Археалагічны летнік пад Полацкам. Частка 3. Сядзіба невядомага феадала

28.07.2010 У краіне

0_013

Экспедыцыя полацкага археалагічнага легіёна на чале з шэфам-археолагам Маратам Клімавым у складзе пяці чалавек выправілася 2 ліпеня з Полацка — на пошукі сядзібы невядомага феадала ў вёску Лучна. Праз колькі дзён на месцы былой сядзібы бязлітасна грымела сотня рыдлёвак.

На паўночных землях Вялікага Княства, дзе дзьмухала цыклонамі Балтыка, дзе праз мяжу ўжо пачыналі аб’ядноўвацца расійскія землі, між XV і XVI стагоддзямі, на скрыжаваннях шляхоў стаяла сядзіба. Да імклівай і непрадказальнай Дзвіны выходзіла прыстань, а да Полацку можна было дайсці пешшу за некалькі гадзін.

0_01
Выгляд шкілета чалавек. Лучна. Раскоп 1999 году

Ежу ў той час падавалі ў якасным нямецкім посудзе. У першай палове XVI стагоддзя на феадальнае жытло абрынуўся пажар, хутчэй за ўсё, яго прыцягнула сюды вайна.

0_02
Выгляд зверху плошчы раскопа 2000 году

Культурны слой захаваў кісцень з вострымі шыпамі, аналагаў якому няма ў Беларусі, а таксама скарбы, рукамыйнікі, бранзалеты, наканечнікі стрэлаў, цвікі і посуд.

0_03
Кісцень і наканечнікі стрэлаў. Замалёўка 1999 году

Жыць археалагічнаму помніку заставалася нядоўга: на хуткаплыннай Дзвіне мусіла з’явіцца стабільная крыніца энергіі — ГЭС. Археолагам сёлета трэба было дакапаць помнік, які пачаў даследвацца ў 1998 годзе.
Сто юных альтруістаў патрабавалі праўды ад культурнага слою.

0_04
Раскоп 2010, Лучна

Шлях да раскопу вёў праз лес. Бліжэй да шостай ранку ўздоўж дарогі расцягвалася сонная працэсія з археалагічнымі прыладамі працы, нівелірам і металашукальнікам. Раскоп падзяляўся на квадраты і меў плошчу 1130 квадратных метраў.

0_05
Праца на раскопе

Пад спёкай хлапцы агалялі загарэлыя мужныя спіны, а дзяўчаты наладжвалі конкурс купальнікаў.

0_06
Практыкантка

Кожны з квадратаў прымаў у земляныя абдоймы аднаго капальніка і двух дзяўчат-перабіральшчыц. Існавалі таксама дзінасы, ці «насільнікі» — хлопцы з насілкамі, якія выгружалі перабраную глебу. Аднойчы двое хлапцоў-практыкантаў знайшлі самае зручнае месца для перабранага культурнага слоя — дарогу, па якой ездзілі машыны і аўталаўка. Да аднаго з іх перыядычна завітваў бацька. Яму параілі:
— Хочаш убачыць бацьку — больш не закопвай дарогу.

0_07
Перабіральшчыцы-стратэры

Лабаранты займаліся дакументацыяй, сачылі за парадкам, абвяшчалі перапынкі і таксама капалі.
Часам над раскопам раздаваўся радасны вокліч, і нехта з капальнікаў бег да шэфа, трымаючы ў руках патэнцыйна шэдэўральную знаходку. «Гэта выдатная, якасная гусеніца ад трактара ХХ стагоддзя», — расстаўляў шэф усё на свае месцы.

0_012
Марат Клімаў на раскопе

Многія па нязвыкласці блыталі квадрат раскопа з бабуліным агародам і ўпарта пераварочвалі земляныя камы, нібы намагаліся ў будучым пасадзіць тут бульбу.

Сярод сучасных жалезак, сярэднявечных чарапкоў і цвікоў, трапляліся таямнічыя крыжы, нажы, ключы, каштоўныя манеты і жаночыя ўпрыгожанні. Так, у 2002 годзе тут быў знойдзены скарб у 222 срэбныя манеты чаканкі Аляксандра Ягелончыка і Жыгімонта І Старога. Што да керамікі, то падавалася, што ў Сярэднявеччы ёй загружалі ўвесь дом, бо адбіткі посуду на раскопе грузілі мяшкамі.

0_08
Фрагменты падмурку забудовы у раскопе, 2010 год

Штогадзіну над раскопам разлятаўся доўгачаканы крык: «ПЕ-РА-ПЫ-НАК!». Капальнікі і перабіральшчыцы-стратэры разбрыдаліся па ценях, загаралі на мяжы раскопа і літрамі знішчалі ваду. Лабарантаў прымаў «ВАК» — вышэйшы пункт археалагічнага камандавання — бунгала, вырабленае з кустоў лазы.

0_09
Перапынак

0_010
Сняданак на раскопе

Узнікалі лакальныя спрэчкі: “—Я не буду з ёй капаць, яна там загарае і нічога не робіць, а я тут зямлю варочаю.” Ці так:
” — За гадзіну ён тры разы перасоўвае рыдлёўку, дайце мне іншага капальніка.”

0_011
Стаўка ВАК

Апоўдні праца падыходзіла да фінішу. Археолагі пакідалі раскоп. Іх чакалі пляжы Дзвіны і святы, беларускі мамант і футбол, начное вогнішча і таямнічае пасвячэнне.

на першым фота – Знаходкі

Працяг будзе.

Глядзі таксама:

Частка 2. Мабілізацыя кадраў

Частка 1. Невядомая зямля – “Палатыда”