Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 20-21 красавіка

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Варштат па ляльках-вяснянках у Мінску, свята млынара ў Азярцы, пешаходны квэст у Брэсце, экскурсія па-беларуску і беларускі стэнд на кніжным кірмашы ў Беластоку, майстар-клас-дэгустацыя халадніка ў Вільні, канцэрт Вайцюшкевіча ў Варшаве, вялікі беларускі вечар у Фрайбургу, канцэрты, выставы, спектаклі — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.



Беларусь

Мінск і Мінская вобласць

Варштат па ляльках-вяснянках у Мінску

Afiša

У суботу, 20 красавіка, у музеі Якуба Коласа — майстар-клас па традыцыйных ляльках-вяснянках.

Такія лялькі рабілі нашыя продкі для таго, каб як найхутчэй прыйшла цёплая, сталая вясна.

Вядзе варштат кіраўніца суполкі «У гасцях у Лялькі» Эрыка Грышчанка і яе памочнікі. 


Свята млынара ў Азярцы

Afiša


У суботу, 20 красавіка, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы — «Свята млынара».

Млын — пабудова для размолу зерня. З ім звязваецца шэраг павер’яў. 

Лічылася, што млынары маюць стасункі з нячыстай сілай. Іх паважалі як вельмі моцных чараўнікоў і лічылася, што ўдзень малолі зерне людзі, а ўначы — чэрці. 

Валадары ветракоў, каб зноў выклікаць вецер, для прыкладу, кідалі некалькі жменяў мукі, што было своеасаблівай ахвярай ветру. 

А на Барысаўшчыне, тыя, хто працавалі на вадзяных млынах, у дзень святога Марціна елі гусей і казалі: «Марцін святы — губіцель гагаты».

Вас чакае: 

Святочнае шэсце да млына з в. Даматканавічы; 

Млынарскія чароўныя казкі; 

Абрады, якія накіраваны на добрую працу млына; 

Экскурсія па млыну з вёскі Даматканавічы.

Брэст

Квэст «Кварталы» ў Брэсце

Afiša

У суботу, 20 красавіка4roomclub кліча на пешаходны квэст «Кварталы».

Абяцаюць новы фармат! 

Вас чакае 4 узроўні па 10 заданняў рознай ступені складанасці. Квэст рэалізаваны праз аўтаматычную гульнявую сістэму. 

Германія 

Фрайбург

120 хвілін для Беларусі: вялікі беларускі вечар у Фрайбургу

Afiša

У суботу, 20 красавіка, у Фрайбургу адбудзецца вялікі беларускі вечар «120 хвілін для Беларусі».

У праграме:

Лявон Вольскі з песнямі розных гадоў

размова з прафесарам Гайнрыхам Кіршбаўмам 

паэтычны выступ Юлі Цімафеевай і размова з аўтаркай 

размова з актывісткай аб’яднання «Разам» Інай Валіцкай

гутарка з Альгердам Бахарэвічам і чытанні «Сабак Эўропы» ў нямецкім перакладзе.

Мадэратар — Інга Пэтц.


Літва 

Вільня

Майстар-клас-дэгустацыя халадніка ў Вільні

Afiša

У суботу, 20 красавіка, у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці дакрануцца да святога — тут будзе майстар-клас-дэгустацыя «Лепшы халаднік ці лепшы халаднік — вось у чым пытанне!».

А калі лепшы — дык які? 

Паспрабуюць разабрацца разам: 

параўнаюць некалькі рэцэптаў халадніку; 

пакаштуюць і мо вырашаць, з чым яго лепш есці;

 абмяркуюць, адкуль узялася такая страва. 

Майстар-клас «Кветкі замест бомб» у Вільні

Afiša

У нядзелю, 21 красавіка, у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці — майстар-клас па партызанскім садаводстве «Кветкі замест бомб», які ладзіцца сумесна з актывістамі «Экадому».

