Пакуль межы закрытыя, самы час спазнаваць блізкую прыгажосць. Прапануем павандраваць з budzma.org па цікавых мясцінах Наваградчыны і суседніх раёнаў. Тут можна сустрэць і замкі, і палацы, і касцёлы, і цэрквы, і ўнікальныя прыродныя помнікі.
Маршрут будзе пасаваць толькі вандроўнікам на ўласным аўто ці аўтаспынам, бо рэгулярнае зручнае транспартнае спалучэнне паміж населенымі пунктамі, якія мы прапануем наведаць, слаба запатрабаванае. Такім чынам, прапануем праехаць каля 200 км:
Калі едзеце з Мінска па М1, раім павярнуць направа на Р11 і даехаць да вядомага мястэчка Мір. Тут і будзе першы пункт прапанаванага маршрута. Пра яго ў Беларусі не пісаў толькі лянівы, таму караценька нагадаем пра асноўныя архітэктурныя адметнасці, якія тут варта наведаць.
Замкава-паркавы комплекс «Мір» — унікальны помнік беларускай архітэктуры, які ўваходзіць у спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.
Фота: Віктар Малышчыц
Архітэктурны комплекс уключае замак XVI–XX стагоддзяў, валы XVI–XVII стагоддзяў, стаў 1896–1898 гадоў, прыдарожную каплічку, капліцу-пахавальню князёў Святаполк-Мірскіх з домам вартаўніка і брамай, пейзажны і рэгулярны паркі, дом аканома.
Фота: Віктар Малышчыц
Касцёл св. Мікалая ў Міры — помнік архітэктуры барока з рысамі рэнесансу і элементамі абарончага дойлідства. Касцёл фундаваны Мікалаем Кшыштафам Радзівілам Сіроткам і ўзведзены ў 1599–1605, меркавана па праекце выбітнага архітэктара Дж. М. Бернардоні (Чырвонаармейская, 9).
Фота: r2s.by
Мірская ешыва 1815 года пабудовы (Кірава, 25)
Фота:probelarus.by
Можна падсілкавацца ў Міры з дарогі. Тут шмат рэстарацыяў, што прапануюць нацыянальную кухню. Самая папулярная, калі не ўлічваць кавярні «Княжацкі двор» на тэрыторыі замка, — адразу насупраць: «Мірум». Цэны бліжэйшыя да сталічных, але кухня добрая. Па вуліцы Чырвонаармейскай можна сустрэць яшчэ некалькі рэстарацыяў. Выбару не бракуе.
Фота: holiday.by
Далей рушым па Р11 у напрамку Карэлічаў. Па дарозе варта заехаць у вёску Бярозавец і пабачыць крушні калісьці велічнага храма пачатку ХХ стагоддзя — Траецкай царквы.
Фота: planetabelarus.by
Пасля Першай сусветнай вайны храм быў моцна пашкоджаны, пасля ўжо ніколі не аднаўляўся і паступова прыходзіў у заняпад.
Фота: planetabelarus.by
Далей варта заехаць у сённяшні гарадскі пасёлак Карэлічы, вядомы ў пісьмовых крыніцах з 1395 года.
Фота: vedaj.by
Тут часткова захавалася гарадская забудова ХІХ стагоддзя, царква таго ж перыяду, міжваенны касцёл і рэшткі сядзібы Радзівілаў.
Фота: wikimedia.org
Бровар 1858 года пабудовы, Карэлічы (53.573212, 26.131923).
Далей едзем у Шчорсы — былы маёнтак роду Храптовічаў, які знаходзіцца за 20 км на паўночны ўсход ад Карэлічаў. Шчорсы ўпершыню згадваюцца ў Літоўскай метрыцы ў 1471 годзе ўжо як уладанне Храптовічаў.
Фота: П. Санько
У 1770-х гадах Яўхім Храптовіч, апошні канцлер ВКЛ, пабудаваў у сваім маёнтку велічны палацавы комплекс з вялікім паркам і сажалкамі. У палацы ўладальнік маёнтка сабраў вялікую калекцыю старажытных рукапісаў, геаграфічных карт і бібліятэку з рэдкім зборам кніг. Палац у Шчорсах — першая буйная праца знакамітага ў часы позняй Рэчы Паспалітай архітэктара Джузэпэ Сака. У ім былі спалучаныя элементы позняга барока і ранняга класіцызму.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Шчорсы аказаліся ў складзе Расійскай імперыі. У XIX ст. сядзіба Храптовічаў была важным культурным цэнтрам. Тут бывалі Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот і іншыя значныя асобы.
Фота: planetabelarus.by
Сёння ад былой велічы рэзідэнцыі Храптовічаў амаль нічога не засталося. Падчас Першай сусветнай вайны палац згарэў і не быў адноўлены. Маёнтак разам з паркам паступова прыйшоў у заняпад. У Шчорсах захаваліся толькі фрагменты сядзібы: двухпавярховы дом аканома, будынак, дзе жылі служкі, вяндлярня, паўразваленыя падвалы на месцы палаца.
