“Ветка – жыццё, шчасце, радзіма мая!” – пад такой назвай у канцы кастрычніка 2017 года адбылося некалькі літаратурна-мастацкіх сустрэч, прысвечаных жыццю і творчасці Фёдара Шклярава – знакамітага мясцовага калекцыянера, самадзейнага мастака, заснавальніка і першага дырэктара Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый. 22 снежня 2010 г. музею было нададзена імя Ф.Р. Шклярава. Вышэйпазначаныя словы знакаміты веткаўчанін выразаў на дрэве, размясціў іх вышэй казачных, міфалагічных персанажаў (таксама выразаных па дрэве) на прыгожай драўлянай браме, якая знаходзіцца каля будынка музея.
Літаратурна-мастацкія сустрэчы адбыліся ў СШ № 1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі, гімназіі г. Веткі, Веткаўскай раённай бібліятэцы. У іх прымалі ўдзел вучні малодшых і старэйшых класаў, настаўнікі, бібліятэкары. Цікава было бачыць абвестку (у тым ліку – буквіцу “В” на ёй), намаляваныя Фёдарам Шкляравым недзе ў 1987 годзе да адной з выстаў, наладжанай супрацоўнікамі музея ў тыя часы. Таксама – карціны, створаныя Фёдарам Шкляравым у 1980-ыя гады.
Ларыса Раманава, вядучы навуковы супрацоўнік музея, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў пазнаёміла прысутных з эсэ ”Шчасце быць мастаком на сваёй зямлі!” (часопіс “Дзеяслоў”, № 1, 2012 г), некаторымі падзеямі, звязанымі з жыццём і творчасцю Ф. Р. Шклярава. Прэзентавала літаратурны альманах “Палац”, які выдае Гомельскае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. У адным з першых яго нумароў надрукавана апавяданне “Хлеб” Фёдара Шклярава. Ларыса Раманава згадвала выказванне Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, якое ён пакінуў у арыгінальнай музейнай кнізе водгукаў: “Пазнаёміўшыся з музеем, думаю пра адно: якое шчасце, што ёсць людзі, як Фёдар Рыгоравіч Шкляраў – людзі, якія думаюць пра сэнс жыцця і назначэнне Чалавека. І не толькі думаюць, але і ахвяруюць сваё жыццё на тое, каб гэта зразумелі Усе. Каб зразумелі, што такое Радзіма” (27 лютага 1987 г.). Музей напачатку 1980-ых гг. наведвалі беларускія пісьменнікі, мастакі: Алесь Шлег, Міхась Скрыпка, Мікола Грынчык, Сяргей Цуканаў, Мікалай Казакевіч, Станіслаў Дубянецкі, Іван Рэй, Алег Лойка, Міхась Раманюк, Барыс Забораў, Арлен Кашкурэвіч, Дзмітрый Кавалёў, Віктар Карамазаў…
Ф.Р. Шкляраў перадаў у музей 500 экспанатаў з уласнай калекцыі.У 1983 годзе ён падарыў найбольш каштоўную і ўнікальную калекцыю: дванаццаць кніг ХVI ст. У яе складзе, напрыклад, “Вучыцельнае Евангелле”, надрукаванае ў Заблудаве Іванам Фёдаравым, Пятром Мсціслаўцам, іншыя славутыя выданні.
У 2017 годзе многія наведвальнікі музея імкнуцца сваімі ўласнымі рукамі надрукаваць хоць адну старонку… У экспазіцыі “Кніжная культура Веткі” знаходзіцца арыгінальная рэканструкцыя друкаванага станка часоў Францыска Скарыны, якую зрабіў Аляксандр Рыгоравіч Нячаеў. Непадалёк ад друкаванага станка – рукапісныя, друкаваныя кнігі розных мінулых стагоддзяў – падмурак нашага сучаснага жыцця.
Як Францыск Скарына, так і Фёдар Шкляраў, многія-многія нашы папярэднікі, а таксама сучаснікі не ўяўляюць сваё жыццё без кніг. Пра гэтае ды пра іншыя розныя падзеі ў сучасным літаратурным жыцці вялася размова падчас літаратурна-мастацкіх сустрэч.
Прыгожыя паштоўкі, сувеніры, атрыманыя вучнямі, настаўнікамі, бібліятэкарамі ў падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой ладзіліся сустрэчы, відаць адразу, абуджаюць цікаўнасць да культурных каштоўнасцей нашай зямлі.