Кнігарня “логвінаЎ” адзначыла трэція ўгодкі чытацкім фэстам “Ланцуговая рэакцыя”. Свае творы па чарзе ў рэжыме нон-стоп мелі чытаць літаратары, якія выдалі летась кнігі ў выдавецтве “Логвінаў”. Мы зазірнулі ненадоўга ў кнігарню, каб пабачыць некалькі звёнаў пісьменніцкага ланцужка.
У ролі раптоўнага канферансье аказаўся паэт Сяргей Сыс, які каментаваў кожны выступ і задаваў аўтарам пытанні. Насту Манцэвіч ён пераконваў пісаць вершы, а Кірыла Дубоўскага — пераходзіць на беларускую мову.
Дубоўскі прачытаў адзінае апавяданне ў сваёй кнізе, напісанае па-беларуску, патлумачыўшы: “Нейкі беларускі дух усяліўся ў мяне, падняў маю руку — і я напісаў. А так я заўсёды на рускай мове пішу”. “Мяне і ў “Дзеяслове” па-руску друкавалі”, — дадаў ён. І Сыс тут жа ўчапіўся ў яго: “Табе што, цяжка па-беларуску пісаць?” “Так, цяжка, — адказваў Кірыл. — І па-руску таксама цяжка”.
“У вашых апавяданнях такая сатыра, якой нам вельмі не хапае, апалітычная”, — выказаўся адзін з чытачоў. “Сапраўды, палітыкі ў маёй кнізе няма”, — сказаў Дубоўскі. “Нашай літаратуры не хапае адсутнасці палітыкі”, — мудрагеліста рэзюмаваў Сыс.
Наступнай выступала паэтка Кацярына Зыкава. Яна прачытала некалькі вершаў са сваёй тоненькай кніжачкі, і здавалася, што за 20 хвілін, адведзеных па рэгламенце, можа лёгка прачытаць яе ўсю.
Павел Анціпаў пачаў выступ, адказваючы на любімыя пытанні ўсіх пісьменнікаў: “Пра што вашая кніга і чаму яна так называецца?”
“Кніга называецца “Дыпломная работа”, таму што я вучыўся ў вышэйшых навучальных установах два разы. Першы раз у эканамічным інстытуце. Я прыйшоў да свайго кіраўніка дыпломнай працы і сказаў, што ў мяне нічога няма. Яна цяжка ўздыхнула, дастала з-пад стала нейкі вялізны рукапіс і сказала: “Перадрукоўвай, гэта будзе твая дыпломная праца”. Другі раз я вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве, дзе, на жаль, не давучыўся, але ўсё адно вырашыў сабраць свае тэксты, якія там пісаў, у адну кніжку. У Літаратурным інстытуце дыпломная праца так і выглядае — вершы альбо проза, падпісаныя “Дыпломная праца”, — расказаў Павел Анціпаў і зачытаў апавяданне пра тое, як ён, седзячы без грошай у Маскве, уладкаваўся на працу ўпакоўшчыкам.
Сяргей Сыс тым часам сышоў, і ўся дзея, страціўшы імправізаванага мадэратара, зрабілася зусім сумнай. Ланцужок пісьменнікаў штораз перарываўся, бо не ўсе з заяўленых выступоўцаў прыйшлі, і звязваць яго даводзілася Паўлу Касцюкевічу, які чытаў апавяданні са сваёй пазалеташняй кнігі. Меншай рабілася і чытацкая плынь, часам здавалася, што ў кнігарні вось-вось застануцца адны аўтары, але тут жа туды завітвалі новыя людзі з новымі пытаннямі да пісьменнікаў. Чытацкая ўвага, яна такая, пераменлівая.
Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева