Спякотным днём 20 жніўня каманда кампаніі “Будзьма беларусамі!” дабралася да горада Узда, што на Міншчыне. І трэба адзначыць, нагода для візіту была самая што ні на ёсць прыемная – запрашэнне на баль! Так арыгінальна жыхары Узды вырашылі адзначыць юбілей (а дакладней 155-годдзе) княгіні Марыі Магдалены Радзівіл, мецэнаткі і асветніцы, якая значную частку сваёго жыцця пражыла на Уздзеншчыне і зрабіла шмат карыснага: фінансавала дзіцячыя прытулкі, бальніцы, выдавецтвы, таварыствы, кнігі класікаў беларускай літаратуры, першыя беларускія газеты, адкрывала беларускія школы, будавала жалезныя дарогі. З гербам яе роду “Лебедзь” выдадзены першыя кнігі беларускіх пісьменнікаў: Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Ядвігіна Ш, Якуба Коласа.
Такім чынам у гонар сваёй знакамітай зямлячкі на плошчы горада адбыўся сапраўдны баль з танцамі, забаўкамі і прыгожымі дамамі і кавалерамі. Кампанія “Будзьма беларусамі!” таксама прыняла ўдзел у імпрэзе. Каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Мінскай вобласці Святлана Чакушка распавяла пра мэты і задачы кампаніі і пазнаёміла уздзенцаў з новай акцыяй кампаніі -“Разам да справы!” – , асноўная мэта якой – не толькі асвета, але і матываванне актыўных, але часта разрозненых частак грамадства да супольных дзеянняў, да аб’яднання досведу на карысць агульнай справы, каб зрабіць лепей якасць жыцця пэўнага асяродка, мястэчка ці горада, а ўсім разам – нашай краіны.
Знаўцы біяграфіі Марыі Магдалены Радзівіл за свае веды і кемлівасць змаглі атрымаць цікавыя падарункі ад кампаніі, якія былі разыграныя падчас адмысловай віктарыны. У фонд мясцовай бібліятэкі былі перададзены ў падарунак цікавыя кнігі і часопісы. Сапраўды прыемным і нечаканым сюрпрызам для гледачоў стаў выступ таленавітай спявачкі і музыканта Таццяны Грыневіч–Матафонавай, які прайшоў у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” . Спявачка падарыла ўсім прысутным шчырасць беларускай песні, моц і унікальнасць свайго таленту. “Гэта неверагодна! Які фантастычны голас! Такога мы ніколі ў жыцці не чулі!” – гледачы былі ў захапленні ад пачутага.
Хочацца шчыра падзякаваць арганізатарам свята за запрашэнне і гасцінны прыём і спадзявацца на новыя сустрэчы з жыхарамі Уздзеншчыны.