Беларуская супольнасьць ладзіць імпрэзы да 120-х угодкаў Максіма Багдановіча. У Горках такая вечарына адбылася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” пры падтрымцы мясцовых прадпрымальнікаў і адміністрацыі раённага дому культуры, у якім і праходзіла вечарына. А напярэдадні дзесяць мясцовых бізнэсоўцаў абвясьцілі акцыю – той, хто будзе мець квіток з імпрэзы, атрымае зьніжку на іх тавары й паслугі.
Паслухаць вершы ды песьні на словы клясыка, а таксама прысьвечаныя яму, у дом культуры прыйшлі больш за пяцьдзясят чалавек. Выступалі горацкія паэты Лідзія Мініч, Натальля Ніканчук, Людміла Дзерушкова ды менскія госьці – сьпявачка беларускай дзяржаўнай філярмоніі Тацяна Грыневіч-Матафонава з сынам Адасём.
Грыневіч-Матафонава: «Я ўпершыню выступаю ў местачковым доме культуры. Часьцей даводзіцца сьпяваць у школах. Радуе, што людзі адказвалі на мае пытаньні. Значыць, ведаюць творчасьць беларускіх клясыкаў. Пасьля некаторых песень з залі чулася «брава», некаторыя Багдановічавы песьні людзі слухалі стоячы».
паводле www.svaboda.org