Пытанне прасоўвання і абароны грамадскіх інтарэсаў у постсавецкіх краінах стаіць даволі востра: людзі часам выкарыстоўваюць няправільныя метады ці ўвогуле дзейнічаюць непублічна, але насамрэч значныя для грамадства змены рэдка атрымліваецца правесці менавіта такім чынам.
Па запрашэнні грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” і Цэнтра даследавання грамадскага меркавання SYMPA ў Беларусь прыехаў вядомы эксперт Звіяд Дэўдарыяні, дырэктар “Агенцтва грамадзянскага развіцця” (CiDA, Грузія), які ў адвакатуры ўжо 20 гадоў. Два дні спадар Дэўдарыяні сустракаўся з грамадскімі актывістамі Мінска і Віцебска, каб расказаць пра паспяховыя кейсы і правільныя метады працы з дзяржавай.
“У першую чаргу нашай задачай было давесці да Тбілісі голас рэгіёнаў, — кажа спадар Дэўдарыяні. — Гадоў з дзесяць таму актыўнасці ў рэгіёнах Грузіі ўвогуле не было, навіны краіны таксама факусаваліся на Тбілісі. Чым мы займаемся? Падтрымліваем былых вязняў, мігрантаў і перасяленцаў, працуем з тэлебачаннем, шукаем партнёраў”.
Для пачатку спадар Дэўдарыяні тлумачыць, чым ёсць адвакатаванне па сутнасці.
— Гэта альбо індывідуальная дзейнасць, альбо групавая кампанія, скіраваная на ўплыў грамадства на рашэнні ў палітычным, эканамічным жыцці краіны, а таксама ў розных сацыяльных сістэмах. Мы практыкуем розныя тыпы актыўнасці: кампаніі ў СМІ, публічныя заявы, лабіраванне і гэтак далей.
Што галоўнае ў справе адваката? Па словах спадара Дэўдарыяні, гэта дакладнае вызначэнне праблемы.
— Гэта можа прагучаць як рэч відавочная, але галоўнае — акрэсліць праблему, а таксама вызначыць, якія арганізацыі і інстытуты адказваюць за вырашэнне гэтай праблемы і могуць паўплываць на агульную сітуацыю.
Нядаўна ў Грузіі адбыўся вялікі скандал — у інтэрнэт трапілі ролікі сэксуальнага зместу з удзелам палітыкаў-жанчын. Нашай задачай было паказаць, што гэта не “палітыкі, якія вось так сябе паводзяць, кепскія”, а што людзі, якія робяць такія відэа і запускаюць у сеціва, нічым не лепшыя. То бок калі ў самой магчымасці такой сітуацыі вінавацілі генеральнага пракурора, то мы паказалі, што адказнасць нясе ўсё кіраўніцтва дзяржавы, а не толькі канкрэтна пракурор.
“Гэта тычыцца цябе”
Адзін з кейсаў, які прапанаваў разгледзець спадар Дэўдарыяні, — паспяховая кампанія “Гэта тычыцца цябе”, якая пачалася чатыры гады таму і працягваецца цяпер.
— Праблема была ў тым, што перад выбарамі 2012 года ў апазіцыі не было ніякай магчымасці трапіць у навіны. То бок палітычная дыскусія вялася не ў нацыянальным маштабе. Калі б тое працягвалася да канца выбараў, паўстала б лагічнае пытанне: ці можна лічыць такія выбары дэмакратычнымі?
У Грузіі ёсць некалькі невялікіх тэлеканалаў, якія давалі пляцоўку апазіцыйным палітыкам, але гэтыя каналы не бралі ў пакет кабельнага ТБ. Наша кампанія акцэнтавала ўвагу на змены ў заканадаўстве, якія дапамаглі б скасаваць такую несправядлівасць.
Урэшце ў нас атрымалася давесці да ўрада, што прынцып must carry, must offer неабходны, і апазіцыйныя тэлеканалы за месяц да выбараў былі ўключаныя ў пакет.
