Самую вялікую ў Беларусі крыніцу ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці, з якой б’е 120 ключоў, называюць Сіні Калодзеж або Сіні Ключ. Па аб’ёме вады, якая б’е з глыбінь зямлі, яна самая вялікая ва Усходняй Еўропе, эталон чысціні падземных вод.
У апошнія гады яе пачалі называць Блакітная крыніца, але такая назва ніколі не бытавала ў народзе. Вада з крыніцы ўтварыла невялічкае азярцо, а з яго выцякае ручай пад назвай Галубка — прыток ракі Галубы, якая ўпадае ў Сож. Людзі яшчэ памятаюць, што з-пад зямлі біў слуп вады вышынёй некалькі метраў, таму і назвалі крыніцу Сіні Ключ. А жарало шахты 1,2 на 1,3 метра, па якой вада ўзыходзіць уверх, нагадвае калодзеж, таму лагічная і другая назва крыніцы. З цягам часу шахта забілася галінамі дрэў і кустоў, і слуп вады знік, вада вымывае толькі крэйду, якая ўтварыла невялікі паўвостраў сярод азярца і надае яму незвычайнай прыгажосці блакітнае адценне. Сіні колер у беларусаў звязаны з уяўленнямі аб замагільным свеце, культам памерлых. Імя Кацярына таксама невыпадковае. Як жаночая пара Сцяпана, імя якога ў паганскія часы адпавядала Вялесу, яна адказвае за падземныя воды, багацце, жыццёвую сілу. Шматлікія легенды пра багатырку або валатоўну на Беларусі часта звязаныя з імем Кацярына. Якім было яе імя ў часы язычніцтва, невядома. Але значэнне ў грэчаскай мове, з якой яно і паходзіць, — “заўсёды чыстая”.
Пра паходжанне Сіняга Калодзежа існуе шмат легенд, якія дажылі ў народнай памяці да нашага часу. Адна з іх была запісаная ад Сямёна Аляксеева 72 гадоў у горадзе Прапойску (цяпер Слаўгарад) у XIX стагоддзі Еўдакімам Раманавым і надрукаваная ў яго “Беларускім зборніку”. Тады ж Раманаў бачыў у Прапойску і каменную бабу, якую называлі Кацярына. Горад гэты стаіць на высокім беразе ракі Сож.
Расказвалі людзі, што жыла некалі ў Прапойску багатырка Кацярына. І сваталіся да яе два багатыры — Сцяпан і Марка. Сцяпан быў ёй любы, а Марка не. “Выйду за Сцяпана, дык Марка яго заб’е”, — думала дзяўчына. І прыдумала ім выпрабаванне: дала любаму меншы камень — са стол, а нялюбаму — з печку, загадала кінуць з высокага берага Сажа і паабяцала: “Хто далей шыбне, за таго замуж пайду”. Далей кінуў нялюбы Марка. Убачыла Кацярына на камяні сляды рукі багатырскай, стала ў роспачы на яго — і яе сляды там адбіліся. “Чым з нялюбым жыць, лепш пайду крыніцай служыць!” — прамовіла і бразнулася аб зямлю, пацякла бурнай ракой то пад зямлю, то наверх вынырне. Прабілася ў нізкім месцы крыніцай і дагэтуль служыць людзям.
Кажуць, кожны год у 12 ночы 14 жніўня можна ўбачыць прывід Кацярыны каля крыніцы: дзяўчына з доўгімі валасамі і ў белай сукенцы плача-гаруе па сваёй няшчаснай долі.
Але захавалася легенда і пра злосны нораў прывіда. Аднойчы ляснік Шэпіт убачыў каля Сіняга Калодзежа жанчыну, якая сядзела і расчэсвала свае доўгія валасы. Ён хацеў перахрысціцца, але пад нагой хруснула галінка. “А, Шэпіт! Хацеў зачураць мяне? Ну дык будзе ў твой род патопа!” — прамовіла жанчына і знікла ў калодзежы. А праз тры дні ўтапілася ў Сожы яго 19-гадовая дачка.
Кожны год прыязджаюць на Сіні Калодзеж жыхары былых навакольных вёсак Кліны, Нямільна, Благадаць, Дубна, Старынка і іншых, адселеных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, каб сустрэцца, набраць вады, палячыцца, успомніць пра былое і расказаць іншым легенды, якія тут бытавалі. Некалі На Макаўе 14 жніўня і на Яблычны Спас 19 жніўня тут праходзілі кірмашы, і людзі ішлі да крыніцы пехам нашча, многія вельмі здалёк. Прыходзілі пеўчыя з лірай, спявалі псалмы. Людзі пілі вадзічку, маліліся, далей ад крыніцы ў кустах абмывалі хворае месца і пакідалі адзежу і абутак, надзявалі і абувалі ўсё чыстае. Потым даводзілася жыхарам Кліноў усё гэта збіраць і спальваць, чысціць крыніцу. Цяпер клопат пра крыніцу і арганізацыю кірмашоў узяў на сябе Слаўгарадскі райвыканкам, бо з 2006 года крыніца ўзятая пад ахову дзяржавы як гідралагічны помнік, а ў 2013-м як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны — з легендамі пра крыніцу, метадамі народнай медыцыны, звычаямі, сярод якіх быў цікавы звычай араць ручай па цячэнні вады ў засуху, каб выклікаць дождж.
