“Ну што вы пытаецеся пра агульную плошчу? Пра гэта можна спытаць у ЖЭСе”. Тое, пра што ў ЖЭСе не раскажуць, – якая мова родная для чалавека, да якой нацыянальнасці чалавек сябе адносіць. І такія пытанні шмат у каго выклікаюць эмацыйную рэакцыю.
Перапісчык стукае ў дзверы. Яму адказваюць па-руску, а пасля выбачаюцца: “Вы ведаеце, я разумею беларускую мову… Толькі размаўляць не магу, бо я дачка расійскага вайскоўца і нарадзілася ў Расіі”.
Жанчына, што падмятала ў хаце, ставіць у куток венікі-шчоткі і ўцягваецца ў размову – пра што б вы думалі? – пра ліцвінства і беларускасць, пра стаўленне да беларускай мовы – карацей, стандартны набор прынцыповых пытанняў для свядомага беларуса. “Я і сваё дзіця аддавала ў беларускамоўную школу. Але фізіка, хімія… Яны і так нялёгкія. А тут яшчэ на беларускай. Мы ж на ёй звычайна не размаўляем”. Дачка правучылася ў беларускай школе год. Пасля папрасіла перавесці яе ў звычайную, рускамоўную. Маўляў, цяжка даюцца прадметы. Нагадваю, гэта была сям’я, у якой маці – руская. І на пытанне, чаму ёй, рускай, цікавыя пытанні беларускай дзяржаўнасці, адказала: “Я ж тут жыву з дзяцінства. Цяпер гэта мая краіна, і натуральна, што я цікаўлюся ёй”.
Іншы выпадак. Дзверы адчыняе высокі складны мужчына нетыповага для беларуса выгляду, тварам чымсьці падобны да казака. На пытанне, ці добра ён разумее беларускую, кажа, што лепш па-расійку. На жаль, мы краіна білінгвізму, і ведаць родную для атрымання грамадзянства зусім не абавязкова. І нават паважаць яе. Але пра гэта далей, вернемся да мужчыны. Перапісчык пераходіць на расійскую. “Можна стульчык?” – “Так, хадземце на кухню.” Там пачынаецца роспыт пра чалавека: хто, адкуль… Цягам дыялогу перапісчык збіваецца на беларускую. На трэці раз мужчына не вытрымлівае (як стала вядома – расіец паводле нараджэння і лічыць сябе расійцам). Адказвае на беларускай уперамешку з расійскай: “Ды разумею я вас, але сам размаўляць не магу, бо нязвыкла і мову ніколі не вывучаў”.
Але гэта досыць рэдкая сітуацыя. Часцей на словы “Прабачце, беларускіх анкет няма” адказвалі: “І дзякуй богу. Не трэба нам такога”. Людзям родам з Расіі, як і вышэйзгаданы дзядзька, падавалася, для завершанасці варта было б дадаць: “Лепш і не было б гэтай мовы”. Варыянты прычынаў застаюцца на фантазію чытача.
У адной з кватэраў гаворка пасля пытання пра родную мову змянілася на беларускую. “Чаму ж вы пачалі па-расійску?” – “Ведаеце, надакучыла глядзець на збянтэжаныя твары расійцаў. Кажуць, што не разумеюць”. Ці не жадаюць разумець… Некаторых людзей наўпрост здзіўляе, што перапісчык можа ведаць беларускую. Чуткі пра такіх разносяцца, нібы па вёсцы: “Добры дзень. Ведаю, што перапіс. Мне тут казалі, што будуць прыходзіць перапісваць па-беларуску”. А вось рэакцыя тых, да каго чуткі не даляцелі: “Ой, дзетанькі! Дык вас што, прымушаюць па-беларуску размаўляць?”
І, урэшце, амаль парадокс на канкрэтным прыкладзе. Ці патрэбная габрэям беларуская мова? Добрая кватэра, прэзентабельнага выгляду сям’я. “Нацыянальнасьць?” – “Можа, напісаць “габрэй”? ” – “Ай, пішыце беларусам”. “На якой размаўляеце дома?” – “На жаль, на рускай”. – “А хацелася б на іншай?” – “Так, хацелася б на беларускай”.
Людзі з польскімі, украінскімі, расійскімі каранямі кажуць, што яны замежнікі толькі па паходжанні. Але адчуваюць сябе беларусамі. І для іх гэтага досыць, каб падчас перапісу адказаць: “Я беларус”.