Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 13-14 студзеня

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Шчодры вечар у Азярцы і Гомелі, калядны баль у Залессі, творчая сустрэча са Святланай Алексіевіч у Берліне, семінар па акадэмічных свабодах у Лодзі, анлайн-лекцыя Наталлі Гардзіенка, майстар-класы, выставы, канцэрты — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.


Беларусь

Мінск і Мінская вобласць

Артыст-ток з фатографам Вадзімам Качаном у Мінску

Afiša

У суботу, 13 студзеня, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбудзецца артыст-ток з фатографам Вадзімам Качаном у межах яго выставы «Ад піктарыялізму да канцэптуалізму».

На сустрэчы аўтар раскажа пра фатаграфію: пра тую, якая экспануецца на выставе, а таксама пра іншыя здымкі, якія фатограф прынясе з сабой і пакажа на экране. 

То прыходзьце здзейсніць падарожжа ў свет фатаграфіі Вадзіма Качана.

Шчодры вечар у Азярцы

Afiša

У суботу, 13 студзеня, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы — Шчодры вечар.

Шчодрык, або Шчодрая куцця — вечар з 13 на 14 студзеня, калі гаспадары гатуюць другую (багатую, шчодрую) куццю, бліны з верашчакай і смажанай каўбасой, крупнік. 

Шмат часу на Шчодрык надавалі варажбе. Варажылі і дарослыя, і дзеці, а асабліва незамужнія дзяўчаты, якія хацелі даведацца, што іх чакае ў будучым годзе. 

Абрад шчадравання вызначаўся абыходам двароў гуртом шчадроўнікаў, спевамі песень-шчадровак, услаўленнем гаспадара і гаспадыні.

 То завітвайце шчадраваць!

Гомель

У Гомелі шчадруюць!

Afiša

13 студзеня, на Шчодры, філіял Веткаўскага музея ў Гомелі ладзіць традыцыйны паход гаманкім-звонкім гуртом у горад!

У кампаніі Казы і Мядзведзя з традыцыйнымі спевамі і вясёлымі пажаданнямі пойдуць на базар!
Абяцаюць весялуху, спевы, танцы, гульні — усё як мае быць! А можа, і пачастункі!

Апранайцеся адпаведна з надвор’ем ды бярыце з сабой добры настрой і пару сяброў.

Традыцыя патрабуе «пераўвасобіцца» ў нейкага персанажа — то захапіце стракатую хустку, незвычайны капялюх, размалюйце твар!

Далучайцеся, карацей!

Гродна і Гродзенская вобласць

Калядны баль у Залессі

Afiša

13 студзеня на сядзібе Агінскага ў Залессі, што на Смаргоншчыне, — Калядны баль. 

Гасцей чакаюць танцы XIX стагоддзя, зносіны з аднадумцамі і святочная атмасфера. 

Германія

Берлін

Творчая сустрэча са Святланай Алексіевіч у Берліне

Afiša

14 студзеня (гэта будзе нядзеля) у Берліне адбудзецца творчая сустрэча са Святланай Алексіевіч. 

Абмяркуюць вострыя пытаннечкі:

Дзе лепш сёння пісьменніку, які піша на рускай, — у таталітарнай краіне ці ў эміграцыі?

 Ці ёсць у Беларусі і Расіі еўрапейская будучыня? 

Ці можа мастацтва змякчаць норавы? Як мастацтва можа супраціўляцца злу? 

У Другой сусветнай вайны было «не жаночае аблічча». Якое аблічча ў вайны ва Украіне? Ці можа мастак быць саўдзельнікам вайны? 

Вайна ва Украіне — як такое магло здарыцца і чым яна скончыцца? 

Ці можна назваць забітых ва Украіне расейскіх вайскоўцаў «нашымі хлопчыкамі» па аналогіі з афганскімі «цынкавымі хлопчыкамі»? 

Ці меў рацыю Чаадаеў, сцвярджаючы, што ў Расіі ёсць гістарычная місія — паказваць свету як не трэба жыць? 

«Ці хочуць рускія вайны»? Ці яе хоча толькі Пуцін? 

Савецкае мінулае і расійская будучыня. Што змрачнейшае?

