Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Масленіца ў Мінску, дзень батлейкі ў Азярцы, тэатралізаваныя чытанні «Сымона-музыкі» ў Мінску, сустрэча з выдаўцамі Андрэем Янушкевічам і Сяргеем Шупам у Вільні, лекцыя пра заходнепалескія гаворкі ў Кракаве, творчая сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Арловым, прысвечаная Дню роднай мовы, у Торуні, а з Андрээем Хадановічам у Лондане, гуканне вясны ў Варшаве, выставы, майстар-класы, канцэрты, спектаклі — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.
Беларусь
Мінск і Мінская вобласць
Масленіца ў Мінску
У суботу, 24 лютага, «Беларуская хатка», што на Рабкораўскай, запрашае на імпрэзу «А ў нас сёння Масленіца!»
Вас чакаюць:
Побытавыя танцы
Абрадавыя песні
Гульні
Дзень батлейкі ў Азярцы
У суботу, 24 лютага, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы ладзяць Дзень Батлейкі і прысвячаюць імпрэзу Дню роднай мовы.
Вы ўбачыце рэканструкцыю прадстаўленняў 1920-1930-х гг. ад мірскіх батлеечнікаў — сям’і Сілко: батлеечную дзею «Калядна» (мясцовую інтэрпрэтацыю спектакля «Цар Ірад») і спектакль «Салдат і чорт».
Яны характэрны толькі для Мірскай батлейкі, унесенай у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Будзе таксама калядная батлейка «Віцебскі жлоб», якая атрымала статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Віцебскай вобласці.
Гэтая батлейка страціла жывое бытаванне яшчэ ў мінулым стагоддзі і засталася існаваць толькі ў літаратурных крыніцах. Пры аднаўленні выкарыстоўваліся запісы этнографаў XIX-XX стст.
Батлейка «Віцебскі жлоб» сваёй пабудовай значна адрозніваецца ад звычайнага тыпу беларускай батлейкі тым, што спалучае статычную частку і рухомую.
Сам тэатр мае выгляд трохкупальнай царквы, якая стаіць на адпаведнай лаве і мае адну нішу, дзе знаходзяцца нерухомыя лялькі і тры нішы з рухомымі кружэлкамі, у якіх рухаюцца ценявыя фігуры.
Дзеянне суправаджаецца песнямі і кантамі на тэму Наражэння Хрыстова.
Уся дзея адбываецца ў цемры, і фігуркі, якія круцяцца ў нішах пры святле свечак, ствараюць магічны чароўны свет.
Тэатралізаваныя чытанні «Сымона-музыкі» ў Мінску
У нядзелю, 25 лютага, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Цэнтр беларускай драматургіі і музей Якуба Коласа запрашаюць на тэатралізаваныя чытанні ўрыўкаў з арыгінальнага варыянта паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка».
Гэтым паказам РТБД распачынае Тыдзень беларускай драматургіі «Канцэнтрацыя», які пройдзе з 25 лютага па 3 сакавіка. На працягу Тыдня вас чакаюць спектаклі па творах беларускіх драматургаў, новыя сцэнічныя чытанні, лекцыі і майстар-класы. Глядзіце праграму па спасылцы.
Брэст
Майстар-клас «Беларуская лялька Васіліна» ў Брэсце (6+)
У нядзелю, 25 лютага, у берасцейскай гарадской пушкінскай бібліятэцы ладзяць майстар-клас па стварэнні беларускай лялькі Васіліны.
З пытаннечкамі ды па запіс звяртайцеся па тэлефоне +375297273695.
Гомель
Майстар-клас па свістульках з гліны ў Гомелі
24 лютага філіял Веткаўскага музея ў Гомелі зноў ладзіць майстар-клас па лепцы з гліны. Гэтым разам прапануюць рабіць свістулькі!
Усе матэрыялы прадастаўляюцца музеем!
Лепш узяць з сабой спецыяльны мастацкі фартух або зменную вопратку, якую нястрашна выпацкаць, і заколкі / гумку, калі ў вас доўгія валасы.
Вялікабрытанія
Лондан
Дзень Роднай мовы з Хадановічам у Лондане
24 лютага Англа-беларускае таварыства сардэчна запрашае на традыцыйнае святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы ў Лондане.
Сёлетні Дзень роднай мовы прыпадае на другую гадавіну вайны ва Ўкраіне і прысвячаецца гераічнаму змаганню ўкраінскага народа за свабоду і захаванне сваёй палітычнай і культурнай ідэнтычнасці.
