Працягваем вандраваць разам з «Будзьма» па Глыбоччыне. Сёння нас чакае заключная частка маршрута. Хутка Дзяды, таму прапануем наведаць месцы спачыну вартых памяці месцічаў, пахаваных тут. Апроч магілаў нас чакаюць архітэктурныя цікавосткі, помнікі прыроды і шмат іншага. Такім чынам сёння рушым наступным шляхам: Галубіцкая пушча - Ліпляні -Вострава - Падсвілле - Кавалі - Глыбоцкі дэндралагічны сад.
Фота: planetabelarus.by
Вандруем разам з «Будзьма!»: Глыбоцкі раён. Частка першая.
Галубіцкая пушча
Ад азёраў ды валуноў Глыбоччыны рушым у бок лясоў, да Галубіцкай пушчы. Яна не менш вядомая за Налібоцкую, хіба, знаходзіцца ад Мінска далекавата, каб стаць папулярным месцам для наведвання турыстамі. Няма ў ёй зуброў, як у Белавежскай, але ёсць іншыя свае цікавосткі.
Возера Медзазол у заказніку «Галубіцкая пушча».Фота: planetabelarus.by
Возера Медзазол у заказніку «Галубіцкая пушча».Фота: planetabelarus.by
Вітаўтавы масты. Стаянка князя Вітаўта. З альбома «Галубіцкая пушча». Язэп Драздовіч, 1923
На ўскрайку Галубіцкай пушчы ў засценку Пунькі 13 кастрычніка 1888 года нарадзіўся мастак, графік, адзін з заснавальнікаў беларускага гістарычнага жывапісу, педагог, краязнаўца Язэп Нарцызавіч Драздовіч.
Засценак Пунькі. Язэп Драздовіч, 1922
Засценкам называлі паселішча, кшталту хутара, якое арандавала, як правіла, дробная шляхта. Да такіх збяднелых шляхцічаў належаў і бацька Драздовіча. Непасрэдна ў Пуньках Язэп пражыў толькі пару гадоў. Хлопчыку было два гады, калі памёр ягоны бацька. Маці засталася адна з шасцю дзецьмі. З гэтага часу і пачалася бясконцая вандроўка Драздовіча, бо сям’я не раз змяняла месца жыхарства ў ваколіцах Галубіцкай пушчы.
Язэп Драздовіч, 1920-1921
Язэп Драздовіч з маці і старэйшымі братамі. Дзісна, 1907
У сваіх дзённіках мастак часта ўзгадвае «яго Дзісеншчыну», у колішні Дзісенскі павет уваходзіла тэрыторыя сучаснага Глыбоцкага раёна, часткова Шаркаўшчынскага, Мёрскага і Докшыцкага. Сярод шматлікіх замалёвак Дзісеншчыны ёсць у Язэпа Драздовіча і некалькі малюнкаў роднага засценка Пунькі.
Фота: belta.by
Сёння ад Пунькаў нічога не засталося. Будынкі даўно разбураныя, месца здзічэла і зарасло. Толькі па старой ліпе можна ўявіць, дзе калісьці стаяла хата. Засценак зліквідаваны ў 2018 годзе, на месцы, дзе ён быў, у кастрычніку таго ж года ўсталяваны памятны камень.
Фота: belta.by
Ліпляны
На паўночны захад ад былога засценка Пунькі месціцца вёска Ліпляны, дзе яшчэ можна сустрэць месцічаў, якія дабра памятаюць мастака Язэпа Драздовіча, як «вечнага вяндроўніка», які хадзіў у белым паліто паміж вёскамі, натхнёна захапляўся навакольнай прыгажосцю, распавядаў цікавыя гісторыі, размалёўваў шафы, дываны, дапамагаў па гаспадарцы ўзамен на начлег, паесці ці зарабіць на магчымасць маляваць.
Фота: belta.by
Начны Краявід. Язэп Драздовіч, 1950-я
Так ён і жыў ён у галечы, у няспыннай вандроўцы, прадстаўнік адукаванай беларускай інтэлігенцыі, але непатрэбны савецкай дзяржаве, дзе не меў магчымасці ўладкавацца на працу, рэалізоўваць свае жыццёвыя мэты.
Але раней, на хвалі беларускага адраджэння, дзейнасць Язэпа Драздовіча была вельмі запатрабаванай. З 1910 ён аздабляў беларускія друкаваныя выданні, настаўнічаў, займаўся археалогіяй, замалёўваў прадметы матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажы людзей, у 1920-я супрацоўнічаў з Віленскім беларускім музеем Івана Луцкевіча, нават наладзіў сувязі музея з Інбелкультам у Мінску, заснаваў мастацкую студыю ў Віленскай беларускай гімназіі, выкладаў маляванне ў Наваградскай беларускай гімназіі, афармляў тэатральныя выставы.
Беларускі каляндар «Нашай Нівы», вокладка Язэп Драздовіч, 1910 г.
Беларуская гімназія ў Вільні. Мастацкая майстроўня. З левага боку сядзіць Язэп Драздовіч. 1927 г.
Адметнай рысай творчасці Язэпа Драздовіча было захапленне космасам. У 1931 годзе Драздовіч выдаў у Вільні па-беларуску кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі», у якой выклаў шэраг сваіх тэорый, у прыватнасці, пра паходжанне планет Сонечнай сістэмы і руху Зямлі. Выданне ўпрыгожвалі ўласныя малюнкі аўтара.
У 1931-1933 гадах Драздовіч працягнуў тэму космасу трыма серыямі графічных малюнкаў і карцінаў «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы».
Сустрэча вясны на Сатурне. Язэп Драздовіч, 1932
Вечар у пустэльні на Марсе. Язэп Драздовіч, 1932
Але нават у сваіх летуценнях пра розныя планеты мастак бачыў там родную Дзісеншчыну, таму так часта нават у ягоных касмічных сюжэтах можна пазнаць мясцовыя краявіды, архітэктурныя здабыткі, чалавечыя тыпажы.
Падкружніковы краявід на планеце Сатурн (Saturland). Язэп Драздовіч, 1931
Гара Варганіха. Язэп Драздовіч, 1926
У 1940-я Драздовіч працягнуў сваю творчую дзейнасць і стварыў шэраг жывапісных серыяў на тэмы беларускай гісторыі, прысвечаных у прыватнасці Усяславу Чарадзею, Францішку Скарыне. Па заканчэнні вайны праз праблемы са здароўем Язэп Драздовіч мала працаваў. Асноўнай крыніцай заробку былі маляваныя дываны для вяскоўцаў. Зрэдчас пісаў краявіды, партрэты. Савецкія чыноўнікі ад ідэалогіі і культуры ставіліся да творчасці Язэпа Драздовіча як да нявартай увагі. Прыкладам таму служыць унікальны роспіс памяшкання сталовай ў Лужках, які быў зафарбаваны па загадзе аднога з тагачасных полацкіх чыноўнікаў. Драздовіч, зразумела, не быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі.
Пагоня. Язэп Драздовіч, 1927
Памёр мастак увосень 1954 года, яго, непрытомнага, знайшлі на адной з дарог Дзісеншчыны месцічы. Пахаваны Язэп Драздовіч на могілках у Ліплянах, куды і раім наведацца, каб ушанаваць памяць таленавітага беларускага творцы з трагічным лёсам.
Фота: wikimedia.org
Вострава
Па дарозе далей варта наведаць яшчэ некалькі адметных магілаў. Прыпынімся ў вёсцы Вострава, якая размяшчаецца ў самых нетрах Галубіцкай пушчы. Тут некалі размяшчаўся адзін з маёнткаў роду Буйніцкіх, ад якога засталіся сёння, хіба, рэшткі парку. На мясцовых могілках пахаваны ўладальнік маёнтка Тарквіній Буйніцкі - бацька Ігната Буйніцкага, заснавальніка беларускага прафесійнага тэатру, якога мы ўзгадвалі ў Празароках.
Фота: radzima.org
Маці Ігната Буйніцкага - Клатыльда з роду Гласкаў - памерла досыць рана. Другая жонка Тарквінія Буйніцкага, Вера Буйніцкая, памерла ў 1920 годзе і пахаваная тут, у Вострава, побач з мужам. Магілы Буйніцкіх адшукалі адносна нядаўна падчас навуковай экспедыцыі ў 2013 годзе. Пахаванне можна пабачыць у старой частцы востраўскіх могілак.