У 2014 годзе кампанія “Гэта тычыцца цябе” была адноўленая ў трохі змененым выглядзе. Пасля змены ўрада былі знойдзеныя 20 000 запісаных на CD файлаў, схаваныя ў зямлі. Усе гэтыя файлы — кампрамат на палітыкаў, грамадскіх дзеячаў. Канечне, рэакцыя ад новай улады мусіла быць — частка файлаў была знішчаная публічна. Але зразумела, што калі з’яўляецца такая колькасць файлаў, гэта не прыватная ініцыятыва, а дзейнасць пэўных структур.
Дэвізам нашай кампаніі стала “Нас ізноў праслухоўваюць”. Мы распрацавалі канцэпцыю “ключа”. Хто мае ключ да запісаў нашых размоваў? Мабільны аператар, які можа выдаць іх толькі па рашэнні суда? Альбо іншыя структуры? Адказ відавочны. І сэнс у тым, што зрабілі гэта “кепскія” людзі да 2012 года, але ці змянілася сітуацыя цяпер? Зразумела, што “ключы” знаходзяцца ў МУС, а такога быць не павінна.
Якім чынам мы дзейнічалі? Мы адкрылі сайт “Гэта тычыцца цябе”, перапрацавалі лагатып з 2012 года на новы. Спецыяльна для нас запісалі відэа знакамітыя грузінскія дзеячы — ад пісьменнікаў да спартоўцаў, якія казалі, што іх прыватнае жыццё іншых грамадзян не цікавіць і не мусіць цікавіць нікога. Мы праводзілі вулічныя акцыі — збіралі подпісы, напрыклад.
Абодва дні ў Беларусі ў мяне пытаюцца, ці сутыкаліся мы з непаразуменнем падчас такіх акцый. Абсалютна. Шмат хто кажа, “мяне дакладна праслухваць ніхто не будзе”. Але, калі ты хочаш глабальных зменаў, то нельга закрывацца ва ўласнай “зоне камфорту”. Маўляў, вось нас 20 чалавек, мы згодныя паміж сабой — нам камфортна. Трэба размаўляць з людзьмі, выносіць гэтае пытанне на абмеркаванне з усімі: ад таксістаў да найвышэйшых чыноўнікаў.
Чыноўнікам, дарэчы, мы раздалі флэшкі ў форме тых самых “ключоў” — запісалі на іх навагоднія песні. Правялі вялікую вулічную акцыю. Дарэчы, вось важны прынцып: мы не перакрывалі ўвесь праспект Руставелі ў Тбілісі, а пакінулі паласу для транспарту, каб сваёй дзейнасцю не выклікаць агрэсіі ў людзей, якія спяшаюцца на працу, бо гэта нашыя патэнцыйныя прыхільнікі.
Паводле нядаўняга апытання, 69 адсоткаў насельніцтва ніколі не стала б крытыкаваць уладу па тэлефоне — на ўсялякі выпадак. То бок праблема актуальная.
Чаго мы дамагліся? Мы падалі позву ў Канстытуцыйны суд, які прызнаў, што закон, які дазваляе праслухоўваць грамадзян, не адпавядае Канстытуцыі Грузіі. Тым не менш засталіся нюансы адносна інтэрнэту і гэтак далей. Таму цяпер наша задача — працягваць кампанію і далей мяняць заканадаўства, дапамагаючы рыхтаваць і прадстаўляць законапраекты.
Жаночы рух
Яшчэ адзін важны кейс, пра які расказваў спадар Дэўдарыяні, — жаночы рух у Грузіі.
— Рух з’явіўся ў 2014 годзе, калі са статыстычных дадзеных стала вядома, што за год з прычыны рэўнасці было здзейснена 25 забойстваў жанчын. Забіць мог не толькі муж, але і, напрыклад, былы муж. Але заканадаўства Грузіі не мае артыкулаў, якія скіраваных супраць крыміналу з гендарным кантэкстам.
