5 красавіка 2017 г. у Мсціслаўскім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці, у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Пяцісотгоднасць”, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, прайшла літаратурна-музычная імпрэза з удзелам гурта “Балцкі Субстрат” і сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў Віктара Жыбуля і Юрыя Несцярэнкі. Вядоўца імпрэзы, даследчык беларускай паэзіі 20-30-х гг. ХХ ст. Віктар Жыбуль распавёў публіцы пра жыццё і творчасць паэта і перакладчыка Юлія Таўбіна (1911 – 1937), творчы шлях якога пачынаўся ў Мсціславе, гурт “Балцкі Субстрат” выканаў некалькі песень на ягоныя словы (“У цемры летняе начы”, “Сталасць”). У выкананні “Балцкага Субстрату” гучалі кампазіцыі на словы Алеся Гаруна, Сяргея Дарожнага, іншых аўтараў, творы фальклорнага паходжання, у тым ліку песня, запісаная ў 1926 г. на Мсціслаўшчыне ад маці пісьменніка Максіма Гарэцкага (“Дубровушка”). Некалькі ўласных кампазіцый праспяваў вядомы блюзмэн і літаратар з Бялынічаў Юры Несцярэнка. У перапынку паміж выступамі музыкаў Віктар Жыбуль правёў сярод публікі адмыслова падрыхтаваную ім для імпрэзы віктарыну на веданне творчасці Юлія Таўбіна і гісторыі літаратурнага руху на Мсціслаўшчыне. Найбольш актыўныя і дасведчаныя яе ўдзельнікі атрымалі ў якасці прызоў падарункі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.