Фота: radzima.org
Падсвілле
Далей рушым у гарадскі пасёлак Падсвілле і адразу скіруемся ў бок мясцовых могілак. Іх няцяжка знайсці, тут месцяцца адметныя вайсковыя пахаванні палеглых у вайне з савецкай уладай 1920 года. Сярод тыповых магілаў ахвяраў савецка-польскай вайны вылучаецца помнік, усталяваны дзясяткам гадоў пазней, у 1930-м.
Тут пахаваны Міхал Фалькоўскі, ветэран паўстання 1863-1864 гг. Ён пражыў 91 год. Вядома, што Міхал паходзіў з Варанова, што недалёка ад Глыбокага. Дажыўшы да ўтварэння незалежнай польскай дзяржавы Міхал Фалькоўскі быў вельмі паважаным чалавекам у асяроддзі глыбоцкіх палякаў ды мясцовых уладаў як ветэран паўстання. І сёння ягоная магіла дагледжаная. Магчыма, сваякамі, а магчыма, і неабыякавымі нашчадкамі, да якіх варта далучыцца.
Кавалі
Фота: wikimedia.org
Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Кавалі. Тут знаходзіцца найвышэйшая кропка Глыбоцкага раёна - 226 метраў над узроўнем мора, дзе ўсталяваны геадэзічны знак. Адсюль найлепш сузіраць маляўнічыя краявіды Галубіцкай пушчы.
Фота: wikimedia.org
Але асноўнай адметнасцю вёскі Кавалі з’яўляецца Успенская царква, пабудаваная ў 1748 годзе з дрэва першапачаткова як касцёл ордэна кармелітаў. І сёння ён выглядае вельмі нетыпова для царквы: арыентацыя храма, рэшткі барочных бакавых вежаў. Храм быў сканфіскаваны і перададзены праваслаўным у 1840 годзе. Напрыканцы ХІХ стагоддзя касцёл быў істотна перабудаваны. На прылеглай да царквы тэрыторыі можна пабачыць даух’ярусную званіцу з шатровым дахам, верагодна, дабудаваную пазней.
Царква ў в. Кавалі, 1898.
Галоўнай асаблівасцю храма з’яўляецца тое, што ён драўляны. Падобных помнікаў XVIII стагоддзя пабудовы ў Беларусі захавалася зусім няшмат. Таму Успенскі храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як помнік драўлянага дойлідства з элементамі барока.
Глыбоцкі дэндралагічны сад
Заключным нашым прыпынкам на Глыбоччыне будзе дзяржаўны помнік прыроды рэспубліканскага значэння - Глыбоцкі дэндрасад. Ён лічыцца другім па велічыні і колькасці відаў раслін пасля мінскага батанічнага саду. Дэндрарый першапачаткова быў створаны на базе глыбоцкага лясгаса ў 60-я гады мінулага стагоддзя мясцовым энтузіястам, інжынерам лясгаса Віктарам Ламакам у навуковых мэтах.
Фота: planetabelarus.by
Зараз дэндрасад займае тэрыторыю больш за восем гектараў. У садзе можна пабачыць каля паўтысячы відаў дрэваў ды хмызоў. Асаблівую цікавасць уяўляюць дубы, якім больш за дзвесце год. Калекцыя дэндрасаду складаецца з інтрадукаваных раслінаў, прывезеных з Японіі, Паўднёвай Амерыкі, поўдня Еўрапейскай часткі Расіі і паўднёва-усходняй часткі Еўропы.
Яшчэ больш падарожжаў па Беларусі ў рубрыцы «Вандруем разам!»
Фота: planetabelarus.by
Дэндралагічны сад з’яўляецца адным з улюбёных месцаў адпачынку глыбачанаў і абавязковым пунктам для наведвальнікаў мясцовых турыстычных маршрутаў. Тут ладзяць свае з’езды навукоўцы-батанікі ды абаронцы навакольнага асяроддзя, кожныя выходныя тут можна сустрэць аматараў вясельных фотасесіяў ды сямейнага адпачынку. Раім зазірнуць і вам.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з “Будзьма!”.
ПЖ, budzma.org