Госцем будзе Андрэй Хадановіч, вядомы паэт і перакладнік. На сустрэчы ў падтрымку ўкраінскага народу будуць прачытаныя вершы Сяргія Жадана, а таксама арыгіналы вершаў на розных мовах у перакладах Андрэя Хадановіча і ягоную ўласную паэзію. Будуць і спевы – песні, перакладзеныя знакамітым госцем на беларускую мову: «Разбуры муры турмы», «Чуеш як ідзе народ?», «Алілюя», «The Fields of Athenry...».
Удзельнікі сустрэчы змогуць набыць зборнікі паэзіі і перакладаў Андрэя Хадановіча.
Латвія
Рыга
«Мова Нанова» да Дня роднай мовы ў Рызе
У суботу, 24 лютагая, рыжская «Мова Нанова» запрашае на сустрэчу да Дня роднай мовы. Будуць пісаць Беларускую дыктоўку!
Гэтым разам дыктоўка прысвечана 100-годдзю ад дня нараджэння Васіля Быкава.
На занятках, акрамя дыктоўкі, прыгадаюць біяграфію пісьменніка і яго самыя вядомыя творы.
У якасці тэксту для напісання дыктоўкі абралі цікавы невялічкі твор.
Прапануюць спачатку напісаць адтуль урывак, а пасля разам дачытаць твор і абмеркаваць.
Літва
Вільня
Сустрэча з выдаўцамі Андрэем Янушкевічам і Сяргеем Шупам у Вільні
У суботу 24 лютага ў 18.00 у памяшканьні Цэнтру беларускай супольнасьці і культуры ў Вільні (Vilniaus g., 20) адбудзецца сустрэча зь беларускімі незалежнымі выдаўцамі Андрэем Янушкевічам (выдавецтва «Янушкевіч», Варшава) і Сяргеем Шупам (выдавецтва «Вясна», Прага).
Госьці раскажуць пра выдавецкія навінкі і свае далейшыя пляны, а таксама прадставяць свае апошнія выданьні: кнігі Дзяніса Марціновіча «Сьлюнькоў» і Аляксандра Дземідовіча «Записки несостоевшегося «химика»» з удзелам аўтараў, а таксама пераклад культавага раману Юргіса Кунчынаса «Туўла» ў перакладзе Сяргея Шупы.
Беларускі стэнд на Віленскім кніжным кірмашы
Ад 22 да 25 лютага ў Вільні працуе Кніжны кірмаш. Сёлета там арганізаваны і адмысловы беларускі стэнд: парупілася жаночае выдавецтва «Пфляўмбаўм».
На стэндзе таксама будуць кнігі выдавецтва «Янушкевіч».
То рыхтуйце торбы паболей для беларускіх кніжачак і завітвайце!
Нумар стэнда — 5.А11А.
Польшча
Беласток
Занятак па стрэтчынгу з харэографкай у Беластоку
Хаб «Новая Зямля» запрашае на адкрыты занятак па стрэтчынгу з прафесійнай артысткай балету і харэографкай.
На занятку прапануюць паслабіць і расцягнуць цягліцы, зрабіць акцэнт на заціснутасці цягліц і спіны, адчуць лёгкасць у целе і проста рэлаксаваць.
Колькасць месцаў абмежаваная, абавязковы папярэдні запіс у тг @vozhykvozhyk.
Варшава
Гуканне вясны ў Варшаве
У нядзелю, 25 лютага, у Беларускім Доме ладзяць майстар-клас для дзяцей — гукаюць вясну.
Дзеці навучацца выпякаць «жаваронкаў» — вестуноў вясны. Нашы продкі пяклі печыва ў выглядзе птушак і раздавалі іх дзецям. А дзе-нідзе дзяўчаты на посцілцы падкідвалі ўверх печаных жаваронкаў, імітуючы палёт, што мусіла паскорыць вяртанне птушак з выраю.
Кракаў
Пра палескія гаворкі па-палеску: лекцыя ў Кракаве
Мовазнавец Павел Акіньчыц правядзе прэзентацыю, на якой вы пазнаёміцеся з галоўнымі адметнасцямі заходнепалескіх гаворак Беларусі — найменш блізкіх да літаратурнай мовы.
Як і ў мінулы раз, усё будзе адбывацца непасрэдна на народнай палескай мове, але на іншай гаворцы.
Пра што будзе лекцыя:
Гісторыя рэгіёна
Аналіз асаблівасцяў пра загародска-палескіх гаворак
Знаёмства з літаратурай на народнай мове
Пераклад з беларускай мовы на палескія гаворкі
Торунь
«Мая радзіма — беларуская мова»: сустрэча з Уладзімірам Арловым у Торуні
У нядзелю, 25 лютага, у Торуні — творчая сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Арловым, прысвечаная Дню роднай мовы.
Вас чакае маналог госця пра тое, як нараджаюцца кнігі, а таксама прэзентацыя яго новых і ранейшых кніг.
Будзе і аўтограф-сесія.
Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.
Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».
Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!
А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.