У Варшаве пройдзе творчая сустрэча з Максімам Знакам

22 красавіка ў варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11) адбудзецца творчая сустрэча з пісьменнікам і юрыстам Максімам Знакам.

Afiša

Максім Знак — адвакат, паэт, бард, аўтар кнігі літаратурных запісаў «Зэкамерон», створанай у беларускай турме. У 2020 годзе ён быў адвакатам Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай, але ў верасні таго ж года быў затрыманы і асуджаны на 10 гадоў зняволення.

З 9 лютага 2023 году знаходзіўся ў статусе інкамунікада, цалкам пазбаўлены сувязі з адвакатамі і членамі сям’і. 13 снежня 2025 года вызвалены з турмы і разам з вялікай групай палітзняволеных прымусова дэпартаваны з Беларусі ва Украіну. Жыве ў Польшчы.

«Падманліва лёгкія, але моцныя гісторыі зняволенага беларускага юрыста і актывіста. 100 апавяданняў у «Зэкамероне» заснаваныя на «Дэкамероне» XIV стагоддзя, але Максім Знак бліжэйшы да Бэкета, чым да Бакача. Банальнасць і жорсткасць супернічаюць са здольнасцю чалавека вытрымліваць прыгнёт», — так пісала брытанская крытыка пра кнігу Максіма Знака, якая ўвайшла ў кароткі спіс прэміі Republic of Consciousness Prize.

На дадзены момант «Зэкамерон», напісаны ў першы год зняволення, выдадзены на беларускай, расейскай, ангельскай, нямецкай, шведскай і дацкай мовах.

З самага юнацтва Максім Знак піша вершы і тэксты для ўласных песень, з якіх пасля 2017 году склаліся 4 уласныя музычныя альбомы: «Казкі», «Гарады», «Ветразь» і «Мора». Максім не раз выступаў як бард, а ў 2018 годзе стаўся лаўрэатам легендарнага фестывалю «Бардаўская восень», які штогод адбываецца на Беласточчыне.

Падчас сустрэчы Максім раскажа пра сваю кнігу, падзеліцца ўспамінамі пра час яе напісання і адкажа на пытанні. Прагучаць старыя і новыя песні.

Дзе і калі?

Дата: 22 красавіка

Час: 19:00 (час мясцовы)

Месца: Музей Вольнай Беларусі, ul. Foksal, 11, Варшава

Уваход вольны

Сустрэча ладзіцца ў межах праграмы ArtPower Belarus у сумесным праекце Міжнароднага Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі «Будзьма беларусамі».

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць