Эсэ Святланы Курс для сумеснага праекту Dekoder з Фундацыяй С. Фішэра «Беларусь — Зазірнуць у будучыню» датычыцца няпростай і поўнай насільля гісторыі Беларусі і, у рэшце рэшт, пытання аб тым, як беларусы могуць захаваць сваю ідэнтычнасць і, такім чынам, — сваю будучыню. Асабліва ў той час, калі Расея вядзе жорсткую захопніцкую вайну супраць Украіны, якая адбіваецца і на Беларусі.
«Вузел надзеі» / © Тосла
Святлана Курс атрымала міжнароднае прызнаньне як пісьменьніца сваім раманам «Па што ідзеш, Воўча?», які яна апублікавала пад псеўданімам Ева Вежнавец.
Кніга апавядае пра жорсткую і змрочную гісторыю людзей, а перадусім жанчын у рэгіёне, адкуль паходзіць сям’я Курс — на Палессі, гэтым містычным балотным краі на поўдні Беларусі. У 2021 годзе з гэтым раманам яна стала першай жанчынай, якая атрымала прэстыжную беларускую літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца.
Святлана Курс. Фота: kyky.org
Нас называюць нацыяй з найбольш сьцёртай ідэнтычнасцю, таму што мы амаль страцілі нашую культуру і мову, нашую нацыянальную архітэктуру, архітэктанічны уклад нашых гарадоў. Нават нашыя храмы перабудоўваюць на расейскі манер, заміж крыжоў ставячы расейскія «купалы», у простанароддзі называныя «цыбулямі». Беларусы знаходзяцца пад расейскай акупацыяй 229-ы год. Ад нас у нас амаль нічога не засталося.
Я таксама так думала, аж да 2020 году, калі удаўка на шыі трохі аслабла, і беларусы мільёнамі заманіфэставалі, чаго яны хочуць. Мітынгі і шэсьці прайшлі нават у маленькіх мястэчках і вёсках, дзе, здавалася, і людзей жывых не засталося.
Аднак Пуцін заявіў, што ўвядзе войскі, і Лукашэнка з падтрымкай яго і сотняў тысячаў сілавікоў задушыў пратэст, расстрэльваючы людзей проста на вуліцах.
І ўжо пачынаючы з 2020 году, тры гады ідуць жорсткія рэпрэсіі. У краіне на глебе турмаў створаная сыстэма, якая па жорсткасці не саступаю сталінскім ці гітлераўскім лягерам, за выключэньнем масавых забойстваў.
Ужо па тры месяцы родныя палітвязьняў не атрымліваюць ад іх ніякіх зьвестак. Стала вядома, што некаторыя зь іх, як Ігар Лосік, спрабавалі забіць сябе. Некаторыя, як 61-гадовы Іван Клімовіч, хворы на сэрца, памерлі, таму што не атрымалі мэдычнай дапамогі.
Пасадзілі Івана за карыкатуру на Лукашэнку ў сацыяльных сетках. На судзе пажылы чалавек сказаў пракурору і суддзі, двум 30-гадовым румяным маладзёнам: «Не саджайце мяне, я памру ў турме, так дактары кажуць». Але яны яго пасадзілі.
50-гадовага Вітольда Ашурка проста забілі, пераламаўшы яму ўсе косьці, і аддалі родным са словамі: «Ён няўдала ўпаў».
11 ліпеня 2023 г. у Беларусі настаў ужо й зусім чорны дзень — адбываючы пяцігадовы тэрмін у калоніі, памёр Алесь Пушкін. Ён не быў толькі палітвязьнем — гэта быў мастак, які намаляваў нам краіну такой, якой мы яе бачылі ў марах — з прыгожым мінулым і сьветлай будучыняй. Такім чынам, у нас забралі мару.
Такіх гісторый у нас дзясяткі тысяч. Іх нават зафіксаваць складана, бо праваабаронцы і адвакаты таксама атрымалі дзясяткі год турмаў, і таксама зьніклі за брамамі.
І тут паўстае пытаньне: ці толькі расейцы вінаватыя ў тым, што з намі адбываецца?
Каб расстрэльваць, рэпрэсаваць і забіваць дзясяткі тысяч людзей, патрэбныя дзясяткі тысяч іншых людзей, іх суайчыньнікаў, якія згодзяцца жорстка караць сваіх. Адкуль узяліся гэтыя людзі, хто яны?
