У міжнародным адукацыйным цэнтры ў Мінску пачаў працу Шосты з’езд беларусаў свету, які ладзіць ЗБС “Бацькаўшчына”. На форуме прысутнічае больш за 250 дэлегатаў з Беларусі, краінаў блізкага замежжа, а таксама з ЗША, Венгрыі, Чэхіі, Даніі, Швейцарыі ды іншых краінаў свету.
Не зважаючы на неспрыяльнае надвор’е, абсалютная большасць удзельнікаў Шостага з’езду з’явілася на мерапрыемства без спазнення і запоўналі вялікую залю міжнароднага адукацыйнага цэнтра. Паводле звестак аргкамітэта, усяго зарэгістравалася больш за 250 гасцей з розных краінаў свету. У вітальным слове кіраўнік ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская звярнула ўвагу на асаблівасць сёлетняга форума: “Гэта вельмі ўзрушвальны ўрачысты момант, бо гэты з’езд юбілейны. Роўна 20 год таму на хвалі адраджэння прайшоў Першы з’езд беларусаў свету. І мы рады працягваць гэтую справу”. Падзеям 20-гадовай даўніны сёлета асобная ўвага. У фае цэнтра падчас працы форума праходзіць адразу дзве выставы. Адна падрыхтаваная мастакамі-беларусамі Балтыкі на чале з Вячкам Целешам, другая, прысвечаная спадчыне Беларусі на Захадзе, — гісторыкамі Наталляй Гардзіенкай і Лявонам Юрэвічам.
На ўрачыстым адкрыцці шмат гаварылася пра тое, на падставе чаго мусяць кансалідавацца беларусы па ўсім свеце. Вядома ж, гэта мова, культура, гісторыя. На гэта звярнуў увагу ў сваім слове і міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, які зазначыў, што ведае пра непрыманне часткай беларусаў за мяжой цяперашняй палітыкі дзяржавы, але выказаў перакананасць, што ўсе без выключэння любяць сваю краіну. “Мы чакалі гэтай сустрэчы і разглядаем беларускую дыяспару як неад’емную частку беларускага народа”, — падкрэсліў міністр і расказаў, што робіць улада ў гэтай галіне. — “Дзяржава не мае магчымасці даць багатую матэрыяльную падтрымку, як тое робяць для сваіх суайчыннікаў за мяжой больш заможныя краіны, але мы гатовыя разам вырашаць праблемы. Мы разглядаем беларусаў замежжа як магутны рэсурс і спадзяемся, што гэты з’езд узбагаціць грамадскае жыццё і дасць новыя магчымасці для супрацы”.
Сваю гатоўнасць да больш шчыльнай супрацы з ЗБС “Бацькаўшчына” і, адпаведна, з беларусамі свету выказаў і прадстаўнік Мітрапаліта Філарэта, які прызнаўся, што цяпер супраца ў гэтым кірунку вядзецца не надта актыўна. “Царква будзе падтрымліваць памкненні беларусаў за мяжой”, — вялося ў звароце. Між іншым, вельмі плённы досвед супрацоўніцтва праваслаўнай царквы і Згуртавання беларусаў свету быў у часы Першага з’езду, калі рэалізавалася ініцыятыва па аднаўленні крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Было зачытанае вітальнае слова і ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, якая, між іншым, параіла беларусам з іншых краінаў набыць як мінімум дзве кнігі ў Мінску — “Краіну Беларусь” Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча ды падручнік “Жывая мова” Юрася Бушлякова. “Гэтыя кнігі дапамогуць весці асветніцкую працу за мяжой. Будучыня перад намі, і ад нас залежыць, якой яна будзе”, — гаварылася ў прамове спадарыні Сурвілы.
Нечакана на адкрыцці з’езду прагучала і тэма забароненых беларускіх рок-гуртоў. Пра гэта згадаў прадстаўнік амбасады Нідэрландаў у Польшчы і Беларусі Войтэх Бародзіч-Смалінскі. “Такія гурты, як N.R.M., “Ляпіс Трубяцкой”, “Крамбамбуля” чуваць паўсюль за мяжой, але іх нельга пачуць тут. Вельмі важна падтрымліваць розныя погляды і даваць магчымасць беларускай моладзі ў тым ліку за мяжой трымацца сваёй беларускасці”, — зазначыў на выдатнай беларускай мове спадар Войтэх.
Адзін са старшыняў аргкамітэта Радзім Гарэцкі зачытаў сумны спіс сябраў аб’яднання “Бацькаўшчына”, якія пайшлі ў іншы свет паміж Пятым і Шостым з’ездамі. Спіс апынуўся вельмі даўгі, “Бацькаўшчына” страціла сваіх актыўных дзеячаў у розных краінах свету. Сярод тых, каму аддалі даніну памяці, былі такія асобы, як Янка Абабурка, Юры Гіль, Сяржук Вітушка, Міхась Чарняўскі, Вера Рыч, Тацяна Сапач, Вера Рамук, Уладзімір Кіт, Уладзімір Конан…
Асноўная тэма з’езду — “Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі”. Менавіта гэтай тэматыцы будуць прысвечаныя даклады выступоўцаў у першы і другі дзень працы.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч