14 лістапада паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Матафонава у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” сустрэліся з прыхільнікамі беларускай паэзіі і песні на Чэрвеншчыне.
Першая імпрэза прайшла ў Грабёнкаўскай СШ і была прысвечаная яе вялікасці Класіцы. Гучалі вершы, прысвечаныя М. Багдановічу, Я. Купалу, Гіёму Апалінэру, Л. Геніюш. Дарэчы, яе афарыстычныя радкі “Адзінай мэты не зракуся, і сэрца мне не задрыжыць. Як жыць, дык жыць для Беларусі, а без яе – зусім не жыць!” ведаюць на памяць усе школьнікі: шыльда з гэтым чатырохрадкоўем змешчаная на дзвярах кабінета беларускай мовы і літаратуры. А сама школа ў Грабёнцы адлічвае сваю гісторыю з далёкага 1916 года, калі была адкрытая на загад нямецкага генерала Паўля фон Гіндэнбурга – як дзяржаўная і беларускамоўная. Песні грабёнкаўскія школьнікі пачулі таксама класічныя – на вершы таго ж М. Багдановіча, У. Караткевіча, Я. Коласа, Н. Арсенневай, У. Дубоўкі.
Сустрэча ў Чэрвенскай раённай бібліятэцы не змагла пачацца своечасова – усім слухачам не хапіла месца, і давялося зносіць крэслы з усёй бібліятэкі. Паслухаць сталічных гасцей прыйшлі ўдзельнікі раённага літаб’яднання “Ветразь” (у поўным складзе, на чале з яго кіраўніком Уладзімірам Дарагушам), школьнікі і настаўнікі, супрацоўнікі мясцовага Дома культуры. Замест запланаванай гадзіны імпрэза цягнулася ўдвая даўжэй. Асабліва спадабалася прысутным выкананне Т. Матафонавай славутага паланэзу “Развітанне з Радзімай” (муз. М. К. Агінскага, сл. С. Сокалава-Воюша). Пасля сустрэчы для М. Скоблы і Т. Матафонавай была зладжаная экскурсія па Чэрвені, у тым ліку на старыя могілкі, дзе пахаваны дзед М. Багдановіча Апанас Мякота.