15 лістапада 2025 года, у Дзень зняволенага пісьменніка, Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода» абвясцілі пераможцаў і лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча — узнагароды за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні або на тэму зазнанага зняволення. Прэмія носіць імя пісьменніка, публіцыста і ўдзельніка антысавецкага супраціву, які сам прайшоў праз лагеры і апісаў свой вопыт у кнізе «У капцюрох ГПУ».
Пётр Уманскі (псеўданім)
за кнігу «РАЗ ДВА ТРЫ ЧАТЫРЫ ДВА»
Дзіяна Маеўская (псеўданім)
за твор «Казка пра замак»
Галена Савіцкая (псеўданім)
за твор «Па кальцавой дазволеныя 120»
Ініцыятыва «Праект 361.1» з творам «Гайд Палітзняволення» — за ўважлівую працу па ператварэнні асабістага і калектыўнага досведу ў мастацка-дакументальнае сведчанне.
Вынікі прэміі пракаментавала праваабаронца і старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай:
«Патрон прэміі — Францішак Аляхновіч — «бацька беларускага тэатра», драматург і тэатразнаўца, актор, рэжысёр, публіцыст... Адзін з першых у сусветнай літаратуры апісаў жахі савецкіх рэпрэсій і катаванняў у бальшавіцкіх лагерах. Арыштоўваўся пры Расійскай імперыі, пры Польшчы, пры СССР. Саветы абвінавацілі яго ў «шпіянажы на карысць Польшчы» і абмянялі на арыштаванага ў Польшчы палітыка і філолага Браніслава Тарашкевіча, якога потым расстралялі ў «чорную ноч». Самога ж Аляхновіча забілі ў Вільні.
Упершыню кнігу Аляхновіча «У капцюрах ГПУ» выдалі на польскай мове (1934) і толькі ў 1937 годзе — на беларускай. Герой твора — даверлівы беларус, які вярнуўся на Радзіму з-за мяжы, паверыўшы савецкай прапагандзе, з наіўным спадзяваннем, што здзейсніць свае мары пра беларускі тэатр. Але замест гэтага ён трапляе ў лагер, дзе зазнае катаванні. Сёння ў лукашэнкаўскай Беларусі таксам працуюць «камісіі па вяртанні», зазываючы беларусаў вяртацца на Радзіму. Хто паверыў — часта паўтарае лёс героя Аляхновіча...
Кнігі, рукапісы і творы, якія адзначае прэмія, не могуць быць сёння выдадзеныя ў Беларусі, ўжо надрукаваныя творы часта трапляюць у спісы забароненай літаратуры. І гэта яшчэ адна паралель, своеасаблівая рыфма паміж сённяшнімі беларускімі рэаліямі і акалічнасцямі існавання літаратуры сто гадоў таму: кнігі самога Аляхновіча былі забароненыя загадам № 33 Галоўліта БССР ад 3 чэрвеня 1937 г. Францішак Аляхновіч — другі ў спісе з 421 пазіцыі. Насупраць ягонага імя стаіць пазнака: «Усе кнігі»».
Прэмія традыцыйна прысуджаецца з 2013 года ў Дзень зняволенага пісьменніка і нагадвае пра тое, што літаратура — гэта не толькі мастацтва, але і форма супраціву. Удзельнікі і ўдзельніцы прэміі — людзі, якія пішуць у нялёгкіх умовах, часта без доступу да паперы, кніг і сувязі з вонкавым светам.
Беларускі ПЭН падкрэслівае, што гэтая прэмія будзе існаваць столькі, колькі будзе патрэбная, але мы ўсе спадзяёмся, што неўзабаве надыдзе час, калі прэмія страціць сваю актуальнасць.