Паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк наведалі Уздзеншчыну 30 сакавіка.
Яркім і насычаным на творчыя падзеі быў апошні тыдзень для Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка. Творчыя сустрэчы прайшлі ў Азерскай СШ, у СШ вёскі Дзешчанка і Хатлянскім доме культуры.
Эдуард Акулін:
«Усе тры сустрэчы прайшлі пад сцягам літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень», а значыць, пад сцягам маладой беларускай паэзіі і песні. Асабліва эмацыйна падтрымлівалі нас вучні старэйшых класаў Дзешчанскай сярэдняй школы – за што атрымалі большасць узнагародаў ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», а сустрэчу з хатлянскімі школьнікамі наогул давялося перанесці ў мясцовы Дом культуры – столькі ахвотных было далучыцца да імпрэзы, якая сталася сапраўдным святам беларускага слова на радзіме Кандрата Крапівы і Паўлюка Труса».
Леанід Дранько-Майсюк:
«Сустрэчу ў СШ №10 Віцебска я распачаў з успамінаў пра цудоўную пісьменніцу – Лідзію Аляксееўну Абухаву, колішнюю выпускніцу гэтай школы і маю творчую апякунку. Гэта яна, прыехаўшы аднойчы ў Давыд-Гарадок у творчую камандзіроўку, заўважыла маю цікавасць да паэтычнага слова і параіла мне пісаць толькі па-беларуску. Пасля выступлення мы наведалі школьны музей, у які перадалі два лісты Лідзіі Аляксееўны, якія яна даслала мне падчас маёй службы ў войску”.
Вечарам 3 траўня паэты зладзілі сустрэчу з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі Віцебска ў вядомым культурным і грамадскім асяродку горада – Еўрапейскім клубе.
Творчыя выступы прайшлі ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!».