Можна будзе стварыць так званыя «бомбачкі», або шарыкі з зямлі, гліны ды насення палявых кветак, якія зазвычай закідваюць на пустыры, каб пасля дажджу яны прараслі. 

Партызанскае садаводства ўзнікла як форма пратэсту і спосаб вяртання сабе права ўплываць на аблічча гарадоў і зямлі. Гэтае жаданне вядома ўсім беларусам і беларускам, правы (і ў тым ліку экаправы) каторых спрабуюць выдраць з коранем. 

Пасля выбуху на ЧАЭС мы ўжо бачылі масавую вымушаную міграцыю людзей з роднай зямлі, з забруджаных тэрыторый, небяспечных па сённяшні дзень. 

То прыходзьце апусціць рукі ў зямлю, гліну ды насенне, каб стварыць тое, што наадварот дапаможа зямлі заквітнець.

Нідэрланды

Света Бень у Амстэрдаме

Afiša


У суботу, 20 красавіка, Света Бень дае ў Амстэрдаме адразу тры выступы. Па-першае, спадарыня Света зайграе спектакль для ўсёй сям’і «Беспрацоўнае дрэва». 

Будзе два паказы — у 14.15 і ў 16.30

Запрашаюцца дзеці ад 5 гадоў і добра выхаваныя дарослыя. 

Гэта гісторыя дрэва, якое змушана пакінуць парк, дзе ўсё сваё жыццё прапрацавала... дрэвам. Яго чакае дарога, напоўненая прыгодамі — то цудоўнымі, то небяспечнымі, а то і абсалютна нечаканымі. 

У гэтым монаспектаклі выкарыстоўваюцца тэатральныя лялькі і аб’екты, створаныя берлінскай мастачкай Лінай Хесінай. 

Гісторыю прыдумала, расказвае і паказвае актрыса і рэжысёрка Света Бень. 

Па-другое, увечары таго ж дня, 20 красавіка, Света Бень грае ўтульны і аптымістычны вясновы кватэрнік «Камета не прыляцела».

Польшча 

Беласток

Экскурсія па-беларуску па Беластоку

Afiša

У суботу, 20 красавіка, беларусаў Беластока клічуць на беларускамоўную экскурсію па раёне Баяры.

Клічуць паглядзець: 

помнікі архітэктуры мадэрнізму (гарадская лазня, будынак духоўнай семінарыі); 

найстарэйшы дом з канца ХІХ стагоддзя; 

традыцыйны расклад вуліц з захаванай, хоць і часткова, драўлянай забудовай;

 падляшскую гарадскую драўляную архітэктуру і брукаванку; 

самы незвычайны помнік Юзафу Пілсудскаму!

Беларускі стэнд на кніжным кірмашы ў Беластоку

Afiša

Па 21 красавіка, у Беластоку — кніжны кірмаш і літаратурны фестываль «На памежжы».

На ім будуць і стэнды беларускіх выдавецкіх ініцыятыў: кнігарні «Кнігаўка», выданні фонда Kamunikat, выдавецтва «Янушкевіч», Vesna Books, Gutenberg Publisher, «Пфляўмбаўм», Skaryna Press, «Мяне няма».

Акрамя выставы-продажу чакаюцца і іншыя актыўнасці. Валянціна Аксак і Уладзімір Арлоў будуць падпісваць свае кнігі. 

З беларускімі пісьменнікамі можна будзе сустрэцца 20 красавіка з 12 да 13 гадзіны ​​ў «Арт-зоне» (Strefa Sztuki), якую ладзіць Падляшскі аўкцыённы дом. 

Варшава

Вясновы Вайцюшкевіч у Варшаве

Afiša

У суботу, 20 красавіка, у Варшаве грае вясновы канцэрт непераўзыдзены і найсціплейшы Зміцер Вайцюшкевіч.

Рыхтуе новыя і даўно знаёмыя песні. 

Сяброўская атмасфера, смачнае піва і таварыства любімага артыста — усё, чаго вам не хапала гэтай вясной. 


Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай АФІШЫ.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!


А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.