ЭТНАЦЫД ЯК ФОРМА ГЕНАЦЫДУ
500-гадовая Расейская імпэрыя, якая паўстае ў розных абліччах (то царская Расея, то СССР, то пуцінскі монстр) валодае эфэктыўным інструмэнтарыем захопу чужых земляў. Менавіта таму яны займаюць адну сёмую частку сушы. Мэтады яны стасуюць камбінаваныя: эліту захопленага народу яны фізычна зьнішчаюць, а іншым сьціраюць ідэнтычнасьць, перавучваюць на рускіх. Гэтыя тактыкі бліскуча відаць ва Ўкраіне: бацькоў забіваюць, а дзясяткі тысяч сірот вывозяць углыб Расеі, у сірочыя лягеры або ў сем’і, індактрынуючы іх, вучачы ненавідзець уласную айчыну і сем’і.
Тое, што адбывалася зь беларусамі апошнія 229 год. Апагею гэтая палітыка дасягнула ў 1937 годзе, калі была расстраляная беларуская інтэлектуальная эліта: спецыялісты, творцы, мэдыкі, інжынэры. Толькі 29 кастрычніка 1937 г. былі расстраляныя больш за 100 пісьменьнікаў, паэтаў, навукоўцаў. Іх закапалі ў лясах. Пры кожным мястэчку Беларусі было сваё расстрэльнае месца, назвы іх вядомыя і ўшанаваныя народам і актывістамі. Зямля ўсё памятае.
Другім этапам этнацыду зьявілася зьнішчэньне беларускай мовы, культуры і адукацыі. Цяпер дзеці ў Беларусі вучацца на расейскай мове, беларуская мова і літаратура выкладаюцца ў шэрагу выпадкаў па 1 гадзіне на тыдзень. Беларускамоўнай вышэйшай адукацыі таксама няма — усе ўнівэрсытэты расейскамоўныя.
Людзі, якія вырасьлі ў лоне расейскага мэнталітэту, успрымаюць усё беларускае як адсталае вясковае дзівацтва або варожую прыкмету.
Як ва акупаваных частках Украіны, так і ў нас квазіакупацыйныя адміністрацыі занятыя тым, каб разьбіць і растаўчы нацыянальную самаідэнтыфікацыю мэтадам уздзеяння на яе прадстаўнікоў і носьбітаў. Тыя, хто не ўцёк з краіны, будуць сядзець у турме. А хто ня будзе сядзець у турме, будзе сядзець ціха, у страху страціць маёмасць, дзяцей, працу. Таму што такія мэтады практыкуюцца. Дзяцей забіраюць і адпраўляюць у прытулкі або на выхаваньне ў іншую сям’ю, маёмасьць адбіраюць на выплату гіганцкіх пакаральных штрафаў. Такім чынам, людзей прымушаюць стаць такімі, якімі іх хоча бачыць Расея. Такімі, якія жывуць у Луганску, Данецку, на акупаваных тэрыторыях. Гэта як бы рускія, але не да канца рускія, носьбіты расейскай ідэі, не да канца прынятыя ў мэтрополіі. Такія трошку горшыя рускія, якіх не шкада, але якія ўсё ж носьбіты рускага міру, якія выконваюць задачы буфэра паміж ісконнай Расеяй і «праклятым Захадам».
Такімі нас хочуць зрабіць, актыўна зьнішчаючы ўкраінскую і беларускію ідэнтычнасьць. З намі цяпер стасуюць гэтак званы «халодны генацыд» — з дапамогай ціску і рэпрэсій, з украінцамі — гарачы, забіваючы іх фізычна ва ўласных дамах. Месцамі гэта халодны і пралічаны этнацыд, месцамі — дурны і карыкатурны. Але працэс сьціраньня нас з твару зямлі ідзе.
ЯК МЫ СУПРАЦІЎЛЯЕМСЯ?