Вялікая праблема Грузіі — вельмі мала мужчын, якія казалі б пра гвалт. Маецца на ўвазе гвалт не толькі фізічны, але і эканамічны. Добра, што няма праблем у сферы адукацыі, а вось, напрыклад, у сферы працы — ёсць. Заробак мужчыны і жанчыны можа моцна адрознівацца не на карысць апошняй.
Так сталася, што жанчына амаль не можа дазволіць сабе быць незалежнай. У дзяцінстве яна залежыць ад сям’і сваіх бацькоў, а пасля трапляе ў сям’ю на ролю жонкі, дзе правоў у яе не нашмат болей. Дарэчы, раннія шлюбы — яшчэ адна праблема, супраць якой выступіў жаночы рух, з яскравым перформансам “Ранні шлюб — гэта злачынства”. Правялі перформанс ля будынка парламента, яго заўважылі СМІ.
Жаночы рух стварылі жанчыны з розных сфер — грамадскія актывісткі, палітыкі, жанчыны, што займаюцца бізнесам. Яны кажуць, што ўзмацненне ролі жанчыны ў палітыцы правільна, бо 53 адсоткі насельніцтва Грузіі — менавіта жанчыны. Калі нехта кажа, што жанчына-палітык не можа быць роўнай мужчыну, то звычайна прыводзіць у прыклад каго-небудзь з тых 15 жанчын-палітыкаў, якія ёсць у краіне. Але дазвольце спытаць: 140 іх калег-мужчын — усе здатныя і добрыя палітыкі?
Жаночы рух прапанаваў праект пра квоты ў парламенце. Я, насуперак шматлікім крытыкам, лічу што прынамсі як часовы інструмент квоты нам патрэбныя, бо іначай зруху не будзе ніколі. 6 з 10 жыхароў Тбілісі падтрымліваюць такую сістэму. Але, на вялікі жаль, пакуль увесці квоты на ўзроўні закона не атрымалася, а гэта значыць, што Жаночы рух будзе працягваць сваю працу.
Адзінокі пратэстоўца
Больш за ўсё прысутных на мінскім і віцебскім семінары цікавала асоба Міхаіла Саакашвілі і змены ў жыцці Грузіі, у тым ліку жыцці грамадскім, у перыяд “да” і “пасля”.
— Ведаеце, у палітыцы няма адназначных асобаў. — кажа спадар Звіяд. — Саакашвілі ўвёў, напрыклад, Дамы юстыцыі, якія вельмі дапамагаюць пры адкрыцці ўласнага бізнесу. Прывёў у належны стан інфраструктуру краіны. Але ў пэўны момант яшчэ за часамі Саакашвілі з’явіліся праблемы з правамі чалавека. Пра іх, напрыклад, мы казалі калі абмяркоўвалі кампанію “Гэта тычыцца цябе”.
Што да палітыкаў і палітыкі, а таксама нашай справы — грамадскага актывізму, — то заўжды любіў знакамітае фота “Адзінокі пратэстоўца”: мужчына адзін стаіць насупраць калоны танкаў. Ніхто не ведае хто гэта — проста мінак ці насамрэч пратэстоўца.
Гэта добрая візуалізацыя майго любімага тэзісу: мы хочам нешта змяніць, але мы не ў большасці. Змяніць сістэму можна, інструментаў вельмі шмат, так, гэта вельмі непростая задача, і тут патрэбная вялікая воля. Трэба ўмець не толькі пратэставаць, але і дамаўляцца, супрацоўнічаць, прапаноўваць варыянты.
Сэнс у тым, што не бывае добрых ці дрэнных урадаў. Ніхто не хоча працаваць на цябе. А вось пытанне, наколькі мы можам уплываць на ўрад і наколькі можам нешта змяніць, —гэта ўжо пытанне дэмакратыі, і гэта пытанне да нас.
Юрась Ускоў,
фота – Зарына Кандрацьева (Мінск, Віцебск)
Майстар-клас у Мінску:
Майстар-клас у Віцебску: