Адкрыццё фотавыставы Томаша Тамашэўскага

13.12.2012 17:00 - 19:00 Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) Бясплатнае

13 снежня 2012 года а 17 гадзіне ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) адбудзецца адкрыццё выставы фатаграфіі Томаша Тамашэўскага (Польшча) “Гарантуецца атмасфера дабразычлівасці. Падляшша”.

На выстаўке, арганізаванай у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва Падляшскім ваяводствам Рэспублікі Польша праз Польскі Інстытут у Мінску, можна будзе ўбачыць серыю фатаграфій, прысвечаную побыту, працы і рэлігійна-абрадавым аспектам жыцця насельніцтва Падляшша, сярод якіх, як вядома, значную колькасць складаюць беларусы.

“Я пазнаваў гэтую краіну па здымках многіх маіх добрых сяброў, закаханых у Падляшскае ваяводства.

Цудоўныя, некранутыя лясы, птушкі і дзікія жывёлы, звілістыя і зарослыя рэкі – рамантычныя фатаграфіі, зусім іншыя, чым з цэнтральнай альбо паўднёвай Польшчы.

Калі я прыехаў сюды зімой напачатку 2011 года, выявы, якія былі ў памяці, супаставіліся з рэчаіснасцю –  і пацвердзіліся. Я быў зачараваны прыгажосцю пейзажа, але ён мяне не здзівіў, бо на гэтую тэму многае ўжо было сказана.  Таму я вырашыў  звярнуць увагу на людзей, якія таксама ствараюць пэўнага роду пейзаж. Яны  хутка сталі героямі маёй аповесці і некаторых з іх я прадстаўляю ў гэтай кніжцы.

Людзі Падляшскага ваяводства зацікаўлены і адкрыты да новага чалавека, талерантныя і адначасова моцна  звязаныя са сваімі рытуаламі, сваёй ідэнтычнасцю. Яны, крыху аддаленыя ад ілюзорнай цывілізацыі, увесь час звяртаюцца да старых добрых традыцый, а для мяне застануцца людзьмі больш чалавечнымі. Бо дзе б я не з’явіўся, яны пазітыўна і з усмешкай на вуснах сустракалі мяне і заўсёды стваралі непаўторную атмасферу. Атмасферу  добразычлівасці”.

Томаш Тамашэўскі, аўтар.

Томаш Тамашэўскі

Сябра Польскага саюза мастакоў-фатаграфікаў, агенства Visum Archiv у Гамбургу, агенства Image Collection у Вашынгтоне, а таксама Амерыканскага таварыства фатографаў для часопісаў. Займаецца фатаграфіяй для прэсы, публікуе свае працы як у важнейшых польскіх часопісах, так і найбуйнейшых замежных, такіх як:Stern”, “Paris Match, GEO”, “New York Times”, “Time”, “Fortune”, “Vogue”, “Die Zeit”, “Elle. Выдаў некалькі аўтарскіх кніг: “АПОШНІ – Сучасныя польскія габрэі” (тэкст Малгажата Незабітоўска), “У пошуках Амерыкі” (тэкст Малгажата Незабітоўска), “Цыганы Польшчы” (тэкст Ежы Фіцоўскі), “У цэнтры. Незвычайная Іспанія”, а таксама ілюстраваў сваімі здымкамі больш за дзясятак альбомаў розных аўтараў. Аўтар шматлікіх персанальных выставак у ЗША, Канадзе, Англіі, Ізраілі, Японіі, Галандыі, Італіі, Германіі, Польшчы і на Мадагаскары. Лаўрэат польскіх і міжнародных фатаграфічных узнагарод. На працягу 25 гадоў супрацоўнічае з часопісам “National Geographic”, у якім апублікаваў 18 фатаграфічных эсэ, а з 1999 з’яўляецца галоўным кансультантам яго польскага выдання. Выкладае фатаграфію ў Польшчы, ЗША, Германіі і Італіі. 

Выстава будзе працаваць з 11 снежня 2012 года па 5 студзеня 2013 года.

Аддзел выстаў – 2882468


Вам можа быць цікава

Выстава Вікторыі Крупскай «Філасофія колеру» ў Віцебску

30.04.2025 17:00 - 01.06.2025 18:00 арт-цэнтр Марка Шагала (вул. Савецкая, 25)

Майстар-класы па традыцыйных беларускіх спевах у Варшаве

10.05.2025 11:00 - 11.05.2025 15:00 фонд «Метамарфозы» (вул. Маршалкоўская 81/20)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