Супраціў у актыўных і відочных формах магчымы цяпер толькі ў дыяспарах. Беларусы ствараюць вайсковыя фармаваньні, каб змагацца на баку Ўкраіны. Гэта ўсім вядомыя фармаваньні — полк Каліноўскага, «Тэрор», Беларускі дабраахвотніцкі корпус, батальён «Пагоня». За мяжой мы выдаем нашы кнігі і падручнікі, вучым нашых дзяцей, зьбіраем данаты на дапамогу сем’ям палітвязьняў, якія апынуліся бяз сродкаў на існаваньне, бяз працы, з пагрозаю адабрання дзяцей. Збіраем сродкі на лячэньне пакалечаным падчас пратэстаў ці на вайне. Маем свой урад у эміграцыі і свае структуры.
Але што дома? Там адкрыты супраціў цяпер немагчымы з-за небывалых рэпрэсій. Людзей саджаюць на некалькі год за лайк у фэйсбуку, за падпіску ў тэлеграме, за лішняе слова і проста без прычын, па даносах.
Але людзі зразумелі, што ў такіх умовах яны павінны яднацца, быць разам, дапамагаць адно аднаму. Няважна ў якіх формах. Гэта чытацкія клубы, клубы аматараў вышываньня ці выцінанння, суполкі маладых бацькоў, клубы аматараў жывёлаў ці спорту. Грамадства памятае досвед 2020 г. і імкнецца захаваць сябе. Людзі перакананыя, што мы знаходзімся на пераломе гісторыі, і ў кожны момант мы гатовыя выбухнуць зноў, каб забраць сабе нашую краіну і нашае жыцьцё.
Вядзецца і больш важная праца: для будучых судоў і працэсу люстрацыі спісваюцца імёны суддзяў, пракурораў, міліцыянтаў, спецслужбоўцаў, наглядчыкаў у турмах, настаўнікаў, прапагандыстаў, даносчыкаў, якія ламалі лёсы людзей, зьбівалі, калечылі, зьдзекаваліся, фальшавалі выбары. Пасьля таго, як Беларусь вызваліцца, будзе вялікі працэс асуджэньня зла. Тое, чаго мы не зрабілі пасьля ўпадку СССР, бо ў нас не было тады ані гістарычнага часу, ані гістарычнага шанцу.
У падпольні і на эміграцыі вядзецца заканадаўчая праца над стварэньнем базы для асуджэньня злачынстваў прарасейскага, квазіакупацыйнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, аўтараў і выканаўцаў злачынных загадаў. Вядзецца і стварэньне заканадаўчай базы для нармалізацыі жыцьця ў краіне: стварэньня сыстэмы нерэпрэсіўнай сьвецкай адукацыі, беларусізацыі адукацыі і чыноўніцкай сістэмы, нармальных умоваў для свабоды мас-медыя, бізнэсу.
У кароткі пэрыяд свабоды 1991-1994 годзе, пасьля падзеньня СССР, усталяваньня незалежнасьці Беларусі, і перад прыходам да улады прарасейскага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь зрабіла такі скачок угару, да свабоды, што мы самі не маглі надзівіцца. Тады зьявіліся зялёныя і хуткія парасткі нашай будучай свабоды і дабрабыту. Культура, бізнэс, вольная прэса, здаровая эканоміка і адукацыя фармаваліся на вачах. Таму што кожны чалавек раптам убачыў для сябе магчымасьць і шанец пражыць сваё жыцьця ня так, як хоча партыя, дзяржава ці ідэалёгія, а так, як ты хочаш сам.
ЧАМУ Ж ТАДЫ ГРАМАДСТВА ВЫБРАЛА АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКУ?
Ёсьць такая прымаўка: першы блін заўжды комам. Гэта быў першы і апошні блін, які нам дазволілі замяшаць і выпечы самім. Беларусы ня ведалі вольных выбараў і прэсы на працягу тых жа самым 239 гадоў расейскай акупацыі, якая перарывалася толькі акупацыямі іншымі: нямецкай або польскай. Гэта проста цуд, што мы ўвогуле яшчэ нечага хочам, маем уласную волю да жыцьця, маем жаданьне самім пячы свае бліны, а не карміцца з чужых рук.
