«Нягеглы» і «глёкі», а можа «какора»? Беларуская мова — невычарпальная ў сваім багацці

Беларускі блогер, журналіст, папулярызатар беларускай мовы Васіль Ядчанка пачаў новы спецпраект «Тутэйшыя словы». «Штодзень» распытаў у Васіля пра гэты спецпраект, а таксама пра яго любімыя словы на роднай гаворцы.

Vasiĺ Jadčanka

Васіль, у вас распачаўся новы праект «Тутэйшыя словы». Распавядзіце пра яго, калі ласка.

— «Тутэйшыя словы» — гэта спецыяльны праект у межах майго асноўнага праекта «Мова ад Васіля». Бо «Мова ад Васіля» — мая асноўная плынь, і ў яе межах з’яўляюцца нейкія спецпраекты. Самы яскравы прыклад — гэта «Мова ў працы», але і раней я ствараў такія, можна сказаць, рубрыкі, як «Хто хоча стаць беларусам?» (гэта паводле «Хто хоча стаць мільянерам?»). Некаторыя іншыя, напрыклад, як сказаць па-беларуску нейкія ўстойлівыя выразы. І вось цяпер «Тутэйшыя словы».

«Мова ў працы», зразумела, што гэта звязана з рознымі працамі, дзеяннямі, інструментамі. «Тутэйшыя словы» навязваюць да рэгіянальных гаворак...

— Так, гэта медыяпраект, накіраваны на захаванне і папулярызацыю рэгіянальных асаблівасцей беларускай мовы. І гэта адна з асноў нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. «Тутэйшыя словы» — такая спроба захаваць, сабраць тое, што цяпер знікае, ці маўчыць, таму што ўсё менш і менш людзей размаўляюць і ведаюць такія тутэйшыя словы.

Вы хочаце ахапіць усе рэгіёны Беларусі, ці больш сканцэнтруецеся, скажам, на Гомельшчыне, якая вам асабіста блізкая?

— Вядома ж, Гомельшчына назаўсёды ў маім сэрцы. Так, можа я з гэтага буду пачынаць, таму што мне прасцей. Я ўзгадваю сваю бабулю Тамару, якая з Буда-Кашалёўшчыны. Узгадваю сваю бабулю Надзею, якая з Хойніцкага раёна. У іх была вельмі цікавая мова. Але, вядома, гаворка будзе пра ўсю Беларусь. І тут гэта залежыць не толькі ад мяне і нашай невялічкай каманды, гэта залежыць і ад падпісчыкаў, і ад гледачоў, якія ўжо дасылаюць у праект вельмі цікавыя словы. Калі я напісаў пра гэты праект, людзі пачалі дасылаць мне некаторыя асаблівасці, як кажуць у тым ці іншым рэгіёне. Вось мне піша сяброўка, што яна з Браслаўшчыны, і ведае, што:

КАКОРА — гэта тоўсты дранік-блінец на ўсю патэльню. ВЯПЛА або РАГВЭЛЯ — гэта такі нягеглы чалавек.

Мая бабуля казала «нягеглы», а вось на Браслаўшчыне Вяпла або Рагвэля. Цяпер ідзе такі падрыхтоўчы перыяд, калі мы збіраем словы. І іх так шмат, што я нават не ведаю, як усё гэта сістэматызаваць, бо ёсць вельмі цікавыя і розныя напрамкі. Таму адразу ў мяне ўзнікаюць нейкія падпраекты ў межах гэтага спецыяльнага праекта. Можна нешта казаць пра ежу, можна нешта казаць пра прылады працы, бо беларуская мова — гэта сапраўды такое невычарпальнае багацце.

А калі вы прыгадваеце свае тутэйшыя словы, што першае прыходзіць вам на думку?

— Я гэтае слова ўжо і назваў, гэта «нягеглы», яно ў мяне з дзяцінства ўвайшло. Ведаеце, калі вас свараць за нешта, то гэта нават запамінаецца больш. І так на нас з братам сварылася бабуля Тамара. Маю сястру малодшую яна тады называла словам «выскаць». Або слова «ГЛЁКІ». Ведаеце што такое «глёкі»? Памятаю, як бабуля казала: «Го, дай мне мяшок бульбы, дык я яго і на глёках прыбяру».

Такіх слоў вельмі шмат, і я хачу, каб мы іх выкарыстоўвалі, і каб гэта было нешта большае, чым проста забаўляльны кантэнт. Так, будзе весела і цікава па форме, але трэба разумець, што гэта сучасны інструмент працы з культурай памяццю.

Мы забіраем, захоўваем і вяртаем у публічную прастору элементы нашай нематэрыяльнай спадчыны. Гэта рэгіянальныя словы, магчыма, традыцыі, мясцовыя формы мовы, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, але сёння, на жаль, апынуліся пад пагрозай знікнення.

За кожным совам — жыццё

— Разумееце, за кожным словам — жыццё. Вось я ўзгадаў «глёкі», узгадаў Буда-Кашалёўшчыну. Дронькі — гэта вёска, адкуль родам мой бацька. Я быў зусім маленькі, але маю такія кароткія ўспаміны, як я стаю на ганку, там бабуля мая, а гэтай вёскі ўжо няма, бо яна трапіла ў Чарнобыльскую зону, і ўсё. Мы былі ў пасёлку Баявое, таксама яго ўжо няма, але мы ездзілі праз гэтыя пасты ў Чарнобыльскую зону і маці паказвала мне, што вось тут была іх хата, а тут яна з сёстрамі ледзь не ўтапілі парсюка. Ведаеце, калі пра гэта размаўляеш, яно становіцца жывым, і я хачу, каб наша мова, тутэйшае слова, гэта ўсё было жывым.

Тым больш, што носьбіты гэтых слоў многія адышлі ў іншы свет або адыходзяць, і ў будучыні не будзе ад каго збіраюць гэтыя словы...

— Так, так, мы памятаем і яшчэ хто-небудзь. Дарослыя 35-55 гадоў, яны з тугой глядзяць на тое, як сыходзіць з жыцця мова іх бацькоў. Таму трэба гэта збіраць і збіраць. Я тут спадзяюся і на беларусаў у Беларусі, і на дыяспару, гэта сотні тысяч людзей, якія захоўваюць мову. Людзі хочуць быць пачутымі, і мы будзем слухаць, адказваць па-беларуску, з усмешкай абавязкова, з любоўю. Будзе цікава. У мяне ёсць ужо ідэі працягу. Будзем рабіць, каб беларуская мова не была музейнай мовай, а была жывой, моднай, сваёй. Таму што мова — такі спосаб жыцця.