На крыніцы стаіць аброчны крыж, куды павязваюць ручнікі і палотны, пабудаваная каплічка, дзе вернікі моляцца ўсю ноч і дзень на Макаўе і іншыя святы, арганізаваны продаж свечак і царкоўнай літаратуры, асвячаецца вада, мёд, лекавыя травы і каласкі жыта. Вялізную плошчу займае кірмаш, дзе можна купіць мёд і іншыя прадукты, адзенне і абутак, прадукты харчавання для паломнікаў. На сцэне выступаюць самадзейныя артысты. Легенда пра Сіні Калодзеж напісаная на вялікім валуне, што стаіць пасярод паляны, дзе ручай робіць круты паварот. Нехта лечыцца, прытуляючыся да каменя. Аднак яму не прыпісваюцца ў народзе лекавыя ўласцівасці. Толькі вада з крыніцы лечыць і папраўляе здароўе. Яна выцякае з тэмпературай +4 градусы. Трэба набраць яе з сабой, прамаўляючы: “Вадзіца-царыца, Божая памачніца! Памагала другім, памажы і мне!” Так вучыла мяне адна старэнькая жанчына. Другая прасіла у вады помачы інакш: “Вада Таццяна, ключы ў Івана, дай вады ад усякай бяды!” Але другая жанчына была не з гэтых мясцін. Трэба прайсці ўпоперак ручая тры разы босымі нагамі па каменьчыках на дне і некалькі з іх узяць з сабой. Толькі на наступны год абавязкова прывезці іх назад — яны адбяруць хваробу, калі прывязваць іх да балючага месца, а праз год зноў ачысцяцца ў гаючай вадзе. Захоўваць ваду трэба ў шкляной пасудзіне, а калі піць — наліваць на тры глыточкі ў шклянку ці іншую пасудзіну.
Раней ля крыніцы не акуналіся ў ваду — ручай мелкаводны, хуткаплынны. Пабудаваўшы капліцу, паглыбілі дно ручая і зрабілі купель. Медыкі кажуць, што ўздзеянне халоднай вады на арганізм сапраўды гаючае, бо актывізуюцца ўсе ўнутраныя сілы чалавека на барацьбу з хваробай. Але толькі ў тым выпадку, калі такая працэдура не супрацьпаказаная. У святочныя дні жніўня чарга машын на крыніцу цягнецца на шмат кіламетраў, да самага Слаўгарада, бо трапіць на яе можна толькі праз пантонны мост. Непадалёк ад крыніцы каля вёскі Дубна многія адпачываюць і начуюць у палатках на беразе Святога возера. Дарэчы, і Сіні Калодзеж часам называюць Святая Крыніца. Падобныя назвы азёр і крыніц гавораць пра тое, што яны шануюцца з даўняга часу, яшчэ да прыняцця хрысціянства. Асабліва калі ёсць легенды, што на гэтым месцы правалілася вёска або царква. Пра гэтае Святое возера кажуць, што на яго месцы была вёска і правалілася пад зямлю, а на яе месцы разлілася вада.
Пра багатыроў на Магілёўшчыне і Гомельшчыне шмат расказваюць у тых раёнах, дзе працякае рака Сож з прытокамі. Гэта тэрыторыя рассялення радзімічаў, якая ў этнаграфічнай літаратуры пазначаецца як этнарэгіён Пасожжа. Паколькі да прыходу славян на гэтыя землі тут жылі балты, то, пэўна, ад іх і перанялі нашыя продкі легенды пра багатыроў — першапасяленцаў тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яны вельмі каштоўныя для навукоўцаў у вырашэнні пытання пра паходжанне беларусаў, таму неабходна іх тэрмінова запісваць ад людзей старэйшага пакалення. У наваколлі Слаўгарада і Сіняга Калодзежа шмат радзіміцкіх курганоў, яшчэ не даследаваных археолагамі. Так што і сучасным, і наступным пакаленням знойдзецца шмат работы для ўважлівага вывучэння сваіх каранёў на гэтай зямлі. Гісторыя і сучасны стан Сіняга Калодзежа ў гэтым плане надзвычай цікавыя.
Рэгіна Гамзовіч
Фота Аляксея Сталярова