Аднак у 1994 годзе, калі у выніку адзіных вольных выбараў да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі працягваўся цяжкі эканамічны крызіс, грамадства на 25% складалася са старых людзей, якім перасталі плаціць пенсіі. Дзяржава была ўласьніцай 90% рабочых месцаў у краіне і перастала плаціць заробкі. А тое, што ўсё ж такі плацілі, зжырала інфляцыя. Было відаць, што гэты крызыс будзе ў хуткім часе пераадолены за кошт прадпрыймальніцкай ініцыятывы і творчай працы людзей. Але пажылыя і бедныя выбарцы маглі гэтага не дачакацца. Таму, калі зьявіўся кандыдат Лукашэнка, які паабяцаў, што пераможа постсавецкую карупцыю, пасадзіць у турмы карупцыянераў, наноў запусьціць гіганцкія савецкія заводы, дасьць працу, парадак і стабільнасьць, за яго кінуліся галасаваць. Людзям падабалася ідэя моцнай рукі, якая за іх усё ў краіне зробіць і навядзе парадак. Яны толькі ня ведалі, што моцная рука і іх паступова возьме за горла.
ЯК МЫ АПЫНУЛІСЯ Ў ТАТАЛІТАРНАЙ ДЗЯРЖАВЕ
Лукашэнка выканаў свае абяцаньні накарміць галодных. Ён адразу заключыў саюз з Расеяй, умовы якога, па вялікаму рахунку, гучаць так: Беларусь ператвараецца ў васала Расеі, складовую частку «русского міра», з прэваляваньнем расейскай ідэалёгіі і культуры, а Расея аплочвае гэты банкет. Узамен Лукашэнка атрымлівае неабмежаваную ўладу. Так гэта й працуе з 1994 г. То бок хутка трыццаць год як.
Беларусы паўставалі супраць рэжыму кожныя некалькі год, чаму ёсьць сьведчаньні і сьведкі, вядуцца хронікі, ствараюцца маніторынгі. Нястомна вялі штодзённую барацьбу. Але скінуць ці пахіснуць рэжым нам так і не ўдалося.
Некаторыя вінавацяць вольны сьвет, міжнародную супольнасьць у тым, што яна нас недастаткова падтрымлівала. Я не падзяляю гэтую думку. Заходнія краіны падтрымлівалі нашую апазыцыйную, культурніцкую дзейнасьць фінансамі, дарадніцтвам, адукацыяй, розгаласам. Гэтая падтрымка была калясальнай.
Але супраць нашай Свабоды была Расея, якая ўсе гэтыя гады спрыяльнай кан’юнктуры на свае прыродныя рэсурсы траціла на тое, каб аплочваць свае імпэрскія праекты ва ўсіх частках сьвету. Толькі на падтрымку беларускага рэжыму за гэтыя 29 год Расея выдаткавала шмат млрд. еўра. Вялізныя грошы ішлі на подкуп палітычных і бізнэс-эліт на Захадзе — усім вядомыя агенты расейскага ўплыву ў Лёндане, Бэрліне, Парыжы, Варшаве, Празе ці ў Балканскіх сталіцах, дапрыкладу. Гэтыя людзі і арганізацыі на віду і на слыху. Апрача таго, расейскія грошы на подкуп агентаў ва ўсім сьвеце ішлі праз магутную структуру ўплыву «Россотрудничество».
READ IT LATER
Аднак усё гэта можна было б неяк пераадолець, каб ня ўнутраная разьдзеленасьць беларускай нацыі ў сабе. Таму што за гэтыя стагоддзі вайсковай, культурнай, гаспадарчай, мэнтальнай, ідэалягічнай дамінацыі вялікая частка нашай нацыі пераняла мэнтальнасьць «русского міра». Іх аказалася шмат, тых, каму падабаецца жыць у імпэрыі бесчалавечнай велічы і штодзённага, будзённага гвалту, варожасьці і зла.
Таму мы й прайгралі. А за пройгрыш заплацілі рэзкім пераходам ад аўтарытарнай дзяржавы да таталітарнай.
Як вядома, розьніца паміж аўтарытарным і таталітарным рэжымам — калясальная. Калі аўтарытарны рэжым кажа сваім падданым: «у прыватным жыцьці рабіце, што хочаце, абы ў палітыку ня лезьлі», то таталітарны рэжым уваходзіць да чалавека ў ложак, за стол, у лазенку. Ён, калі гэта патрэбна, зрывае з чалавека любое покрыва прыватнасьць, інтымнасьці, а напрыканцы пазбаўляе яго права на ўласнае цела. Апагею дасягнула таталітарная Кампучыя, у турмах якой людзям забаранялі рухацца без загаду. За кожны несанкцыяваны рух чалавека забівалі на месцы. З дзясяткаў тысячаў вязьняў тых турмаў выжылі два чалавекі.
