Як вядома, у часы Вялікага Княста Літоўскага многія беларускія гарады і мястэчкі валодалі магдэбурскім правам і мелі свой герб, які з’яўляецца сімвалам незалежнасці, яскравай адзнакай таго, што ў гэтым паселішчы дзейнічала самакіраванне.
Горад Ігумен (у 1923 годзе перайменаваны ў Чэрвень) свой герб атрымаў 22 студзеня 1796 года. Ён выглядае наступным чынам: у блакітным полі стаіць букет сярэбраных кветак, да якіх прыляцелі пяць залатых пчолак.
24 красавіка ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” Чэрвеньскую раённую бібліятэку наведаў Уладзімір Ягоўдзік, аўтар многіх кніг пра беларускую прыроду, а таксама на гістарычную тэму: “Сем цудаў Беларусі”, “Менеск і яго браты”, “Шлях Рагвалода”. З гэтай нагоды ў актавай зале сабраліся юныя чытачы.
− Пра што сведчыць герб вашага горада? – спытаўся пісьменнік.
У адказ прагучала шмат цікавых меркаванняў. Потым усе пагадзіліся, што кветкі – гэта сімвал Радзімы, а пчолкі азначаюць сумленных і працавітых людзей, якія любяць родны край, сваю мову і культуру. А інакш нельга жыць, бо можна апынуцца сярод трутняў, якія трапляюцца ў вуллях. Яны не збіраюць, а толькі ядуць мядок, таму іх праганяюць з пчалінай сям’і.
Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі пацвердзілі, што дзеці ў Чэрвені любяць роднае слова і ахвотна чытаюць па-беларуску. Значыць, трэба выдаваць як мага больш разнастайных кніг, адрасаваных Краіне Дзяцінства.