“Мне хутка споўніцца 75. Я на сваіх нагах і галава цяміць. Шмат чаго было ў жыцці, ёсць чаму радавацца. Але засмучае, што я так і не ажыццявіла сваё галоўнае жаданне юнацтва — пабываць у Рыме і ўбачыць шэдэўры Мікеланджэла, Рафаэля і да Вінчы. Можа, з вашай дапамогай мая мара збудзецца?”
Такі ліст, напэўна, мог бы напісаць кожны другі беларускі пенсіянер, калі не больш. На жаль, нашы пажылыя людзі не вандруюць па свеце, як іх аднагодкі з краін Еўрасаюза ці Амерыкі.
— І рэч не толькі ў маленькіх пенсіях. Праблема яшчэ і ў інертнасці мыслення, няведанні замежнай мовы, няўменні карыстацца магчымасцямі інтэрнэту, — тлумачыць Марыя Мунцян.
Менавіта ёй быў адрасаваны згаданы ліст. Нядаўна яна запусціла праект “Пенсія. Неба. Самалёт”, у межах якога і паспрабавала арганізаваць простую і даступную мадэль падарожжаў для пенсіянераў. На дадзены момант схема выглядае так:
— Я і іншыя валанцёры шукаем выгадныя прапановы лоўкостаў (бюджэтных авіякампаній) і недарагіх аўтобусных перавозчыкаў, арганізуем бясплатнае пражыванне ў гаспадароў у краіне знаходжання праз платформу couchsurfing.com або выбіраем адносна недарагія хостэлы. У паездцы пенсіянера абавязкова суправаджае малады валанцёр, які ведае замежную мову. Для кампенсацыі выдаткаў на візы і дарогу шукаем спонсараў. Так пажылыя людзі вырашаюць праблему моўнага бар’еру і атрымліваюць індывідуальны падыход, праходзяць лікбез наконт карысных інтэрнэт-рэсурсаў ад маладых, а тыя, у сваю чаргу, падарожнічаюць пры пэўнай фінансавай падтрымцы ў кампаніі людзей з жыццёвым вопытам, — тлумачыць Марыя Мунцян.
Узаемнае натхненне
Пакуль дзякуючы праекту свет убачылі пяць беларускіх пенсіянераў. Адзін з іх пабываў у Стакгольме, другая — у Польшчы, яшчэ тры жанчыны — у Вероне.
— Квіткі да Мілана праз Вільню абышліся нам у 13 еўра ў адзін бок. Жылі мы ў Вероне ў апартаментах, кошт якiх кампенсаваўся сродкамі гранта ад МТС i бізнесмена Юрыя Мельнiчка, і ў нас быў рускамоўны гід-італьянец! — распавядае падрабязнасці апошняй вясновай паездкі ў Італію Марыя. — Такі фармат падарожжаў істотна адрозніваецца ад турпаездак “мяшочным” чынам, калі чалавека саджаюць у аўтобус і паказваюць пэўныя месцы ў тэмпе экскурсавода. У нашых падарожжах мы жывём у адным вымярэнні з мясцовымі жыхарамі, гатуем тую ж ежу, бачым, як яны працуюць, як бавяць вольны час. У Італіі, напрыклад, вельмі паважліва ставяцца да старэйшага пакалення. У кожным, нават маленькім, мястэчку ёсць універсітэт трэцяга ўзросту. У Вероне мы бачылі 90-гадовых дзядуляў, якія сядзяць у інваліднай калясцы ў кавярні і п’юць віно з прыяцелямі, а побач цалуюцца 50-гадовыя “маладзёны”. А калі зайшлі ў мясцовую бібліятэку, атрымалі шок — яна была “жывой”: пенсіянеры чыталі газеты, юнакі рыхтаваліся да заняткаў, у дзіцячым пакоі было шмат дзяцей. Відаць, што пакаленні не ізаляваныя адно ад аднаго, грамадства не падзеленае. Няма эйджызму, калі дзецям — “кыш”, старыя — па лаўках, а ў цэнтры ўвагі толькі працаздольнае насельніцтва. Мне хочацца, каб нашы людзі гэта бачылі, каб у нас нешта мянялася. Бо ізаляцыя — вельмі дэпрэсіўны і прыгнятальны стан.
Цяпер я выкладаю ангельскую мову пажылым людзям у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Партызанскага раёна Мінска. Партызанскі раён — самы “пенсіянерскі”. Мае заняткі каштуюць 74 капейкі. Пры гэтым у групу ходзіць толькі 6 чалавек. І тыя, хто ходзіць, прызнаюцца, што нікому пра гэта не расказваюць, бо з іх будуць смяяцца. Сярод маіх вучняў ёсць 70-гадовая жанчына, якая яшчэ ходзіць на танцы і таксама пра гэта маўчыць, каб не засмяялі. Гэта сумна.
