27 траўня паэтэса Вера Буланда выступіла ў сваёй роднай Мсціжскай школе, што ў Барысаўскім раёне. Адбылася цікавая гутарка, можна сказаць, дыялог быўшай выпускніцы і сучаснага дырэктара школы Магеравай Людмілы Сяргееўны. Слухачы з радасцю даведаліся пра гісторыю Мсціжа і яго славутыя старонкі, якія пацвярджаліся і словам і фотадакументамі на экране.
Дарэчы, першыя ўзгадкі вёскі Мсціж Барысаўскага раёна адносяць нас у 1536 год, калі вёска была ўзгадана ў Літоўскіх метрыках у сувязі з маёмасным падзелам. На працягу шматлікіх стагоддзяў маёнткам валодалі Сапегі, Радзівілы, Тышкевічы, Саковічы, Храптовічы, Слізні, Булгакі і Валовічы.
Славіцца Мсціж яшчэ і евангеллем — рукапісным помнікам XIII — XIV стст. Напісаны царкоўна-славянскай мовай уставам у 2 слупкі, на 187 пергаментных аркушах. Уключае пачаткі тэкстаў Евангелляў ад Іаана, Мацвея, Лукі, чытанні ад Марка, Лукі і Іаана (уперамежку), саборнік (паказальнік евангельскіх чытанняў на святах). На палях зробленыя надпісы XVI ст.: зачыны асобных Евангелляў і інш.
Мяркуюць, што Мсціжскае евангелле прывезенае ў Беларусь з цяперашніх рускіх земляў. На 1-й і апошняй старонках у XVI ст. зроблены запіс, што мінскі бурмістр Васіль Лax ахвяраваў гэты асобнік царкве Святога Юрыя ў Мсціжы. Зберагаецца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літоўскай Рэспублікі.
Не менш цікава прысутным было даведацца, што найбуйнейшага росквіту маёнтак Мсціж дасягнуў пры ўладарстве тут Юзафа Слізеня. Юзаф сабраў вялікую калекцыю кніг (каля 7 000), манет і медалёў (каля 2 000), мінералаў і прадметаў мастацтва. У маёнтку была закладзена аранжарэя, а ў прысядзібным парку налічвалася 3 500 разнастайных раслін. Асаблівасцю Мсціжскага маёнтка для суседзяў з’яўляўся заапарк з экзатычнымі жывёламі, дзе значнае месца было адведзена птушкам. Тут можна было пабачыць паўлінаў, лебедзяў, буслоў, жураўлёў, канарэек, некалькі відаў папугаяў…
Насамрэч, ёсць такая вёска Мсціж –
Першая сталіца лёсу,
Дзе адзначаць твой прэстыж,
Дзе да смерці ў сэрцах носяць…
Вера Аляксандраўна падзялілася з землякамі сваёй радасцю – выхадам новай кнігі “Лагода”, якую прэзентавала школе і настаўнікам. А таксама ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой праходзіла сустрэчы, падарыла паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, майку з выявай Францыска Скарыны, плакаты “500-годнаць кнігадруку”.