Якія культурныя праекты актуальныя на Віцебшчыне? Дзе трэба ўкласці грошы, а дзе — дапрацаваць ідэю? Як зрабіць праект цікавым не толькі сабе і сваім сябрам, але і шырэйшым колам? Адказы шукалі ўдзельнікі фінальнага Кірмашу праектаў, які прайшоў у Полацку.
За апошнія шэсць гадоў дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!” былі праведзеныя дзясяткі Кірмашоў па ўсёй Беларусі. Вынікам стала падтрымка і практычная рэалізацыя смелых і нетрывіяльных ідэяў у сферы культуры як у Мінску, так і ў рэгіёнах. Прыкладам, у Віцебску не без дапамогі Кірмашу быў распачаты дыялог грамадскага сектару з уладамі, а мерапрыемствы і ідэі віцяблянаў пачалі трапляць у афіцыйныя гарвыканкамаўскія планы.
Форма простая: цягам Кірмашу актывіст прэзентуе сваю ідэю, ідзе дыскусія. Пасля дапрацоўкі ідэя трапляе да нацыянальнага журы, дзе праходзіць прафесійны цэнз на запатрабаванасць і эфектыўнасць. Далей — у добры шлях: надыходзіць этап рэалізацыі.
Зараз жа дамо слова полацкім спікерам, а таксама крытычным заўвагам цягам дыскусіі, якія аўтары маюць улічыць падчас дапрацоўкі сваіх праектаў.
Браслаўшчына: не толькі азёры, але і татарскія прысмакі!
Смачны ва ўсіх сэнсах праект “Кулінарная спадчына Браслаўшчыны” прэзентаваў Галляш Сялява з Браслава. Паводле Галляша, Браслаўскія азёры — гэта моцны брэнд, але інфраструктура развітая слаба, і калі цёплы сезон заканчваецца, мясцовы рэсурс выкарыстоўваецца мінімальна. Адначасна Браслаўшчына — пікавы рэгіён Беларусі ў плане аграсядзібаў, якіх тут налічваецца каля трохсот! І цымус у тым, каб накарміць наведнікаў аграсядзібаў смачнай і характэрнай мясцовай ежай.
Для гэтага Галляш Сялява з Вольгай Букіс збіраюць традыцыйныя рэцэпты страваў у старажылаў Браслаўшчыны. Нагадаем, што рэгіён мультыкультурны: беларусы, татары, літоўцы, стараверы… Атрымліваецца фантастычны гастрамікс, які грэх не выкарыстаць.
Першая справа — захаваць старыя рэцэпты, пакуль жывыя іх носьбіты. Другая — уплесці ўсё гэта ў турыстычны бізнес. Такім чынам, на першым этапе Галляш прапануе запісваць відэа прыгатавання браслаўскіх прысмакаў ад немаладых бабулек, якія будуць размяшчацца на спецыяльным канале ў сеціве. Другі этап — выданне кнігі, прысвечанай браслаўскай кухні, якая потым будзе распаўсюджвацца сярод уладальнікаў аграсядзібаў.
Дыскусійным аказаўся момант з кнігай: яна патрэбная на паперы альбо дастаткова будзе віртуальнай? Дарыць кнігу ці прадаваць? Падключаць да выдання мясцовы бізнес (аграсядзібы, кавярні) ці падаць ім ужо гатовы прадукт на сподачку? А калі набыць кнігу схочуць наведнікі, ці хопіць запланаванага тыражу для кожнага?
