Запушчаны партал «Гісторыя Беларусі» — сучасны рэсурс, дзе жадаючыя могуць пагрузіцца ў культурнае і гістарычнае мінулае Беларусі з дапамогай інтэрактыўных тэхналогій, піша «Наша Ніва». Беларуская гісторыя атрымала новую анлайн-прастору для знаёмства з ёй і больш глыбокага даследавання, гавораць стваральнікі рэсурсу.
Народны сакратарыят (урад) БНР у 1918 годзе. Фота: commons.wikimedia.org
Цяпер вы можаце паглядзець на Сафійскі сабор у Полацку проста на вашым працоўным стале з дапамогай AR і тэлефона. А таксама, дзякуючы штучнаму інтэлекту, партал можа распавесці пра часы ВКЛ нават дашкольніку — на зразумелай для яго мове, распавядаюць стваральнікі.
Партал прапануе тэхналагічны кантэнт: інтэрактыўныя 3D-мадэлі гістарычных аб’ектаў і функцыю штучнага інтэлекту, таксама з дапамогай сучасных тэхналогій ажывілі гістарычныя партрэты і карціны — вы можаце паглядзець на «ажыўшага» Кастуся Каліноўскага, Юзафа Панятоўскага і іншых.
Партал створаны дзякуючы падтрымцы беларусаў у Польшчы, праз іх дабрачынныя адлічэнні (1,5%) з падатковых дэкларацый у межах ініцыятывы «Будуй сваё» ад «Новай Беларусі», а таксама з дапамогай партнёраў — FaniMani і фонд Tutaka.
«Народы вакол нас часта прысвойваюць гістарычныя факты і постаці, не пакідаючы месца голасу беларусаў. Партал закліканы данесці свету праўдзівую гісторыю», — тлумачыць аўтар ідэі Антон.
Паводле Паўла Лібера, кіраўніка тэхкаманды «Новай Беларусі», на распрацоўку партала спатрэбілася паўгода.
«Партал першапачаткова пазіцыянаваўся як аб’ектыўны і кампактны рэсурс па гісторыі Беларусі для англамоўных журналістаў і гісторыкаў, каб яны не чэрпалі веды ў крыніцах, мадыфікаваных СССР і Расіяй. Але наша каманда дастаткова хутка зразумела, што такі прадукт патрэбны і для саміх беларусаў і беларусак, таму што ўнутры краіны гісторыя ўвесь час перапісваецца.
Пры гэтым прадукт атрымаўся вельмі тэхналагічным: увесь змест індэксуецца для наступных AI-запытаў, у праекце шмат графікі, 3D-мадэляў, магчымасць глядзець мадэлі ў дапоўненай рэальнасці з экранаў мабільных тэлефонаў», — адзначае ён.
Асноўныя мовы партала — беларуская, англійская і польская.