Беларускае грамадства апынулася пры самым канцы таталітарызму, у яго пякельных умовах.
Але нам пакінулі яшчэ маленькую норку-лазейку: мы можам уцячы ў Вольны Сьвет. Натуральна, ня ўсе. Хтосьці хворы і бедны, хтосьці зьняволены, у кагосьці старыя бацькі. Але ўлады суседніх Літвы і Польшчы — краін, культурна і гістарычна блізкіх — сьцьвярджаюць, што эміграцыя зь Беларусі ўзрасла з 2020 г. у некалькі разоў, і працягвае расьці.
Улады глядзяць на гэта скрозь пальцы, спадзеючыся пазбыцца актыўных, апазыцыйна настроеных людзей, якія маглі б стаць фэрмэнтам будучых замяшаньняў. Але пачалі зьяжджаць і спэцыялісты, безь якіх функцыянаваньне гэтай дзяржавы немагчымае. Уцяклі некалькі тысячаў дактароў, зьяжджаюць тэхнічныя спэцыялісты, навукоўцы. Учора ў Варшаве я сустрэла маладога інжынэра, якога не адпускаў дырэктар прадпрыемства. Чалавеку сказалі: не, ты будзеш працаваць тут, а ня ў Польшчы. Ён пакінуў свае дакумэнты, быў звольнены паводле артыкула Працоўнага кодэксу (што дае яму «воўчы білет» пры ўладкаваньні на працу па спэцыяльнасьці ў Беларусі). Ён сказаў мне: «Я хачу перавучыцца на дальнябойніка і забраць сюды сям’ю. Праз пяць год я буду стараваты, пачну хварэць і ўжо ня вырвуся, і сваіх дзяцей ня вырву».
Уцякаюць і праграмісты, якімі так ганарыўся беларускі рэжым, стварыўшы ім тэхнапарк і хвалячыся ўсяму сьвету сваёй інавацыйнасьцю. Адзін зь іх прыехаў у Беларусь, каб пахаваць бацьку. Яго затрымалі на мяжы і зьнішчылі ў шродэры замежны пашпарт, карту паляка і дазвол на працу, каб прымусіць застацца ў Беларусі.
ЦІ ЎВЯДУЦЬ ЯНЫ ЖАЛЕЗНУЮ ЗАВЕСУ НА МЯЖЫ З ЗАХАДАМ?
Элемэнты гэтай завесы ўжо ёсьць. Улады штучна ствараюць мэнтальную і фізычную прорву паміж намі і нашымі найбліжэйшымі суседзямі — палякамі, зь якімі мы некалькі стагоддзяў жылі ў адной дзяржаве. Каб трапіць у Польшчу, людзі стаяць на памежных пераходах па 8-24 гадзіны, у іх правяраюць дазволы на працу, і часта адмаўляюцца выпусьціць з краіны. Нават час нам зрабілі маскоўскі, і цяпер розьніца з польскім у нас складае да 2 гадзінаў. Дапрыкладу, у Брэсьце будзе 11 гадзінаў раніцы, а ў Тэрэспалі, празь 15 хвілін паездкі — 9.
ВАРАНАЯ ЖАБКА
Адным з наступстваў жыцьця ў таталітарным грамадстве зьяўляецца ня толькі вывучаная бездапаможнасьць, але і дэпрывацыя як скарачэнне магчымасці задавальняць асноўныя патрэбнасці — псіхафізіялагічныя або сацыяльныя. Чалавек не адчувае сябе, сваіх патрэб. Як у рускай казцы, што нам дзесяцігоддзямі паказваюць па тэлевізары — «што воля, што няволя — усё адно». Людзі, нават самыя адважныя, энергічныя і сьветлыя, апускаюць рукі, сыходзяць з актыўнай дзейнасьці ў прыватнае жыцьцё альбо ў іншую культуру, альбо проста ў дэпрэсію і алькаголь.
