«Неперапісаная гісторыя» — спецпраект, які распачынае «Салідарнасць». Ён абавязаны сваім з’яўленнем таму, што ўсё большая колькасць беларусаў звяртаецца да гісторыі сваёй дзяржавы.
Падзеі 2020 года цяжкім грузам адбіліся на лёсах нашых суайчыннікаў. Вымушаныя ўцячы ад рэпрэсій, многія беларусы апынуліся ўдалечыні ад сваёй радзімы, і тым больш вострым стала для іх пытанне захавання ўласнай ідэнтычнасці, якая немагчымая без гістарычнай памяці.
Сёння, калі многія кнігі абвешчаныя ўладамі па-за законам, а гісторыя перапісваецца пад ідэалагічныя патрэбы рэжыму, як ніколі важна расказваць людзям — як тым, хто жыве ў Беларусі, так і тым, хто пакінуў радзіму — праўду пра ключавыя падзеі, якія адбываліся ў нашай краіне на працягу стагоддзяў, даць разуменне гістарычных працэсаў і будзіць нацыянальную самасвядомасць.
Толькі веданне мінулага дапаможа зразумець сённяшняе і перасцерагчы ад памылак у будучыні. Паўнавартасная, самадастатковая і сапраўды незалежная дзяржава магчыма толькі на аснове павагі да гісторыі і культурнай спадчыны сваёй краіны.
Цыкл публікацый мы пачынаем з вялікай гутаркі з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.
Аляксандр Пашкевіч
— Ад прадстаўнікоў сённяшніх уладаў часта можна пачуць: «Не дамо перапісаць гісторыю!». Пры гэтым менавіта гэтая ўлада сёння на нашых вачах намагаецца перапісаць некаторыя старонкі гісторыі краіны.
Наколькі гэта ўнікальны выпадак, калі «гісторыю пад сябе» піша не акупацыйны рэжым, а нібыта свой?
— Перапісваць гісторыю пад сябе — гэта не ўнікальная якасць лукашэнкаўскага рэжыму, гэта хутчэй агульная рыса, уласцівая любым недэмакратычным, аўтарытарным сістэмам улады.
Узурпаваўшы ўладу ў краіне, любыя палітычныя сілы ці дыктатары-адзіночкі мусяць рана ці позна падводзіць пад сваё манапольнае кіраванне нейкую ідэйна-тэарэтычную базу, і апеляцыя да гістарычных узораў мае тут не апошняе значэнне.
Найчасцей гэта ўсё робіцца па наступнай схеме: маўляў, у нас была стагоддзямі слаўная гісторыя, і мы — гэта не проста людзі, якія прыйшлі да ўлады зніадкуль, мы пераемнікі і ахоўнікі шматвекавой традыцыі, сама гісторыя выбрала нас і ўзнесла на самы верх.
У той жа час нашы апаненты імкнуцца ўсё гэта зруйнаваць і збіць нацыю з праўдзівага шляху, адзіная ж магчымасць не дапусціць гэтай катастрофы — трымацца за нас, а мы не падвядзём.
У адпаведнасці з гэтым выбудоўваецца гістарычная канцэпцыя, у якой робіцца акцэнт на зручныя факты і затушоўваюцца, а то і зусім выдаляюцца нязручныя, то-бок ствараецца свая версія гісторыі, якая актыўна прасоўваецца праз падкантрольныя дыктатуры каналы.
Пэўнай адметнасці таму, што робіць беларускі рэжым, надае толькі тое, што дыктатура Лукашэнкі заўсёды была прарасійская і антынацыянальная, а таму прапагандысцкі апарат ягонага рэжыму заўсёды быў фактычна скіраваны калі не на пашырэнне, то на захаванне і кансервацыю ўяўленняў пра нашу гісторыю, сфармаваных у часы каланіяльнай залежнасці.