Фота: planetabelarus.by
Палац неаднаразова выстаўлялі на продаж, але пакуль безвынікова.
Немагчыма не звярнуць увагу на гаспадарчы двор Храптовічаў — Мураванку, што знаходзіцца за пару кіламетраў ад рэшткаў палаца.
Фота: planetabelarus.by
У Шчорсах яшчэ варта пабачыць былы грэка-каталіцкі храм, пабудаваны на сродкі гаспадара Шчорсаў Яўхіма Храптовіча ў 1758–1776 гг. на месцы згарэлага драўлянага. Архітэктарам служыў Джузэпэ Сака, які праектаваў сядзібны комплекс Храптовічаў у Шчорсах. Архітэктура храма спалучае рысы позняга барока і класіцызму. Сёння гэта будынак праваслаўнай Дзмітраўскай царквы.
Што паглядзець у Глыбокім? Згушчонка, барока, радзіма Ластоўскага
Ля царквы можна знайсці крынічку з чысцюткай вадой, якая, паводле аповедаў месцічаў, мае лекавыя ўласцівасці.
Фота: racyja.com
Калі вельмі спадабаецца ў Шчорсах, тут ёсць дзе спыніцца. На тэрыторыі сядзібна-паркавага ансамблю Храптовічаў ёсць музей-аграсядзіба «Шчорсы» (Паркавая, 17). Сядзіба складаецца з двух пакояў, кожны з якіх аформлены «па-шляхецку». Увесь будынак разлічаны на 12 гасцей. Цана арэнды на суткі — 350-400 BYN.
Фота: holiday.by
Далей рушым на Любчу, да якой каля 14 км. Па дарозе, на павароце на вёску Сенненскае Загор’е, леваруч (53° 42’29.30"N, 26° 6’8.62"E ) варта звярнуць увагу на месца пахавання Адама Пуслоўскага, кіраўніка паўстанцкага атрада ў красавіку 1863 года. Пуслоўскі быў адным з першых пакараных удзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Фота: 2kola.by
І хоць удзельнічаў Адам у паўстанні менш за суткі, тагачасны генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю Мураўёў, разглядаючы ягоную справу, схіліў суд да смяротнага выраку, каб застрашыць іншых інсургентаў. Адам Пуслоўскі меў усяго 21 год. Побач з Адамам пахаваная ягоная маці Эвеліна.
Фота: 2kola.by
Далей завітваем у Любчу. Нават у сённяшнім выглядзе гарадскога пасёлка Любча не ўспрымаецца як звычайная вёска. І калі даведацца яе гісторыю, зразумела чаму.
Фота: vedaj.by
Любча ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1401 годзе. У 1590 годзе Жыгімонт Ваза надае мястэчку магдэбургскае права і, адпаведна, герб. Напрыканцы ХVI стагоддзя Любча становіцца цэнтрам арыянства, пасля — кальвінізму, тут адкрываецца друкарня, якая збольшага абслугоўвае патрэбы пратэстантаў, але, адпаведна тутэйшай талерантнасці і ў веравызнанні, у любчанскай друкарні друкаваліся і каталіцкія выданні.
Фота: vedaj.by
У сённяшнім гарадскім пасёлку Любча варта звярнуць увагу, вядома ж, на Любчанскі замак на беразе Нёмана. Ён быў закладзены ў 1581 годзе Янам Кішкам, вядома, што тады ўжо была ўзведзеная ўязная мураваная вежа. Пазней, у першай палове ХVII стагоддзя, калі замак перайшоў ва ўласнасць Радзівілаў, былі дабудаваныя і іншыя вежы і ўвесь замак зрабілі мураваным і атынкаваным. Але ў 1655 годзе казакі Багдана Хмяльніцкага адпомсцілі Янушу Радзівілу, гетману ВКЛ, за нанесеную ім паразу і спалілі Любчу, разбурыўшы мураваныя вежы замка. Тады Радзівілы пакінулі мястэчка, і да ХІХ стагоддзя замак быў у заняпадзе. Але новыя гаспадары Фальц-Фейнеры аднавілі вежы замка. Абарончыя ўмацаванні ўжо вырашылі не аднаўляць, бо не было патрэбы, а дабудавалі вялікі гатычны гасцявы дом на тэрыторыі замка. Аднак сусветных войнаў палац не перажыў і быў дашчэнту зруйнаваны.
Фота: vedaj.by
Фота: vedaj.by
З Любчы рушым да сядзібы ў Вераскава. Але прапануем ехаць па дарозе Н6315. Там, леваруч ад дарогі (53° 45’33.25"N, 26° 1’54.98"E), за 2 км ад цэнтра Любчы ў напрамку Дзяляцічаў, можна наведаць магілу Уладзіслава Дыбоўскага на старых Войнаўскіх могілках.
