Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 16-17 снежня

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Каляды ў Мінску, батлейка і калядны кірмаш у Лондане, лялечны спектаклік «УГУ! Калядныя навіны лесу» ў Варшаве, ялінка для дзетак ва Уроцлаве, акустычны канцэрт Уладзіміра Пугача ў Берліне, майстар-класы, кінапаказы, выставы — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.


Беларусь

Мінск і Мінская вобласць

KALIADY ў Мінску

Afiša

У суботу, 16 снежня, у Мінску святкуюць KALIADY.  Вас чакае Шчодры вечар — самая этнічная вечарына Мінска (і крыху электронная).  Абяцаюць калядных дыджэяў з найлепшымі сэтамі, трошку падарункаў, калядаванне і, вядома, калядны цуд.

Заслаўе

Майстар-клас Наталлі Чэрвонцавай па выцінанцы ў Заслаўі

Afiša

У нядзелю, 17 снежня, музей-запаведнік «Заслаўе» ладзіць калядны майстар-клас па выцінанцы. Падчас сустрэчы вы даведаецеся пра традыцыю беларускай выцінанкі і, пад кіраўніцтвам майстрыні, зробіце сваю ўласную выцінанку — калядную маску Казы, Мядзведзя, Дзеда.


Гомель

Майстар-клас па сожскай скані ў Гомелі

Afiša

У суботу, 16 снежня, філіял Веткаўскага музея паўтарае ўнікальны майстар-клас па сожскай скані, які дужа ўпадабалі гамяльчане! 

Гэтым разам вы зможаце стварыць непаўторныя завушнічкі! Дапаможа вам майстар Міхаіл Лізагуб.



Вялікабрытанія

Лондан

Батлейка і калядны кірмаш у Лондане

Afiša

У суботу, 16 снежня, у беларускай царкве Лондана ладзяць батлейку!

Традыцыйна батлейку Скарынаўскай бібліятэкі адкрываюць штогод, калі набліжаюцца Каляды. 
На адзін вечар чароўныя батлеечныя лялькі пераязджаюць у суседні Marian House і ажываюць у руках нязменнага батлейшчыка Паўла Шаўцова. 

У калекцыі 16 лялек, якія ўвасабляюць персанажаў традыцыйнай беларускай батлейкі: тры Каралі, цар Ірад, Ваяка, Каза, Анёл, Рахіль, Смерць і іншыя. 

Лялькі былі створаныя беларускай мастачкай Аленай Ткачовай і прыехалі з Беларусі ў Брытанію ў 2004 г. 

Калі вы жадаеце, каб вашыя дзеці падчас батлейкі атрымалі падарунак ад Святога Міколы, то перадайце гэты падарунак (коштам да 10 фунтаў) з пазначаным імем дзіцяці батлейшчыку Паўлу Шаўцову перад прадстаўленнем. 

Пасля батлейкі адбудзецца служба ў царкве і ўсе ўдзельнікі запрашаюцца на гарбату ў Мар’ян Гаўз. 

Германія

Берлін

Акустычны Уладзімір Пугач у Берліне

Afiša

У суботу, 16 снежня, лідар «морсаў» Уладзімір Пугач разам з гітарыстам Сяргеем Шчурко грае ў Берліне канцэрт.  Любімыя песні і асаблівая, цёплая атмасфера канцэрта перанясуць вас у родныя мясціны да любімых людзей. 

Літва

Вільня

Прэзентацыя альманаха па культурнай спадчыне «CTRL+S» у Вільні

Afiša

У суботу, 16 снежня, у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры прэзентуюць штогадовы альманах па культурнай спадчыне «CTRL+S», прысвечаны сёлета тэме «Утопіі нашай спадчыны».

Аўтары і героі альманаха — даследчыкі, міжнародныя эксперты, а таксама студэнты ЕГУ — разважаюць над гістарычнымі ідэаламі захавання культурнай спадчыны, а таксама спрабуюць паглядзець у будучыню захавання і адчуць выклікі, якія яна нясе.

Назва альманаха «CTRL+S» — кампутарная каманда «захаваць» — гэта спроба вырвацца за межы сэнсавых клішэ, знайсці новую мову для працы з культурнай спадчынай, якая не ігнаруе рэальнасць XXI стагоддзя. 


Каляды ў Вільні

Afiša

У нядзелю, 17 снежня, у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры святкуюць Каляды. Апранайцеся ў традыцыйным беларускім стылі (вышываныя кашулі, вышыванкі, іншая вопратка ў беларускім стылі) ці прыходзьце ў калядных касцюмах — казы, мядзьведзя, зайца, ваўка, бусла, жорава, каня, быка і г.д. Ці проста апранайцеся святочна. 

Цягам усяго мерапрыемства дзеці (і дарослыя) за ўдзел у святочных імпрэзах і гульнях будуць атрымліваць калядныя прызы. 

Польшча

Варшава

Лялечны спектаклік «УГУ! Калядныя навіны лесу» ў Варшаве (4+)

Afiša

У суботу, 16 снежня, у Музеі Вольнай Беларусі — навагодняя ялінка і лялечны спектаклік для дзетак «УГУ! Калядныя навіны лесу».

У лесе адбываюцца незвычайныя падзеі: па начах нехта палохае ўсіх звяроў. 
Адважная карэспандэнтка Вавёрка бярэцца даследаваць сітуацыю і зрабіць найвыбітнейшы рэпартаж! 

Вас чакае казка пра тое, як важна ўсім разумець адзін аднаго і не толькі. 

Уроцлаў

Ялінка для дзетак ва Уроцлаве

Afiša

У суботу, 16 снежня, Суполка Беларусаў Уроцлава і гурт «Летапіс» запрашаюць на традыцыйную ялінку для дзетак.

Прыходзьце сустрэцца з традыцыйнымі каляднымі героямі, паспяваць, патанчыць і, вядома, атрымаць падарункі! 

Сёлета да віншаванняў далучыцца з выступам танцавальны калектыў «Mały Wrocław». 

Чэхія

Прага

Каляды ў Празе

Afiša

У суботу, 16 снежня, суполка «Золак» запрашае ўсіх незалежна ад полу, узросту і нацыянальнасці адсвяткаваць Каляды па-беларуску.

Вас чакае:
варштат па вырабу каляднай зоркі;

 сумесныя спевы калядак;

 прэзентацыя калядных традыцый;

 традыцыйныя танцы; 

прадстаўленне лялечнага театру. 


Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.


Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.