• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
30.12.2018 | Навіны "Будзьма!" Разам да справы!

З Матолькам у галаве. У Віцебску прайшла сустрэча “Гарадскі актывізм і адукацыя”

У Віцебскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы 20 снежня адбылася дыскусія “Гарадскі актывізм і адукацыя”. Імпрэза, удзельнікі якой абмеркавалі праблемы і перспектывы гарадскога актывізму, ладзілася пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

У якасці спікераў у дыскусіі ўзялі ўдзел дырэктарка культурнай прасторы VITEBSK4ME Вольга Бізікава, актывістка грамадскага аб’яднання “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” YMCA Belarus Яўгенія Пачэпка і вядомы грамадскі актывіст з Мінска Антон Матолька.

Яўгенія Пачэпка, Вольга Бізікава, Антон Матолька

На жаль, у шэрагах прамоўцаў не было запрошанага да ўдзелу намесніка старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктара Глушына. Але, як паведаміў мадэратар сустрэчы Уладзімір Булаўскі, на імпрэзу той не прыйшоў з вельмі важкіх прычын: у намесніка мэра нядаўна нарадзіўся сын. З гэтага і пачалося.

Хто такі актывіст? Ці дастаткова лайка пад допісам?

“Паспрабуем сёння падагуліць апошнія актыўнасці і зразумець, ці развіваецца наогул гарадскі актывізм у Віцебску. Але спачатку пытанне: гарадскі актывіст — гэта ўвогуле хто? І ці дастаткова паставіць “лайк” пад допісам, скажам, аб дапамозе прытулку для жывёлаў, каб стаць актывістам?” — звярнуўся да спікераў Уладзімір Булаўскі.

Яўгенія Пачэпка запэўніла, што гарадскі актывіст — гэта чалавек, які нешта робіць і мае з гэтага бачны вынік.

“Таму “лайка” ў сацсетках, каб быць актывістам, пэўна ж недастаткова. Мы не кажам цяпер пра петыцыі і нейкія больш маштабныя дзеянні ў анлайне. Але гарадскі актывіст — гэта чалавек, які разумее, хто ён, куды ідзе і навошта гэта робіць. Для мяне гэта так. А дзеяслоў “робіць” — падкрэсліць дзвюма рысамі, як у школе”, — агучыла сваё бачанне валанцёрка YMCA.

Вольга Бізікава таксама казала пра дзеянні і іх вынікі, “якія можна памацаць”.

“Я вось цяпер падумаў, што, напэўна, актывіст — гэта той, з каго можна браць прыклад. Калі вынікам і тым, якім чынам ён дасягаецца, можа скарыстацца кожны чалавек як прыкладам — вось тады гэта актывіст”, — аўтарытэтна рэзюмаваў Антон Матолька.

Уладзімір Булаўскі

Уладзімір Булаўскі

Як зразумець, што праблема важная?

Уладзімір Булаўскі звярнуў увагу на праблему суб’ектыўнасці праблем, якія маюць вырашаць актывісты: тое, што падаецца істотным і актуальным табе, іншыя лічаць не вартым увагі. Як тут быць?

Антон Матолька прызнаўся, што сутыкаецца з гэтым пастаянна.

“Ведаеце, пераважная большасць людзей наогул не лічыць праблемай тое, што я спрабую вырашаць. З многіх прычын — ці праз недастатковы ўзровень адукацыі, ці праз няведанне базавых рэчаў і г.д. Яны папросту не прымаюць тваё бачанне. Але ты мусіш быць упэўнены, што гэта важна! І тады перад вамі яшчэ адзін вельмі сур’ёзны і складаны этап — праінфармаваць людзей, паказаць, у чым сутнасць праблемы”, — дзяліўся досведам актывіст.

Нязгодныя з бачаннем Матолькі не прымусілі сябе доўга чакаць і падчас імпрэзы.

“Матолька, вы сацыял-актывіст!”

“Але мы кажам пра грамадскую дзейнасць і не кажам пра тое, што чалавек мае грамадзянскія правы! Вы маеце на ўвазе чыста сацыяльныя правы. Дык вы сацыяльны актывіст, а зусім не грамадскі!” — уступіў у палеміку віцебскі праваабаронца Леанід Свецік. На ягоную думку, ісці ў вырашэнні праблем ад прыватнага да агульнага — падыход няслушны.

Леанід Свецік

Леанід Свецік

“Ну, так ужо атрымалася, што я бачу вынік сваёй дзейнасці. А калі ісці ад агульнага да адзінкавага, то выніку, на жаль, хутчэй за ўсё не ўбачу”, — адрэагаваў Антон.