“Зялёны каворкінг” для дзяцей — ноў-хаў з Верхнядзвінска
Наступнымі прэзентаваліся два праекты з Верхнядзвінска. Першы — “Пакаленне ЭКА” — прадставіла Хрысціна Лук’янская, супрацоўніца мясцовай дзіцячай бібліятэкі. Пры бібліятэцы ўжо працуе экагурток з вучняў 1-4 класаў, агулам 22 чалавекі. У планах Хрысціны — прыцягнуць у гурток новых удзельнікаў, у тым ліку дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
“Кірмаш праектаў” для Віцебшч…
Для гэтага бібліятэцы патрэбны асобны “зялёны пакой” з зонамі навучання, захавання калекцыяў і рэлаксацыі. Фактычна, гэта “экалагічны каворкінг” для малодшых школьнікаў. Разам з тым цягам дыскусіі ўзнікла пытанне, ці ёсць у такім пакоі крытычная неабходнасць, калі гурток на дадзеным этапе функцыянуе і без яго — у гатовых памяшканнях? Гэта выключна экалагічны профіль альбо яшчэ і культурны? Практычней укладацца ў новае памяшканне альбо тэхніку ці экавандроўкі для дзяцей?
Хлеў, беларускія казкі і фарбы
Яшчэ адзін праект з Верхнядзвінска належыць Валянціне Болбат. “РАЗ!МАЛЮЕМ ДЗЯЦІНСТВА” — гэта канцэпцыя пераводу мясцовых дзіцячых пляцовак на новы ўзровень, “апгрэйд”. Выявілася, што такіх пляцовак на ўвесь Верхнядзвінск усяго дзве, але і тыя, па сутнасці, не працуюць. І размова тут не толькі пра дзяцей: у расцягнутым у плане планіроўкі горадзе не хапае лавачак і зялёных зонаў для мамаў і сталых людзей.
Паводле спадарыні Валянціны, адна з наяўных пляцовак зробленая, але напалову. Скажам, лавачкі і арэлі ўпіраюцца ў грубую цагляную сцяну… хлява. А што, калі размаляваць сумную фактуру, зрабіўшы з яе “Сцяну казак”? Графічнаму этапу можа папярэднічаць конкурс для дзяцей на веданне казак, а сюжэт-пераможца ў выніку і будзе выяўлены на сцяне. Рабіць малюнак будуць не заезджыя графіцісты-“варагі”, а навучэнцы мясцовай мастацкай школы.
“Кірмаш праектаў” для Віцебшч…
Спадарыня Валянціна таксама адзначыла, што мясцовыя ўлады ідуць насустрач актывістам грамадскага сектару. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграў прыезд каманды “Будзьма беларусамі!” у горад, які быў пазітыўна ўспрыняты чыноўнікамі і асветлены ў мясцовай прэсе. Моцны бок праекта са “Сцяной казак” яшчэ і ў тым, што жыхары і ўлады найхутчэй адгукнуцца і проста падзеляць функцыянал: хто дасць ідэю, хто — фарбу, а хто — свабодныя рукі.
“Тата, калі мы бяжым, я адчуваю сябе здаровым”
Наступным ішоў аповед пра ініцыятыву “Удзел асаблівых дзяцей у лёгкаатлетычных забегах” Людмілы Абрамовіч з Віцебска (праект прадстаўляў яе калега Уладзімір). Гэта цікавы і малавядомы тым, хто не ў тэме, фармат актыўнай рэабілітацыі: спартсмен штурхае вазок з дзіцем перад сабой — ад 5 км да марафонскіх дыстанцыяў. Мэта — рэабілітацыя і інклюзіўная праца з асаблівымі дзецьмі, а таксама змена стаўлення грамадства да іх, ад боязі да прыняцця і супрацы.
“Кірмаш праектаў” для Віцебшч…
Людмілу, Уладзіміра і іншых у свой час натхніў прыклад амерыканца Рыка Хойта, якога катаў на вазку бацька-бягун. Словы Рыка: “Тата, калі мы бяжым, я адчуваю сябе здаровым”, — сталі прыкладам і крыніцай натхнення для аўтараў аналагічных праектаў па ўсім свеце. Цяпер віцебская каманда бегае 2-3 разы на тыдзень у парку Віцьба. Гэта стракатая кампанія: ад 3-гадовых дзяцей да 87-гадовых “ветэранаў ЗОЖу”. Бегуны адтуль ужо ўдзельнічалі ў кіеўскім марафоне, забегах у Сочы і Венецыі.
Праблема каманды ў недахопе абсталявання, каб прыцягнуць больш асаблівых дзяцей: цяпер у наяўнасці ўсяго тры вазочкі. Кошт якаснага вазка — каля 1000 даляраў. Гэта бяспечны, разборны, сертыфікаваны варыянт, які робіцца ў ЗША, а добрых таннейшых аналагаў з СНД ці Кітая, на жаль, няма. Такі вазок прыдатны і для штодзённага жыцця, і для спаборніцтваў. Таму цяпер Уладзімір шукае фінансаванне для абнаўлення парку.
Лагічным працягам ідэі Уладзіміра стаў яшчэ адзін віцебскі праект пад назвай “Адкрыты горад для ўсіх”. На жаль, ягоны абаронца, Станіслава Цярэнцьева, пад’ехаць не змагла. Праект выглядае як шэраг інклюзіўных мерапрыемстваў, якія маюць падняць тэму роўнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Да прыкладу, гэта лекцыі на тэму таго, як паводзіць сябе са сляпымі. Як прапанаваць ім прысесці альбо пачаставаць кавай? А яшчэ ў Віцебску праводзяцца квэсты, дык што, калі прыцягнуць туды дзяцей з асаблівасцямі? На жаль, праз адсутнасць аўтара праекта дыскусія з удакладненнямі і прапановамі сама сабой была знятая з парадку вечара.
Ці прывучаць людзей плаціць за нефармальную адукацыю?
Пры канцы вечара слова ўзяў палачанін Стась Сілка. Ягоная тэма — “Навукова-папулярныя вечары”. Як гэта? Зацікаўленая публіка збіраецца, каб паслухаць лектараў і пагутарыць на пэўную тэму. Напрыклад, увесну Стась праводзіў “Касмічны вечар”, куды былі запрошаныя спікерамі Аліса Селязнёва з тэмай “Права на космас” (юрыдычны аспект у космасе) і Цімафей Авілін з “Небам вачыма нашых продкаў” (тэма народнай і астраноміі). Тая пробная сустрэча сабрала 45 чалавек — няблага!
Каму гэта трэба і выгадна? Для маладых спікераў (у Алісы гэта быў першы выступ) гэта вопыт публічных выступленняў. Для слухачоў — нефармальная адукацыя і альтэрнатыва сухім універсітэцкім лекцыям. Графік можа быць прывязаны да навучальнага года: ад кастрычніка да вясны. Са словаў Сілкі, ён ужо мае вопыт, лакацыю і базу аўдыторыі.
“Кірмаш праектаў” для Віцебшч…
Каб уваход для слухачоў і далей быў вольным, патрэбная падтрымка. Як мінімум грошы пойдуць на даезд і, калі трэба, начоўку для лектараў з іншых гарадоў. Гэты пункт акурат і выклікаў дыскусію: а чаму ўваход мае быць вольным? Ці рэальна сабраць паўсотні слухачоў на цікавага госця з умовай скінуцца хаця б па рублі? Наогул, ці варта прывучаць людзей плаціць за нефармальную адукацыю ды інтэлектуальны рэлакс?
Калі падводзіць вынікі, відавочная тэндэнцыя: аўтар праекта мае прадумаць не толькі ідэйную частку, але і разлічыць, ці можа пакрыць выдаткі сама супольнасць спажыўцоў прадукту — хай тое будзе дзіцячая пляцоўка альбо нефармальная лекцыя. З гэтага ж лагічна выцякае і ступень заангажаванасці чалавека: ты цэніш тое, за што плаціш. Здаецца, менавіта такая логіка можа стаць універсальным фільтрам паспяховасці праекта, бо грошы — гэта не толькі пра прыбыткі, але і пра аб’ектыўную запатрабаванасць чаго-кольвек тут і цяпер.
Алесь Кіркевіч
Фота — Алесь Пілецкі