Сустрэча са старшынём Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антонам Астаповічам, журналістам і краязнаўцам Віктарам Хурсікам і каардынатарам кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ігарам Ляльковым адбылася 29 траўня ў пасёлку Першамайск.
Імпрэза ладзілася ва Уздзенскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. У ёй узялі ўдзел выкладчыкі ліцэя, супрацоўнікі раённага музея, а таксама мясцовыя краязнаўцы.
Цягам імпрэзы выступоўцы абмеркавалі пытанні аховы гістарычна-культурнай спадчыны Уздзеншчыны. Па словах Антона Астаповіча, значная колькасць культурных і гістарычных помнікаў Уздзеншчыны не знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Ён таксама звярнуў увагу на той факт, што грамадскасць можа паўплываць на палітыку дзяржавы ў гэтай сферы, і заклікаў прысутных браць актыўны ўдзел у акцыях, скіраваных на змяненне існуючай сітуацыі ў лепшы бок.
Выступ Віктара Хурсіка, аўтара вядомай кнігі “Белы лебедзь у промнях славы: Магдалена Радзівіл”, быў прысвечаны становішчу сядзібна-паркавага комплексу Завішаў у мястэчку Кухцічы, які ў мінулым належаў сям’і Магдалены Радзівіл. З усяго комплексу да сённяшніх дзён захаваліся толькі гаспадарчыя пабудовы, флігелі і кальвінскі збор.
Падчас мерапрыемства неаднаразова падымалася пытанне аб неабходнасці рэстаўрацыі комплексу Завішаў. Як зазначыў Ігар Лялькоў, пры канцы лета плануецца пачаць правядзенне працаў па кансервацыі комплексу для недапушчэння яго далейшага разбурэння.
Імпрэза ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
На фота: Сядзібна-паркавы комплекс Завішаў.
Фота з сайта http://travel.radzima.org