Актывіст выказаў упэўненасць, што не мае сэнсу пачынаць з “агульных рэчаў”, бо на іх грамадства ў Беларусі пакуль ніяк не можа паўплываць. Напрыклад, на незалежнасць судовай сістэмы. Ці на выбары.

“Як актывіст я зраблю больш, чым дэпутат”

“Я зараз пагугліў Антона Матольку, і мне выскачыла: “змагар з ЖЭСамі”. То бок Антона свядома загналі ў нішу сацыяльнага актывіста, і ён задаволены… А я ад яго чакаю большага — што ён пакажа людзям, як любая сацыяльная актыўнасць мае перарастаць у палітычную”, — выказаўся віцебскі палітык Кастусь Смолікаў.

“Але калі ў краіне няма палітычнага працэсу, пра якую палітычную дзейнасць можа ісці гаворка? Што пра яе гаварыць?” — спрабаваў бараніць спікера Булаўскі.

Антон Матолька

Антон Матолька

“Падчас мясцовых выбараў у дэпутаты мне казалі: ну ідзі, Антон, ты ж павінен! Але ўмоўным актывістам, якім я цяпер ёсць — сацыяльным, гарадскім, грамадскім, няважна — я магу зрабіць для сябе ды іншых людзей нашмат больш, чым будучы дэпутатам. У нас вось ёсць у парламенце Канапацкая, Анісім, і вы ўсе бачыце вынікі іх дзейнасці. Дык які сэнс?” — развёў рукамі Антон Матолька.

“Але пры гэтым вы, палітычныя партыі, палітолагі ды іншыя, канечне мусіце гэтым займацца. Дык падрыхтуйце ж для мяне глебу, каб, скажам, праз 5 гадоў Матолька сказаў: усё, пайду!” — папрасіў актывіст.

А пакуль што Матолька дзейнічае “з пункту гледжання эгаіста”: “Калі пачынаў, я хацеў найперш зрабіць добра сабе. А ў выніку рабіў добра ўсім. Але найперш — для сябе. І кожны чалавек мусіць мысліць менавіта так”.

Узаемаадукацыя актывістаў і чыноўнікаў? Такое бывае

Каб актывісты маглі вырашаць праблемы, неабходная кампетэнцыя. У Беларусі шмат адукацыйных праектаў, але часцей за ўсё ў гэтых фарматах актывісты вучаць актывістаў і, адпаведна, чыноўнікі — чыноўнікаў унутры дзяржсістэмы.

“Але ці магчыма такое ў Віцебску, каб, напрыклад, дзяржслубоўцы распавядалі актывістам пра нейкія аспекты заканадаўства і механізмы ўзаемадзеяння, а грамадскія актывісты, у сваю чаргу, вучылі б працаваць у новых медыях аддзел культуры гарвыканкама?” — запытаўся вядоўца ў спікераў.

Аказалася, цалкам магчыма. Яўгенія Пачэпка расказала, што ў межах свайго новага праекта па грамадзянскай адукацыі “Ого!” плануе запрашаць на сустрэчы мясцовых чыноўнікаў, у тым ліку дэпутатаў.

“Бо людзі не разумеюць, як працуе ўлада, хто такія дэпутаты і навошта гэта ўсё трэба”, — заўважыла спікерка. Ёсць, дарэчы, і зваротны працэс. Паводле Яўгеніі, чыноўнікі перыядычна звяртаюцца ў “Рэгіянальны рэсурсны цэнтр”, “каб навучыцца таму-сяму”. Апошні запыт, напрыклад, тычыўся магчымасці набыць веды ў праектным менеджменце (“Чыноўнікі хочуць пісаць праекты, але не ведаюць як”).

Вольга Бізікава прывяла прыклад колішніх сустрэчаў у чацвяргі ў “Музычнай гасцёўні”, калі актывісты шчыльна супрацоўнічалі з аддзелам культуры, а той запрашаў на сустрэчы прадстаўнікоў іншых дзяржустановаў — дзеля падтрымкі актывістаў.

Вольга Бізікава

Вольга Бізікава

Антон Матолька заўважыў, што сітуацыя ў Мінску — гэта адно, а калі казаць пра Паставы ці Віцебск — зусім іншае. Але ў кожным разе найважнейшым фактарам у стасунках з дзяржслужбоўцамі ёсць асабісты кантакт.

“Практычна ўсе мае буйныя поспехі — гэта вырашэнне праблем у асабістым парадку. Але калі я пра гэта недзе напішу, яны больш вырашацца не будуць”, — адзначыў Матолька. Ён распавёў таксама пра сваю кампанію па ўцягванні чыноўнікаў у сацсеткі, што магло б спрасціць працэс узаемадзеяння і вырашэння праблем. “Але дагэтуль з чыноўнікамі ў сацсетках даволі тухла ўсё”, — заўважыў ён.