Польшча

Варшава

Лялечны спектаклік «УГУ! Калядныя навіны лесу» ў Варшаве (4+)

Afiša

У суботу, 13 студзеня, у Музеі Вольнай Беларусі — лялечны спектаклік для дзетак «УГУ! Калядныя навіны лесу».

У лесе адбываюцца незвычайныя падзеі: па начах нехта палохае ўсіх звяроў. 
Адважная карэспандэнтка Вавёрка бярэцца даследаваць сітуацыю і зрабіць найвыбітнейшы рэпартаж! 

Вас чакае казка пра тое, як важна ўсім разумець адзін аднаго і не толькі. 

Лодзь

Семінар па акадэмічных свабодах у Лодзі

Afiša

У суботу, 13 студзеня, у Лодзі ладзяць семінар па акадэмічных свабодах.  

Гэта адукацыйны семінар для беларускіх студэнтаў Лодзі, якія хочуць даведацца больш пра акадэмічныя свабоды і іх рэалізацыю, абмеркаваць існуючыя праблемы ў беларускай адукацыі і паспрабаваць разам вынайсці шляхі для іх вырашэння. 


Абяцаюць гарбатку і слодычы ва ўтульнай сяброўскай атмасферы.

 

Познань

Аляксандр Памідораў у Познані

Afiša

У суботу, 13 студзеня, у Познань прыбывае Аляксандр Памідораў са старанавагоднім канцэртам! Завітвайце! Будзе крута!

Чэхія

Прага

Джаз і ф’южн ад трыа Аляксандра Ясінскага ў Празе

Afiša

У суботу, 13 студзеня, круты беларускі баяніст Аляксандр Ясінскі і з ім Пётр Ціхі і Радэк Долежал граюць у Празе першы супольны канцэрт. Будзе і вам і джазу, ф’южну.

Аляксандр Ясінскі, Пётр Ціхі і Радэк Долежал шмат гадоў сустракаліся ў розных музычных праектах, а ў ліпені 2023 года пачалі граць разам як трыа. 

То вас чакае першы канцэрт! 

Анлайн

Анлайн-лекцыя Наталлі Гардзіенка «Беларусы ў ЗША: асноўныя этапы гісторыі, асяродкі, ініцыятывы, асобы»

Afiša

У суботу, 13 студзеня, Асацыяцыя беларусаў у Амэрыцы і Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва запрашаюць на анлайн-лекцыю гісторыка беларускай эміграцыі Наталлі Гардзіенка «Беларусы ў ЗША: асноўныя этапы гісторыі, асяродкі, ініцыятывы, асобы».

Вы даведаецеся гісторыю прысутнасці выхадцаў з беларускіх земляў у ЗША, якая пачынаецца недзе ў XVII ст., пра найбольш яскравыя яе падзеі (з’яўленне першых арганізацый, перыёдык, значных ініцыятываў) у XX ст.


Майстар-класы па вырабе саламяных павукоў (анлайн)

Afiša

13 і 14 студзеня майстрыхі Ірына Новік і Валерыя Шкода запрашаюць усіх ахвотных на анлайн мінімарафон па вырабе саламяных павукоў. Падчас заняткаў яны падзеляцца сваімі ведамі, дапамогуць разабрацца з тэхнікай пляцення павукоў, а таксама пазнаёмяць з відамі павукоў, якія бываюць рамбічныя і пірамідальныя.

Саламяны павук — гэта традыцыйны абярэг кожнага дома, які забірае ўсе кепскае і заблытвае ў сваім саламяным павуцінні. А выраб саламянага павука — гэта і цікавы занятак, і сапраўдная медытацыя, якая дапамагае супакоіцца і знітавацца з традыцыямі продкаў.

Кожны занятак зойме больш за гадзіну часу, што дазволіць зрабіць невялікага павучка, а пазней можна самастойна яго дарабіць і ўпрыгожыць на свой густ. Галоўнае — зразумець тэхніку. Для ўдзелу трэба падрыхтаваць салому, ніткі і добры настрой. Але, калі саламяных трубачак у вас пакуль няма, то можна для практыкавання скарыстацца і папяровымі.

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».


Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.