Пенсіянераў нашы паездкі натхняюць, яны хочуць прывезці ў гэтыя месцы сваіх сяброў, паехаць у наступнае падарожжа. Напрыклад, старэйшую ўдзельніцу групы ў Італію (65 гадоў) мы проста ў аўтобусе зарэгістравалі на couchsurfing.com. Яна ўжо будуе планы запрашаць да сябе iтальянскiх жанчын і падарожнічаць па свеце, натхняе сваёй прагрэсiўнасцю сябровак . А іншая наша падарожніца (з непрацоўнай групай інваліднасці, дарэчы) пасля паездкі напісала мне, што яна ўсё жыццё пра кагосьці клапацілася, грэла іншых, а тут нарэшце хтосьці паклапаціўся пра яе. Гэта мяне натхняе, я разумею, што займаюся патрэбнай справай.
Тэматычныя туры
— Запыты і матывы ў людзей розныя, часам зусім не забаўныя, — працягвае аўтар праекта. — Напрыклад, да мяне звярнулася жанчына, якая ніколі не была на магіле загінулага ў Берліне падчас Другой сусветнай вайны брата. Яна не ведае, куды звяртацца, як праехаць, як знайсці гэтыя могілкі. І ў траўні мы плануем адвезці яе ў Берлін, сабраўшы грошы праз краўдфандынг.
Калі казаць пра агульныя прыхільнасці, то ўсе хочуць у Парыж. Але людзі проста шмат чаго не ведаюць. Напрыклад, што можна бясплатна пажыць у Фінляндыі ў сям’і арганічных фермераў, есці здаровую ежу, глядзець славутасці краіны. Пры гэтым прапануецца 3-4 гадзіны працы на зямлі, што для нашых людзей, як мы ведаем, хутчэй не праца, а хобі. Так, не ўсім гэтая ідэя падыходзіць, але камусьці яна відавочна спадабаецца, каб потым на сваім лецішчы выкарыстаць штосьці з убачанага. Ёсць бюджэтныя спартыўныя кемпінгі. Нашы людзі думаюць, што гэта дзікі адпачынак, але калі я паказваю, што кемпінгі ў Еўропе — з душавымі кабінамі, добра ўладкаванымі кухнямі, інтэрнэтам, абуджаецца попыт і на такія падарожжы.
Я аналізавала наш рынак турпаслуг. У нас практычна няма напрамку тэматычных тураў для міні-груп. У свеце ж сёння такія аўтарскія туры, якія аб’ядноўваюць аднадумцаў, вельмі распаўсюджаныя: арт-экспедыцыі, маршруты па месцах кіназдымак, кулінарныя вандроўкі і іншае. У нас такі напрамак жыве ў сацсетках, але гэта адзінкавыя прыклады і збольшага для маладых, а не для старэйшага пакалення. У Італіі мы, напрыклад, пазнаёміліся з мастаком-акварэлістам, які прапанаваў праводзіць сумесныя пленэры. Чым не ідэя? Многія нашы пенсіянеры працуюць, адкладаюць грошы і маюць дзяцей, якія могуць зрабіць падарунак сваім бацькам хоць раз на год. Усё магчыма, калі паставіць мэту.
Перспектывы
На дадзены момант у праекце 6 валанцёраў. Прычым гэта не толькі маладыя людзі. Сярод іх ёсць 60-гадовы гамяльчанін, які ведае 5 замежных моваў, псіхолаг з веданнем італьянскай.
Праекту “Пенсія. Неба. Самалёт” гатовая дапамагаць Ліга добраахвотнай працы моладзі.
— У ідэале мы хочам аб’яднаць усіх, хто развівае такі кірунак, стварыць інфармацыйную пляцоўку, каб састыкоўваць пенсіянера і валанцёра, каб людзі збіраліся для сумеснага абмеркавання будучых паездак, праходзілі майстар-класы і трэнінгі па самастойных бюджэтных вандроўках, — расказвае аб планах Марыя Мунцян.
Для маштабавання праекта, вядома, патрэбныя спонсары. Да прыкладу, дарогу і візы ў Стакгольм аплацілі ўладальнік фермерскай гаспадаркі “ДАК” і інтэрнэт-крама па продажы кніг knigorod.by. Сродкі на вандроўку ў Верону Марыя атрымала, стаўшы фіналістам конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. Для ўстойлівасці аўтары плануюць акрамя бюджэтных паездак развіваць і камерцыйны кірунак, арыентуючыся на пенсіянераў з розным дастаткам.
Калі хтосьці хоча падтрымаць праект, інфармацыя тут: pensianebosamolet.com.
Ганна Кручкова
Фота Аляксандра Кісялёва, з архіва М. Мунцян