Сваім досведам узаемадзеяння з дзяржструктурамі падзяліліся таксама стваральніца арт-цэнтра VZAP у Віцебску Інга Багінская і заснавальніца Цэнтра сучаснага мастацтва Валянціна Кірылава.

Як наладжваюцца кантакты з бізнесам

Ад тэмы стасункаў з дзяржструктурамі размова павольна перацякла да праблемы ўзаемадачыненняў актывістаў і бізнесоўцаў. Ці дапамагаюць яны ў ажыццяўленні праектаў і ці самі актывісты просяць аб такой дапамозе прадпрымальнікаў?

“Самы просты прыклад — бар “Торвальд”, які бясплатна дае пляцоўку нашым актывістам. І нават “Добрая нагода” праходзіць на базе “Торвальда”, — распавяла кіраўнічка прасторы VITEBSK4ME Вольга Бізікава.

Гэта не адзіны прыклад. Але найчасцей дапамога з боку бізнесу заключаецца ў адзінкавых зніжках і падарунках. Што праўда, па дапамогу да актывістаў звяртаецца і бізнес. Так, адзін з віцебскіх прадпрымальнікаў, пазнаёміўшыся з вынікамі стрыт-арт праекта “Гравітацыя”, папрасіў распісаць сцяну каля кавярні, якую мае адкрыць у мікрараёне Білева.

Яўгенія Пачэпка

Яўгенія Пачэпка

Прадстаўніца YMCA Ягенія Пачэпка канстатавала, што грамадскія арганізацыі нячаста ідуць па дапамогу да бізнесу — ці то з боязі, ці то з негатыўнага досведу.

Між тым Антон Матолька кажа, што ісці трэба, бо бізнес, паводле ягоных словаў, — моцны фактар легалізацыі дзейнасці ў вачах астатніх.

“Умоўна кажучы, Федзя Пупкін прыходзіць з просьбай зрабіць калядны кірмаш з аднаго боку, а з іншага — актывіст, які пры падтрымцы кампаніі velcom хоча зладзіць калядныя кінапаказы. Каму будзе больш даверу? Правільна, таму, каму ўжо даверыўся іншы бізнес. Дык трэба звяртацца, грукацца ў дзверы. Будзе, можа, 100 адмоваў і ўсяго адно “так”, як гэта звычайна ў мяне, але трэба грукацца”, — параіў Антон Матолька.

“Ведаеце, па дробязі бізнес дапамагае. А вось вялікія праекты… Аргументацыя такая: нам дастаткова дзяржаўных праблем, а тут вы яшчэ зверху…” — заўважыла Інга Багінская.

Удзельнікі дыскусіі прыйшлі да высновы, што без зменаў у заканадаўстве аб спонсарстве супраца актывістаў з бізнесам будзе недасканалай і не такой эфектыўнай, як хацелася б.

Тры запаветы актывіста

У канцы дыскусіі Уладзімір Булаўскі папрасіў кожнага са спікераў зрабіць свой унёсак у стварэнне гіпатэтычнага падручніка для актывіста-пачаткоўца. “Які запавет вы б туды ўнеслі?” — запытаўся.

  1. Звяртайся па дапамогу! Трэба аб’ядноўвацца і вырашаць праблемы разам. Дзяліцца ведамі, уменнямі, рэсурсамі (Яўгенія Пачэпка).

  2. Карыстайся чатамі ў “Тэлеграме”. У Віцебску, напрыклад, Vitebsk4People. Ну і гугл у дапамогу (Вольга Бізікава).

  3. Хацеў сказаць “не с…ы!”, але скажу так: “апублічвайце” праблему! Скажыце аб ёй услых. Вы самі часам не падазраяце, хто ў вас у фрэндах. І напішыце пра праблему так, каб падхапілі іншыя (Антон Матолька).

Але на гэтым дыскусія не згасла. Прысутныя, карыстаючыся прынамсі запаветам Матолькі, апублічвалі свае праблемы.

Пра праблемы “Крылаў надзеі” і адпісак на электронныя звароты

Пра гісторыю выратавання бібліятэкі “Англійскага культурнага цэнтра” ў Віцебску расказала яго стваральніца і кіраўніца Святлана Віннік. А Інга Багінская нагадала пра праблему, з якой не першы год сутыкаецца віцебскі Клубны дом “Крылы надзеі”.

