава зараз, папулярызацыя ідзе – і яна не спыніцца. Своеасаблівы такі шоў-бізнэс. І вядома, каб гэта прыбытак прыносіла. На адным валанцёрстве на пражывеш. Тым больш што ёсць зацікаўленыя людзі. І шмат маладых,якія жадаюць працаваць у гэтай сферы. Ідзе новае пакалене, я нават крыху не паспява за 25-гадовымі…
– У свой час старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў сказаў, што ён марыць, каб гэтага таварыства не існавала, каб не было патрэбы абараняць родную мову. Ці хочацца тое самае сказаць пра моўныя курсы?
– Я хачу, каб мова стала звычайнай з’явай. Каб яна не была нейкім трэндам, модай. У Менску ўжо ніхто не азіраецца, а вось у Віцебску ёсць яшчэ жлабы: «Ну што ты там: гавары нармальна!..» Але так не атрымаецца: каб усе – раз і па-беларуску размаўляць. І тады: усё, досыць, курсы зачыняюцца. Яны не зачыняцца, а трансфармуюцца ў суполку аматараў культуры, беларушчыны, дзе будуць праводзіцца нейкія імпрэзы. Гэта будзе шоў, і з большым размахам. Я не думаю, што курсы спыняцца. Калі мы будзем прытрымлівацца аднаго кірунку, адной структуры – яна выжыве сама па сабе. Калі самому стане нецікава, трэба ствараць нешта новае. І пра гэта самі віцебскія слухачы кажуць. Напрыклад, зрабіць выпускны гэтага сезону. Ці пасля кожных чатырох заняткаў – тэст для сябе. Гэта наварства. І будуць бачныя, і ў якой тэме ёсць прабелы…
– Значыць беларуская мова не знікне…
– Вядома, не! Я зусім не згодны з тымі паважанымі людзьмі, якія кажуць, што анічога не будзе, што мова памерла. «Мы спрабавалі, – кажуць яны. – Нічога ў нас не атрымалася, і ў вас не атрымаецца». Можа, гэта старэчая зайздрасць на маладое. Але ж зрухі ёсць. У Менску каля «Макдональдса» стаяць хіпстэры і размаўляюць, ды яшчэ з руска-беларускімі слоўнікамі. Гэта пра нешта кажа! Нават калі яны не ўсе пачнуць размаўляць на беларускай мове, але гэта патэнцыйныя бацькі, якія, самае галоўнае, не будуць казаць: «Мову беларускую не вучы, а лепш матэматыку». Самі яны зацікаўленыя ў вывучэнні, у іх зусім іншае стаўленне. Пачынаць трэба з культуры.
– У першую чаргу, з культуры?..
– Безумоўна. Я вельмі рады, што курсы «Мовы нанова» не палітызаваныя. Інакш людзі сышлі б, ім было б проста не цікава. Мяне адварочвае тое, што звязана з палітыкай. Проста веры няма нікому… Трэба найперш нашых людзей выхоўваць культурна і проста выхоўваць, а потым займацца іншымі складанымі рэчамі. І мы дапамагаем зразумець мову як мову, як натуральную з’яву. Як генетычны код, ключык ад нейкага беларускага космасу. І тады чытаюць Караткевіча не ў перакладзе, а ў сапраўдным варыянце. І такліністы чытаюць «Уладара пярсёнкаў» у перакладзе на беларускую і кажуць: «Дык хобіты – нармалёвыя беларусы!» З мовай зусім па-іншаму на свет глядзіш.
Тэкст: Алег Сербін.
Фота: Алег Сербін, з асабістага архіву Сяргея Маркава