Беларускі праект “Канец словаў” даехаў да Львова ў межах 16-га Міжнароднага “Форуму выдаўцоў”, які ладзіўся з 9 па 13 верасня.
Ужо 16-ы раз у Львове праходзіць Форум выдаўцоў. Гэты фестываль упершыню прайшоў у 1994 годзе, і спачатку планаваўся як вялікі кніжны кірмаш. Некалькі гадоў таму было вырашана далучыць да яго паэтычную частку – паралельны з форумам літаратурны фестываль, які надае яму своеасаблівую афарбоўку і адмысловы шарм.
У межах літаратурнага фэсту на пяці пляцоўках на працягу тыдня адбываюцца чытанні, прэзентацыі выданняў, сустрэчы, выступы і музычныя акцыі.
Фестываль мае міжнародны статус, бо ў ім удзельнічаюць беларусы, расійцы, літоўцы, чэхі і, вядома, украінцы.
З беларусаў удзел у фестывалі бралі: Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў, Віталь Рыжкоў, Сяргей Прылуцкі, Максім Жбанкоў і Дар’я Сітнікава.
У межах фестывалю ладзілася выстава беларускага фотамастака Міхала Анемпадыстава, а таксама арт-акцыя “Канец словаў”, якая ўключала прэзентацыю календара з выявамі аголеных літаратараў і чытанні-тандэмы ўдзельнікаў арт-праекту: Віталя Рыжкова і Сяргея “Пістончыка” Прылуцкага.
Выстава Анемпадыстава ладзілася ў адметнай асобнай галерэі. У межах гэтай выставы адбыўся сумесны выступ Міхала і вядомага беларускага музыкі Лявона Вольскага.
“Канец словаў” – перакідны арт-каляндар, кожны месяц якога прысвечаны пэўнаму літаратару і змяшчае яго выяву, інтэрв’ю і кароткае эсэ.
Мадэратар імпрэзы, адзін з аўтараў календара “Канец словаў” Максім Жбанкоў:
– Гэта быў адзіны праект на фестывалі, які трактаваўся як арт-акцыя і праходзіў на асобнай пляцоўцы ў адной з найлепшых крамаў, у цэнтры гораду. Украінцы нават казалі, што даўно хацелі зрабіць нешта падобнае, але беларусы іх апярэдзілі. Пазітыўным падалося і запрашэнне на прэзентацыю праекту ў Кіеў.