Беларускае таварыства інвалідаў па зроку (далей — БЕЛТІЗ) атрымала грант амбасады Каралеўства Нідэрланды на першапачатковыя выдаткі па стварэнні сінтэзатара беларускай мовы. Распрацоўкай прылады будуць займацца айці-спецыялісты беларускай кампаніі “Сакрамент”. На дадзены момант каманда чакае дазволу на выкарыстанне атрыманых грошай.
Міхал Антоненка
“Якасны моўны сінтэзатар ад міжнародных кампаній каштуе ад мільёна даляраў і больш, мы не маем такіх фінансавых магчымасцяў, але дапамога Каралеўства Нідэрланды вельмі дарэчы, — распавёў Міхал Антоненка, намеснік старшыні БЕЛТІЗ. — Дзякуючы ёй мы зробім першы крок: кампанія “Сакрамент” даробіць напрацоўкі, якія ўжо мае, і інтэгруе сінтэзатар у сістэму інфармацыйнага забеспячэння невідушчых людзей. Гэту сістэму БЕЛТІЗ стварыла ў рамках рэалізацыі сумеснага са шведскімі партнёрамі праекта “Паўсядзённы незалежны доступ да інфармацыі невідушчых Беларусі”.
Галасавы сінтэзатар можа быць на розных мовах. Прылада “счытвае” з экрана ўсю інфармацыю, якая на ім з’яўляецца, і такім чынам дазваляе інвалідам па зроку самастойна карыстацца камп’ютарам і мабільным тэлефонам.
У Беларусі інваліды па зроку маюць доступ да тэхнічных і камп’ютарных прылад, якія значна паляпшаюць іх жыццё — дапамагаюць вырашаць бытавыя пытанні, больш камфортна перамяшчацца ў гарадской прасторы, атрымліваць адукацыю і працаваць. Але збольшага ўсе яны — у рускамоўным варыянце.
Запрашаем на дабрачынны майстар-клас па стварэнні тактыльнай кнігі— 22 снежня!
Там, дзе ёсць патрэба ў беларускай мове, пачынаюцца складанасці. Напрыклад, тыя ж рускамоўныя аўдыёкнігі знайсці нашмат прасцей, чым беларускамоўныя. Галасавых сінтэзатараў па-беларуску ўвогуле не існуе.
Такім чынам, інваліды па зроку, якія могуць і хочуць кантактаваць па-беларуску, чытаць электронныя беларускамоўныя кнігі і рэсурсы, проста адрэзаныя ад беларускамоўнай прасторы. У тым ліку ад беларускамоўных друкаваных СМІ. І хаця ў рамках Маракешскай дамовы інваліды па зроку могуць атрымліваць на свой камп’ютар ці смартфон мабільную версію беларускамоўных друкаваных СМІ, без моўнага сінтэзатара, які разумее беларускую, прачытаць іх немагчыма.
Міхал Антоненка вывучыў беларускую мову самастойна, з дапамогай беларускамоўных рэсурсаў і СМІ. Ён лічыць, штотрэба ведаць родную мову, да ўсяго яна вельмі прыгожая і мілагучная. Менавіта для таго, каб інваліды па зроку маглі актыўна чытаць і размаўляць па-беларуску, актывіст даўно шукаў магчымасці распрацоўкі беларускамоўнага сінтэзатара.
Другую частку беларускага комікса разабралі за два тыдні – цяпер ён выходзіць анлайн
Калі распачнецца стварэнне прылады, Міхал плануе шэраг семінараў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Падчас іх прадстаўнікі БЕЛТІЗ будуць распавядаць мясцовым жыхарам пра беларускамоўны сінтэзатар, які дае магчымасці інвалідам па зроку карыстацца роднай мовай.
Для далейшых крокаў па распрацоўцы сінтэзатара для рознага праграмнага забеспячэння напрыканцы студзеня плануецца краўдфандынгавая кампанія.
Міхал Антоненка — намеснік старшыні ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, дырэктар установы рэабілітацыі інвалідаў па зроку “Цэнтр паспяховага чалавека”. Займаецца шэрагам праектаў па стварэнні дасяжнага асяроддзя для людзей з інваліднасцю па зроку, у тым ліку гукавай навігацыйнай сістэмай “Крокі на гукі”. Каардынатар рэспубліканскай адвакацкай кампаніі “Больш свабоды: навігацыйныя сістэмы для людзей з інваліднасцю”, падчас якой у рэгіёнах адбываліся сустрэчы мясцовага кіраўніцтва з інвалідамі па зроку, абмяркоўваліся пытанні дасяжнага асяроддзя. У рамках рэалізацыі праекта 6 сацыяльных аб’ектаў у рэгіёнах былі абсталяваныя гукавой навігацыйнай сістэмай “Крокі на гукі”.
Аляксандра Дварэцкая
Фота — Зарына Кандрацьева
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!