Гэта то акурат дастаткова незвычайна, бо часцей за ўсё аўтарытарныя кіраўнікі бяруць на ўзбраенне нацыяналістычную ідэалогію, і ідэйную апору сваіх рэжымаў будуюць акурат на ёй. Наша ж нацыянальная спецыфіка дыктуецца перадусім Лукашэнкавай залежнасцю ад Масквы ва ўсіх сферах і нізкай нацыянальнай свядомасцю насельніцтва, асабліва на першым этапе ягонага кіравання.
Хоць, вядома, нават у краінах з высокай нацыянальнай свядомасцю насельніцтва аўтарытарныя рэжымы могуць у сваю канцэпцыю гісторыі ўключаць рабалепныя матывы ў дачыненні да іншых краін і народаў у тых выпадках, калі прыйшлі да ўлады і трымаюцца пры ёй дзякуючы падтрымцы звонку.
Характэрны прыклад — цэнтральна-еўрапейскія краіны «народнай дэмакратыі», якія на некалькі дзесяцігоддзяў вымушана сталі сатэлітамі СССР пасля Другой сусветнай вайны і камуністычныя рэжымы якіх калі з энтузіязмам, а калі і без яго, але спрабавалі перапісваць гісторыю на карысць падкрэслівання нібыта пазітыўнай ролі ў ёй усходняга суседа.
Ну і, вядома, прыводзячы ўвесь гістарычны наратыў у адпаведнасць з пастулатамі камуністычнай ідэалогіі. Хоць гэта ўдавалася не заўсёды добра, бо ўсяму гэтаму быў моцны супраціў знізу, з якім даводзілася лічыцца і неяк балансаваць.
Зрэшты, і ў Беларусі ў гэтым працэсе цягам амаль трох дзесяцігодзяў кіравання Лукашэнкі было шмат супярэчнасцяў і непаслядоўнасцяў.
Паралельна з мэйнстрымам дзяржаўнай прапаганды, якая заўсёды так ці інакш прасоўвала прарасійскія і неасавецкія наратывы, суіснавалі ў легальным полі і процілеглыя ёй тэндэнцыі.
Улады іх прынамсі цярпелі, а некаторыя элементы нават часам пераймалі і ўключалі ў свой наратыў. Тая ж нацыянальная гістарыяграфія Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай фармавалася і развівалася не недзе ў глыбокім падполлі, а ў сценах дзяржаўных навуковых устаноў і ВНУ.
А пасля гэта ў тым ліку знаходзіла адлюстраванне ў дзяржаўнай палітыцы памяці, візуальным увасабленнем чаго сталі, напрыклад, пастаўленыя дзяржавай помнікі князю Альгерду ў Віцебску і князю Гедыміну ў Лідзе. У савецкі час гэтага немагчыма было ўявіць, а вось пры Лукашэнку стала рэальнасцю.
Урачыстае адкрыццё помніка Гедыміну ў Лідзе, верасень 2019 года. Фота: Радыё Свабода
— А як гісторыя нашага краю перапісвалася за царом, у савецкі час? Якія падзеі ці гістарычныя перыяды перайначваліся, пераасэнсоўваліся наймацней? І чаму?
— Расійская імперская палітыка не ўвесь час была паслядоўная, а значыць не заўсёды была аднолькавая. Як мы ведаем, пасля смерці Кацярыны ІІ былі некалькі дзесяцігоддзяў, калі царскія ўлады спрабавалі заігрываць з мясцовымі элітамі, якія атрымалі дзякуючы гэтаму магчымасць падтрымліваць у краі сваю ідэалагічную перавагу.
Але сітуацыя змянілася спачатку пасля паўстання 1830-1831 гадоў, а асабліва пасля паўстання 1863-1864. Пасля задушэння паўстанняў быў узяты жорсткі курс на русіфікацыю краю, які закрануў сярод іншага і гістарычны аспект.
Імперскія гісторыкі і мясцовыя «заходнерусы» ў сваіх працах імкнуліся даказаць спрадвечную рускасць гэтага краю, які часова спіхнулі з ісціннага шляху зламысныя палякі.