Уладзіслаў Дыбоўскі — заолаг, батанік, палеантолаг, мінералог і фалькларыст. Прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду Міншчыны (маёнтак Адамарын, побач з сённяшняй вёскай Дубраўна Маладзечанскага раёна), удзельнік паўстання 1863 г., брат аднаго з першых у Еўропе адэптаў і прапагандыстаў тэорыі эвалюцыі Ч. Дарвіна Бенедыкта Дыбоўскага. За ўдзел у паўстанні быў асуджаны да зняволення ў мінскай турме. Да навукі змог вярнуцца толькі ў 1871 годзе.
Фота: Уладзімір Хільмановіч
Апрацоўваў калекцыі сасланага брата, якія той перасылаў з Сібіры і Камчаткі. Праца Дыбоўскага «Фаўна бруханогіх возера Байкал» адразу прынесла яму вядомасць сярод заолагаў. Сярод іншых працаў навукоўцы, які быў паліглотам, можна знайсці і два зборнікі беларускіх загадак і прымавак. Дыбоўскія — прадстаўнікі яшчэ аднаго мясцовага шляхецкага роду, якія змагаліся і цярпелі за сваю Айчыну, але працавалі на карысць усіх суседзяў і развіцця сусветнай навукі.
Фота: Уладзімір Хільмановіч
Да наступнага пункта нашага падарожжа, Вераскава, з Любчы каля 11 кіламетраў. Тут мы пабачым руіны маёнтка ХІХ стагоддзя роду Дыбоўскіх і Брахоцкіх.
Фота: fotobel.by
Вераскава маляўніча размяшчаецца сярод навакольных лясоў. Вёска ўпершыню згадваецца як маёнтак князя Уладзіслава Няміры. Да сёння гэтыя мясціны некаторыя месцічы называюць Неміроўшчынай.
Маёнтак, які варта наведаць у Вераскаве (53° 45’22.83"N, 25° 54’16.54"E), быў пабудаваны ў першай палове ХІХ стагоддзя. Спачатку належаў Дыбоўскім, а пасля таго як Гелена Дыбоўская пабралася шлюбам, перайшоў да Уладзіслава Брахоцкага, удзельніка Лістападаўскага паўстання.
Фота: fotobel.by
Падчас паўстання 1863–1864 гг. гаспадары зрабілі свой маёнтак прытулкам для інсургентаў, дапамагалі ежай, захоўвалі зброю. Пасля паўстання Уладзіслава выслалі ў Перм, Гелена рушыла за ім. Вярнуліся праз 11 гадоў. Былі пахаваныя ля капліцы ў Вераскаве ХІХ стагоддзя пабудовы, але пасля Другой сусветнай вайны магілы былі разрабаваныя.
Фота: fotobel.by
Сам Уладзіслаў Брахоцкі негатыўна ставіўся да алкаголю і актыўна праводзіў антыалкагольныя захады сярод месцічаў. Але вось ягоны пляменнік Уладзіслаў Тамаш Брахоцкі, да якога перайшоў маёнтак, пабудаваў тут бровар, будынак якога захаваўся і сёння (53° 45’25.08"N, 25° 54’29.34"E).
Фота: Наста Азарка
Цяпер маёнтак знаходзіцца ў аварыйным стане і паступова ператвараецца ў груду камянёў.
Фота: fotobel.by
Наступны прыпынак — Усялюб. Ад Вераскава да Усялюба грунтоўкай Н6315 ехаць, а лепш ісці каля 10 кіламетраў праз паўночную частку Наваградскага ўзвышша, сузіраючы ўзгорысты рэльеф і маляўнічыя пейзажы.
Ва Усялюбе варта звярнуць увагу на касцёл св. Казіміра, пабудаваны да 1430 года на сродкі Яна Няміры — паплечніка Вітаўта, пачынальніка шляхецкага роду Неміровічаў (пазней Неміровічаў-Шчытоў). Ян Няміра быў выключнай асобай у ВКЛ, ён будаваў першыя касцёлы на ўласныя сродкі, што раней маглі дазволіць сабе толькі вялікі князь ці ягоная сям’я. Касцёл ва Усялюбе стаў першым. У 1576 годзе будынак быў перароблены пад кальвінісцкі збор, толькі ў 1642 годзе вернуты каталікам. Гэта самы старажытны касцёл у Беларусі, але ён неаднаразова перабудоўваўся. Напрыклад, вежа-званіца дабудаваная ў ХІХ стагоддзі.
Фота: vedaj.by
Вельмі шмат пытанняў і да апошніх будаўнічых працаў у касцёле, калі з апорных сценаў вымалася аўтэнтычная цэгла для ўтварэння нішаў, якіх там адвеку не было. Тым не менш вакол касцёла віруе актыўнае сацыяльнае жыццё.
Фота: vedaj.by
Завяршыць ці прыпыніць сваю вандроўку зручней у Наваградку. Тут найлепш з інфраструктурай: ёсць дзе паесці, і дзе заначаваць, што паглядзець, куды схадзіць.
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе!
ПЖ, Budzma.by