Вядома, гэта ўсё мая празмерная мудрасць вінаватая. Замежныя старцы ды малапісьменныя інакі (скарочана — СМІ) пачалі распускаць чуткі, што я, маўляў, для сваіх патрэбаў
скраў, маўляў, чарцёж Сафійскага сабора з Канстанцінопаля і пабудаваў чужое як сваё. Я, нібыта, парушальнік, нібыта, аўтарскіх правоў, злодзей і паўтарака.
Паехаў я ў Кіеў і там, у тым Кіеве, на чарговым з’ездзе князёў-уладальнікаў Сафійскіх сабораў, якіх нахабна абылгалі, прамову ціскануў.
Пачаў здалёк: “Вось возьмем, напрыклад, тых жа мусульман. Чаму ў іх жонак некалькі? Не таму, што адна жонка рады не дае. Як мы ведаем на сваім хрысціянскім прыкладзе, адной жонкі аж занадта. Тут іншая рэч: у адной жонкі можа характар сапсавацца ці яна ў студню ўваліцца, ці здрадзіць, урэшце. І тады як быць? Вось таму і трэба парачку жонак на запас мецека.
…Тое самае і з храмамі. Вось што рабіць, калі канстанцінопальскую Сафію мусульмане, барані Божа, захочуць у мячэць перабудаваць ці якому князю намуляе перайначыць яе на замак у заморскім стылі, ці ў музей, або ў іншае абы-што? І тады дзе скажаце агменю культуры і светачу хрысціянства туліцца?
— Мы зараз нічога не зразумелі, да чаго хіліш, вайны хочаш? — пытаюць князі-уладальнікі.
Ды не, адказваю, не хачу, а прапаную вам, мае абылганыя сябры, называць нашы свежапабудаваныя полацкую (1030–1060 гг.), наўгародскую (1045–1050) і кіеўскую Сафіі (1017–1037)
РЭЗЕРВОВЫМІ КОПІЯМІ.
…Адным словам, насілі мяне на тым з’ездзе на руках і нават у астрог, як вядзецца ў кіеўцаў, не запраторылі.
Вярнуўся я да сваіх у лес, адсвяткаваць паспяховы саміт. Гляджу, у маім начальніцкім логвішчы леў пасяліўся. “Зая, што за цырк?” — пытаюся.
— Хто? — нібыта недачуў Заяц. — Гэты леў? Ну, ты ж… ты ж у Кіеў паехаў, а ў іх традыцыя цябе ці ў астрог пхаць ці катлету па-кіеўску з цябе рабіць, дык мы падумалі… падумалі і завялі сябе рэзервовую копію.