У гэтай канцэпцыі, дарэчы, знаходзілася месца для даволі пазітыўнага разгляду гісторыі ВКЛ да Люблінскай уніі, асабліва гісторыкі-«заходнерусы» падкрэслівалі славянскія элементы ў гэтай дзяржаве.
Многае з іх тагачасных напрацовак пасля, дарэчы, прыдалося ўжо пры фармаванні нацыянальнай беларускай канцэпцыі гісторыі, калі даводзілася даказваць, што ВКЛ — гэта гісторыя не толькі (ці не столькі) літоўская, але і наша.
Пры гэтым варта разумець, што ў часы Расійскай Імперыі ідэйнае змаганне на гістарычным полі вялося не паміж расійскімі і беларускімі гісторыкамі, а хутчэй паміж прадстаўнікамі расійскай гістарыяграфіі і польскай (у абодвух лагерах было нямала выхадцаў з Беларусі).
Уласна беларускі погляд, які супрацьпаставіўся і расійскаму, і польскаму, стаў фарміравацца толькі на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў, у самым канцы існавання Расійскай Імперыі, адначасова з тым, як аформіўся арганізаваны беларускі нацыянальны рух.
Таму адпаведна і ідэалагічнае супрацьстаянне часта набывала формы, сатырычна апісаныя Янкам Купалам у п’есе «Тутэйшыя» ў сцэнах з удзелам Заходняга вучонага і Усходняга вучонага. Прытым гэтыя два чыннікі былі зусім не ў роўных умовах, паколькі Усходні вучоны, вядома, меў усебаковую падтрымку з боку дзяржаўнага апарата Імперыі, у той час як Заходняму рабіліся ўсялякага кшталту перашкоды.
Што тычыцца савецкіх часоў, то яны характэрныя тым, што пры камуністычнай уладзе афіцыйна існавала фактычна поўная манаполія дзяржавы ў інфармацыйнай сферы. Нешта легальна выдаваць можна было толькі ў дзяржаўных выдавецтвах, а іншых не існавала ўвогуле.
У той жа час за самвыдат і несанкцыянаваны ўвоз ды распаўсюджанне замежных выданняў прадугледжвалася крымінальная адказнасць.
Пры гэтым многае з таго, што было выдадзена раней, адпраўлялася ў спецсховы, у архівах таксама цэлыя фонды былі засакрэчаныя і фактычна недаступныя для даследчыкаў без пагонаў.
Такая сітуацыя існавання большай часткі насельніцтва фактычна ў інфармацыйнай ізаляцыі была ідэальнай для стварэння камуністычным рэжымам сваёй версіі гісторыі і навязвання яе шырокім масам, у тым ліку праз сістэму адукацыі.
Цэлыя раздзелы гісторыі можна было проста замоўчваць і хаваць, а таму, пра што ўсё ж такі гаварылася і пісалася, даваць цалкам скажоную інтэрпрэтацыю.
Таму, напрыклад, калі ў другой палове 1980-х пад уплывам перабудовачных працэсаў цэнзурныя шлюзы рухнулі і стала можна публікаваць тое, што раней было не дазволена, людзі былі проста ашаломленыя аграмадным аб’ёмам інфармацыі, які на іх раптоўна абрынуўся.
А для гісторыкаў і публіцыстаў насталі проста такі залатыя часы — не ў сэнсе доступу да грошай і матэрыяльных дабротаў, а ў сэнсе магчымасцяў рабіць адкрыцці і ўражваць аўдыторыю.
Я сам падлеткам заспеў тыя часы і добра памятаю, як цікава было тады чытаць газеты і часопісы: амаль у кожным нумары друкаваліся нейкія па тых часах сенсацыйныя адкрыцці, якія ўсю карціну свету ставілі з ног на галаву.
Выяўлялася, што многага мы зусім не ведалі, а пра штосьці ўяўленні былі вельмі няпоўныя і перакрыўленыя.
Калі казаць пра тое, што перакручвалася наймацней у гісторыі Беларусі — то варта перадусім адзначыць, што ў савецкія часы быў курс на фактычна поўнае адмаўленне беларусам у праве на гістарычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага.
