Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 5-6 жніўня

03.08.2023 Афіша

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Сямейны фэст, гістарычны квэст, майстар-класы, выставы, рыцарскія фестывалі і беларускія кінапаказы — выбірайце мерапрыемствы ў сваім горадзе і на свой густ!


Беларусь

Мінск

Сямейны фэст «TOYDAY» у Мінску

сямейны фестываль у Мінску

Гэтымі выходнымі, 5 і 6 жніўня, у Батанічным садзе — зноў вялікі сямейны гульнявы фестываль «TOYDAY». Арганізатары рыхтуюць шмат забаў, гульняў і квэстаў для ўсёй сям’і. Глядзіце, колькі ўсяго будзе: 

- гіганцкая надзіманая паласа перашкод і картынг;

- маштабная пляцоўка гульні ў Лазертаг і Энгры Бёрдс;

- школы англійскай мовы і школы развіцця;

- лекторый з вядомымі дактарамі;

- гульнятэкі, робаты і кампутарныя майстар-класы;

І гэта — толькі частка вялікай летняй праграмы!

Выстава «Дзённік пяці мастачак» у Мінску

дзённік пяці мастачак

У гэтыя выходныя можна таксама схадзіць на крутую выставу, якая адкрылася 4 жніўня ў прасторы «Вершы».

«Дзённік пяці мастачак» — гэта жывапіс, графіка і арт-аб’екты пяці беларускіх аўтарак. Кожная з іх па-свойму працуе з тэмай памяці, якая матэрыялізуецца і знаходзіць свае абрысы. Індывідуальнае і калектыўнае, асабістае і творчае, уражанні і рэфлексія пераплятаецца тут з асаблівай шчырасцю і непасрэднасцю.

На выставе можна ўбачыць работы Лены Гіль, Вольгі Орсік, Кацярыны Пашкевіч, Таццяны Радзівілка і Ірыны Ясюкайць-Дударавай. Куратаркі праекта — Дар’я Пушко і Таццяна Пушко.

Вечар памяці Толкіна ў Мінску

вечар памяці Толкіна

У суботу, 5 жніўня, у прасторы «Хто такі Джон Голт?» пройдзе вечарына памяці Джона Рональда Руэна Толкіна. Па ўсім свеце імпрэзы ў памяць аўтара «высокага фэнтэзі» адбудуцца ў верасні, аднак мы маем шанец ужо зараз паслухаць цікавую лекцыю-гутарку пра пісьменніка і ягоны свет, а таксама ўбачыць выставу ілюстрацый, розныя артэфакты ды кнігі.

Удзел у імпрэзе бяруць перакладчык Канстанцін Піражкоў і ілюстратар Андрэй Строцаў.

Гомель

Майстар-клас па лепцы з гліны ў Гомелі

майстар-клас па лепцы ў Гомелі

5 жніўня філіял Веткаўскага музея ў Гомелі зноў ладзіць майстар-клас па лепцы з гліны. Гэтым разам тэма заняткаў вольная!

Усе матэрыялы забяспечваюцца музеем, але не забудзьцеся ўзяць з сабой спецыяльны мастацкі фартух або зменную вопратку. Па заканчэнні майстар-класа важна будзе сфатаграфаваць свой выраб або зрабіць з ім сэлфі — каб па памылцы не забраць чужую працу.

Арганізатары папярэджваюць: дзеці да 7 гадоў могуць удзельнічаць у майстар-класе толькі ў суправаджэнні дарослых.

Брэсцкая вобласць

Квэст у Сапегаў у Ружанах

квэст Сапегаў

У суботу, 5 жніўня, усе ахвотныя запрашаюцца на квэст па палацы Сапегаў у Ружанах! Як заўсёды, абяцаюць разнастайныя заданні, якія вам давядзецца шчоўкаць, лётаючы па былой рэзідэнцыі магнацкага роду Сапегаў.

Магілёўская вобласць

Мсціслаўскі фэст 2023

Мсціслаўскі фэст

У суботу, 5 жніўня, на замкавай гары ў Мсціславе пройдзе традыцыйны рыцарскі фэст. Нас чакае вялікая праграма з тэатралізаваных паказаў, рыцарскіх турніраў, майстар-класаў, выступаў музычных гуртоў і працяглых фаер-шоу!

Віцебская воблаць

«Сад ідэй»: выстава беларускай сучаснай скульптуры ў Полацку

сад ідэй

«Сад ідэй» знаходзіцца ў галерэі Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. На выставе можна пабачыць творы скульптараў з Брэста, Віцебска, Гродна, Мінска, Магілёва і Салігорска: мноства тэхнік, матэрыялаў і вобразаў.

Гродзенская вобласць

Фэст «Гальшанскі замак 2023»

фэст Гальшанскі замак

У суботу, 5 жніўня, у Гальшанах — традыцыйны сярэднявечны фэст «Гальшанскі замак». У праграме — рыцарскае шоу, сярэднявечны лагер, майстар-класы па сярэднявечных танцах, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, рамеснай творчасці, экскурсія па Паўночнай вежы замка, а таксама кірмаш, фудкорты ды розныя забаўкі і сюрпрызы.

Літва

Вільня

Выстава Кацярыны Пікірэні «Вязьмо»

вязьмо Кацярыны Пікірэні

Добрая нагода завітаць у Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча — там працягваецца экспазіцыя праекта «Вязьмо», які даследуе эстэтычны і містычны складнікі беларускіх літар і спрабуе намацаць мяжу, на якой знак пачынае перарастаць у абстрактны ўзор.

Графічны эксперымент прысвечаны трывожнай сувязі з бабулямі, наймагутнейшымі полюсамі радаводаў. «Вязьмо» не толькі пра любоў і памяць, але таксама пра сузалежнасць, разгубленасць і супярэчлівы досвед. Аднак найперш — пра гаючую сілу ўчаснага вандалізма, бо памяць немагчыма зберагчы, не параніўшы яе.

Кацярына Пікірэня нарадзілася ў Вызне, вырасла ў Менску. Сышла з чацвёртага курса медычнага ўніверсітэта, каб працаваць ў кнігарні і выдавецтве «Логвінаў», вучылася графічнаму дызайну ў Мілане і Празе. Цяпер займаецца дызайнам, ілюстрацыяй і вёрсткай кніг, а таксама ладзіць персанальныя тыпаграфічныя эксперыменты. Выкладчыца выдавецкага дызайна і тыпаграфікі Prague City University.

Польшча

Познань

Беларускія казкі на стужках ад «Дыяфільм live» ў Познані

дыяфільмы live

У першую суботу жніўня праект «Дыяфільм live» вяртаецца ў Познань з «Беларускімі казкамі на стужках» для дзетак і іх бацькоў.

У праграме будуць казкі і вершы Надзеі Ясмінскай, Вольгі Гапеевай, Андрэя Хадановіча і Андрэя Скурко.

«Беларускія казкі на стужках» — гэта свята для ўсёй сям’і ў атмасферы «аналагавага» цуду. Бацькі змогуць паглыбіцца ў дзівосныя ўспаміны свайго дзяцінства, калі звычайная белая прасціна станавілася парталам у казачны свет, а дзеці пачуюць новыя ці ўжо забытыя старыя добрыя казкі, расказаныя з дапамогай чарадзейнага дыяпраектара.  

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў. Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.