Сьпявак, які у Беларусі падчас пратэстаў ладзіў вулічныя харавыя зборы для тысячаў людзей, сказаў мне 7 траўня 2023 году ў Варшаве: «Я больш ня ладжу харавых сьпеваў. Няма сэнсу. Нашыя сьпевы ніда чога не прывялі». Гэта стойкі, матываваны, моцны чалавек, які ня здаўся, ён падамагае дзясяткам беларускіх палітычных уцекачоў неяк асвоіцца ў Польшчы. Безь яго цэлыя сем’і ня ведалі б, куды падацца, як знайсьці жыльлё, занятак, школу дзецям. А бывае і так, што чалавек сыходзіць у сябе, многа есьць, п’е, нібыта хоча скончыць жыцьцё марудным суіцыдам. Так робяць многія, хто страціў надзею або паступова траціць яе.
Я пішу гэты тэкст, ведаючы, што Паўлу Белавусу, кіраўніку нацыянальна-арыентаванай краме сувэніраў і кніг, які даўно сядзіць у турме, чакаючы суда, урэшце выставілі і абвінавачаньне: «за распаўсюд беларускага нацыяналізму». Дзяржава распісалася ў тым, што яна даўно ўжо не дзяржава. Гэта антыбеларуская, антынацыянальная акупацыйная адміністрацыя.
ЦІ ГЭТА КАНЕЦ? НЕ)
Што ж нас уратуе, апрача ЗСУ і іх беларускіх частак, якія зьнішчаюць нашага агульнага ворага, які стагоддзямі нішчыць нам жыцьцё, свабоду і шчасьце?
Толькі любоў. У нашых сілах захаваць сваю ідэнтыфікацыю. Калі няма сілаў нешта рабіць, гуртавацца зь іншымі людзьмі, можна проста трымаць яе ў сабе, як іскру — любоў да сябе, любоў да свайго. З такой іскры пры спрыяльных умовах шугае высокі, роўны, моцны агонь да неба — так як мы гэта ўбачылі ў 2020 годзе, калі аказалася, што ў кожным доме, кожнай сям’і быў свой бел-чырвона-белы сьцяг, за які цяпер саджаюць у турму, зь якой можаш і не вярнуцца. Любоў да свабоды, да творчасьці, да самарэалізацыі дае магутны імпульс. Як гаворыцца ў беларускай прымаўцы «Ад каханага і канём не адцягнеш». Як душа чалавека ляціць да свайго дзіцяці, свайго каханка, сваіх бацькоў, да свайго роднага дому, так яна ляціць да сваёй беларускасьці. Асабліва, калі сваё знаходзіцца ў бядзе і няволі. Галоўнае — не губляць надзеі.І нават праз боль, дэпрывацыю, бездапаможнасьць, гора, беларускае трэба любіць і рабіць. Без асаблівых рэфлексій; без пэрфэкцыяналізму — бо гэта яшчэ адна праява несвабоды. «Я буду самым лепшым беларусам, я ўсё ўратую, усіх перамагу, я буду героем і дзеячом, буду насіць у сабе абавязак і памяць, і супэрцяжкую энэргію пакуты», — гэтага нічога не патрэбна. Трэба любіць, быць радасным чалавекам.
Аднойчы гэта скончыцца. Таталітарызм абрынаецца заўжды зьнянацку, бо ён якраз вораг любові, свабоды, геданізму, радасьці — усіх самых сьветлых праяваў чалавечнасьці. І тады, атрымаўшы такую балючую прышчэпку ад таталітарызму і чужых ідэалёгій кшталту «русского міра», мы створым партыю, напрыклад, для адмываньня вечных шэрых валуноў, якія паразмалёўвалі дурацкімі лёзунгамі, мы ў кожным горадзе адновім ратушы, рынкі і пляцыкі, зьнесеныя падчас маскоўскага панаваньня, скінем цыбулі з нашых храмаў. Мы зробім Беларусь такой, якой яе стварыў Бог, бо безь яе сьвет няпоўны. І назавём мы гэтую вольную партыю імем Міхала Анемпадзістава — мастака і паэта, які як ніхто разумеў Беларусь.
Нам і тады будзе нялёгка, але, як я сказала вышэй — дзеля любімага можна узьняць горы, нахіліць неба.
Жыве Беларусь.
Чытайце яшчэ: Святлана Курс: Беларусы зноў паміж двума жорнамі, раздзёртыя, як і ў мінулую вайну