Сайт budzma.org распачынае публікацыю серыі рэпартажаў фатографа Андрэя Лянкевіча, прысвечаных абрадавым святам традыцыйнага беларускага каляндару. Каляды, Гуканне Вясны, Купалле, Дажынкі ды шмат іншых. Андрэй Лянкевіч пры дапамозе фатаграфіі паказвае паганскія традыцыі і звычаі, якія да гэтага часу існуюць на Беларусі. Большасць традыцыяў знікае альбо ўжо знікла ў 60—70-я гады мінулага стагоддзя, у некаторых вёсках іх памятае толькі адна, найстарэйшая жыхарка. Першы рэпартаж — водгук нядаўняй зімы. З фатографам гутарыць Аляксандра Гайдукевіч:
— Чаму менавіта дахрысціянскім традыцыям вы вырашылі прысвяціць свой фотарэпартаж?
— Перш за ўсё, кожны беларус павінен ведаць хто ён і дзе ягоныя карані. Паганства займае велізарнае месца ў культурнай традыцыі Беларусі. Яно складае зусім невялічкі культурны слой, але пад ім хаваецца багатая культурная спадчына народу. Я імкнуся данесці да гарадскіх людзей, што існуюць рэчы, якія ў хуткай будучыні могуць знікнуць. І мне хочацца, каб яны іх пабачылі, адчулі і паназіралі за імі самі. Гэта не этнаграфічны праект, а хутчэй аўтарскае ўспрыманне, маё асабістае бачанне паганства і яго месца ў сучасным жыцці.
— Чаму вы вырашылі зрабіць фотаздымкі чорна-белымі?
— Галоўная мэта, якую я тут пераследую – сцерці час. Здымкі з “Калядаў” былі адмыслова задуманыя так, каб стварыць уражанне свайго далёкага паходжання. Прыбраць колеры з візуальнага вобразу, зрабіць здымкі больш аўтэнтычнымі – асноўныя прычыны такога выбару.
— Што ёсць самым складаным на шляху да вашага ідэальнага фатаздымка?
— Самае складанае – гэта знайсці кантакт з людзьмі. Я не імкнуся зрабіць толькі якасны фатаздымак: сёння і так хапае тэхнічных сродкаў, каб палепшыць якасць любога твора. Праз свае здымкі я хачу распавесці гісторыю. І для гэтага мне трэба спазнаць тых людзей, да якіх я прыяжджаю. Мне трэба, каб яны ўпусцілі мяне ў сваё жыццё і паказалі яго такім, якім яно ёсць.
— Што ўплывае на ваш выбар месца здымкаў?
— У маёй працы мне вельмі дапамагае фалькларыст Ірына Мазюк. Яна тлумачыць народныя традыцыі, ставіць правільныя акцэнты. Ірына падказвае тыя месцы, дзе захаваліся найбольш аўтэнтычныя народныя абрады, дзе людзі працягваюць насіць свае старадаўнія касцюмы. На вялікі жаль, падобных месцаў, на якія б не паўплывалі сучасныя веянні, засталося вельмі мала. Зусім нядаўна вярнуўся з падарожжа, калі здымаў “Гуканне вясны”. Тут, дарэчы, ёсць вельмі цікавая асаблівасць. У Расіі гэтае свята завецца Масленіцай, а ў нас – “Гуканнем вясны”. У той час як у Расіі праважаюць зіму, у нас сустракаюць вясну. Зараз мы займаемся апрацоўкай гэтых фатаздымкаў.