У Польшы плануюць адкрыць Універсітэт Залатога Веку для сталых беларусаў

У фундацыі «Акно на Усход» у Беластоку прайшла арганізацыйная сустрэча, прысвечаная стварэнню адукацыйнай і грамадскай ініцыятывы — Універсітэта Залатога Веку для беларусаў сталага веку, якія цяпер жывуць у Польшчы. Праект з’яўляецца працягам дзейнасці аднайменнай ўстановы ў Гародні, якая працавала з 2010 года і была закрытая ўладамі ў 2023 годзе, піша «Радыё Рацыя».

Univiersitet Zalatoha Vieku dlia bielarusaŭ stalaha vieku

Пра асаблівасці такой ўстановы распавёў адзін са стваральнікаў праекта Вітаўт Руднік:

— Гэта пляцоўка для сталых беларусаў, якія па розных прычынах знаходзяцца ў Польшчы. Для таго, каб гэтыя людзі мелі магчымасць тут развівацца, адчуваць узаемападтрымку, камунікаваць, інтэгравацца паступова ў польскае грамадства, падтрымліваць сваё здароўе, бо гэта група людзей, якая ці найменш абароненая ў Польшчы.

Па словах Вітаўта Рудніка, зараз адбываецца толькі падрыхтоўчы этап па стварэнні такой ініцыятывы:

— Мы пакуль толькі даследуем, дзе такая патрэба ёсць. Мы ўжо сустракаліся з беларусамі ва Уроцлаве, зараз сустракаемся ў Беластоку, сустрэнемся з варшавякамі і з людзьмі з Гданьска, і затым прымем рашэнне. Там дзе будуць людзі ахвотныя нам дапамагаць гэта рабіць, там гэтыя пляцоўкі і паўстануць. У нас няма спецыяльных грошай на пэўную колькасць такіх пляцовак. Для нас гэта эксперымент. Мы будзем абапірацца на добрую волю, жаданне сталых беларусаў.

Арганізатары плануюць распачаць заняткі ўжо восенню 2025 года. Універсітэт будзе працаваць на базе розных ініцыятыў і пляцовак Беластоку і ў тым ліку фундацыі «Акно на Усход» у Беластоку. Цяпер каманда шукае выкладчыкаў, валанцёраў і партнёраў для рэалізацыі праекта.