Калі беларусы і маглі на штосьці тады прэтэндаваць, то толькі на нейкія культурныя здабыткі таго часу накшталт спадчыны Францыска Скарыны — і тое ён часта знаходзіўся ў цені расійскага першадрукара Івана Фёдарава, нягледзячы на тое, што апошні дзейнічаў пазней.
Нейкія ж палітычныя, вайсковыя аспекты — тут беларусы былі толькі ў ролі гаротнай прыгнятанай «літоўскімі феадаламі» простанароднай масы, гісторыя эліт ВКЛ і пасля Рэчы Паспалітай як колькі-небудзь беларуская не разглядалася.
Спробы беларускіх інтэлектуалаў неяк гэтую сітуацыю змяніць маглі прыносіць ім вялікія праблемы — прыгадаем хоць бы сумны лёс літаратуразнаўца Міколы Прашковіча. Таму нямногія гэта і спрабавалі рабіць, прынамсі адкрыта.
Бо палітычную гісторыю ВКЛ беларусам тады ўвогуле фактычна не дазвалялі пісаць, можна было кранаць, і тое з аглядкамі, адно толькі сацыяльна-эканамічныя і культурныя аспекты.
Гэта добра відаць, калі мы, напрыклад, возьмем знакамітую працу Міколы Ермаловіча «Старажытная Беларусь» і паглядзім на спіс выкарыстаных аўтарам крыніц і літаратуры.
Працы, напісаныя і выдадзеныя ў савецкай Беларусі, абмяжоўваюцца фактычна археалагічнымі даследаваннямі, а вывучэнне палітычнай гісторыі — дзялянка выключна расійскіх, польскіх і літоўскіх аўтараў.
Ці не адзіны беларус, які мог крыху займацца тады гэтымі пытаннямі, — былы палітзняволены Мікола Улашчык, і тое толькі таму, што пасля вызвалення і рэабілітацыі жыў ды працаваў не ў Мінску, а ў Маскве.
Натуральна, пры такіх умовах цяжка было спадзявацца на фармаванне паўнавартаснай нацыянальнай канцэпцыі гісторыі ВКЛ: наколькі б высокапрафесійнымі ні былі працы чужых гісторыкаў, яны на ўсё так ці іначай глядзелі са сваёй званіцы.
У гэтым, дарэчы, і тлумачэнне феномену надзвычайнай папулярнасці вышэйзгаданай працы Міколы Ермаловіча, калі яна падчас агоніі СССР такі выйшла друкам. Яна мела шмат недахопаў і многія высновы аўтара не пацверджаныя наступнымі даследаваннямі.
Але гэтая з прафесійнага пункту гледжання зусім не дасканалая праца з’явілася на выпаленым полі, а грамадская патрэба ў ёй была вялікая.
Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, чальцы першага складу Народнага Сакратарыята
Тое ж самае можна сказаць пра старонкі нашай ужо новай і найноўшай гісторыі, якія сведчылі пра спробы беларусаў самім вызначаць свой лёс, не аглядаючыся на Маскву.
Гісторыя беларускага нацыянальнага руху, асабліва некамуністычнага, спробы стварэння БНР, Слуцкае паўстанне, дзейнасць беларусаў на эміграцыі, падзеі Другой сусветнай вайны па-за савецкіх афіцыйным наратывам — усё гэта, як правіла, проста наглуха замоўчвалася.
Калі ж недзе інфармацыя пра гэта і праточвалася ў публічную прастору, то ў выглядзе перадусім прапагандысцкіх пасквіляў, свядома створаных не для таго, каб даць пра ўсё гэта хоць нейкія веды, а каб сфармаваць апрыёры негатыўнае стаўленне.
Таму пераважная большасць беларусаў увогуле даведалася, што ў нашай гісторыі нешта падобнае было, толькі пасля таго, як Беларусь стала незалежнай і пра гэта стала можна адкрыта гаварыць.
Працяг гутаркі будзе неўзабаве...