“З бізнесам у нас, можа, і атрымаецца, калі правільна падыходзіць. А вось з дзяржавай пакуль усё кепска. У “Крылаў надзеі” дагэтуль няма памяшкання… Не ведаю, чым гэта скончыцца, але я вельмі засмучаная такім стаўленнем з боку дзяржавы”, — казала Багінская.

Віцебскі актывіст Яўген Крыскевіч казаў пра 90% адпісак з выканкамаў на электронныя звароты грамадзян. “Дык навошта яны рабілі тыя электронныя звароты, калі так? Як кажуць, адно акно — ды сто дзвярэй…” — іранізаваў актывіст.

Што да электронных зваротаў, дык пасля дыскусіі “Гарадскі актывізм і адукацыя” Антон Матолька даў віцебскім актывістам майстар-клас па напісанні электронных петыцый і зваротаў.

У межах міні-форуму актывістаў, зладжанага ў абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы 20 снежня, адбылася таксама прэзентацыя вынікаў даследавання арганізацыі YMCA Vitebsk “Патрэбы маладых людзей у сферы грамадзянскай адукацыі”. Вынікі прэзентавала Яўгенія Пачэпка.

Змітрок Трай

Фота – Алесь Пілецкі

 


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Не менш за 132 дзеячаў культуры ў няволі — Беларускі ПЭН

Беларускі ПЭН апублікаваў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за другую палову траўня 2023 года,...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Выдавецтва Gutenberg шукае падтрымку для выпуску настольнай гульні «Шляхта»

Хто не марыў ненадоўга апынуцца ў Вялікім Княстве часоў Рэнесансу? Балі, паэзія, палацавыя інтрыгі... Еўрапейскае...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Як размаўляць з тымі, хто думае інакш

Не толькі ў раманах сем’і распадаюцца «праз палітыку», а сяброў робяць ворагамі адрозныя жыццёвыя прынцыпы. Можа...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Якой бачылі Беларусь у замежнай літаратуры

Любая краіна так або іначай адлюстраваная ў літаратуры. І звычайна гэтае адлюстраванне стварае або наўпрост звязанае...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Не менш за 132 дзеячаў культуры ў няволі — Беларускі ПЭН
    Грамадства
    Выдавецтва Gutenberg шукае падтрымку для выпуску настольнай гульні «Шляхта»
    Грамадства
    Як размаўляць з тымі, хто думае інакш
    Літаратура
    Якой бачылі Беларусь у замежнай літаратуры
    Грамадства
    Пара перастаць называць польскім, літоўскім, рускім тое, што належыць беларусам
    Гісторыя Асоба
    Няўдалы кароль: кароткае і спрэчнае жыццё Міхала Вішнявецкага
    Літаратура
    Ад Маўра да вяліка: падборка летняй літаратуры для дзяцей і падлеткаў
    Грамадства
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў на 3-4 чэрвеня
    Вандруем разам
    Ад старажытнай царквы да «міні-зыбіцкай». Што варта паглядзець у Гродне на выходныя
    Літаратура
    «Не загаснуць зоркі ў небе»: творцы з усяго свету зладзілі флэш-моб у падтрымку беларускіх пісьменнікаў
    Музыка Музыка
    Гурт «Петля Пристрастия» выступіў з канцэртам у Берліне. Паглядзіце, як драйвова там было
    Грамадства Музыка
    Ёсць, што паслухаць. Падборка травеньскіх беларускіх трэкаў на любы густ і гаманец
    Грамадства Кіно
    Кінафестываль «Паўночнае ззянне» адкрывае Open Call для беларускіх фільммэйкераў
    Грамадства Кіно
    У анлайн-кінатэатры VODBLISK папаўненне — фільм «II» Улады Сяньковай ужо даступны для прагляду
    Культура Літаратура
    Стартавала выдавецкая ініцыятва «33 кнігі для іншай Беларусі»

Афіша

  • 04.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Фестываль «Культура ў выгнанні» ў Кракаве

  • 04.06 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 04.06 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 04.06 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 04.06 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»
  • 04.06 — 07.06Pop-up store беларускіх мастакоў у Мінску
  • 04.06 — 08.06 Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Nothing Left» у Познані
  • 04.06 — 10.06«Past Garden». Выстава Рамана Камінскага ў Варшаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Таму што мы — беларусы». Як выхоўваць дзіця па-беларуску за мяжой і не толькі?
    • Сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім: як жылі, чым займаліся, што мелі
    • Тэст: Пазнай выканаўцу па радках з трэка
    • Мелказёраў: я не баюся быць тупаком
    • Паглядзіце, якія выцінанкавыя стыкеры зрабіла мастачка Вольга Бабурына
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип